Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожны можа выбраць свабоду


Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла».




Не сакрэт, што вызвольнае паўстаньне 1863-1864 гадоў расейская гістарыяграфія ды ёйнае мясцовае пазадзьдзе, называюць «польскім». Мы ведаем, што гэта — імпэрская хлусьня, і ня месца тут зь ёю змагацца. А скажыце, калі ласка, ці ёсьць зьвесткі аб прадстаўніках іншых народаў, якія разам з нашымі продкамі (яны складалі большасьць інсургентаў) ды іхнімі пабрацімамі-палякамі бралі ўдзел у паўстаньні, рызыкавалі жыцьцём і гінулі за нашу свабоду?

Цімох, студэнт-гісторык



У свабоды няма нацыянальнасьці, але ёсьць радзіма — вольная чалавечая душа.

Змаганьне за свабоду, за вызваленьне ад іншаземнага прыгнёту ўва ўсе часы прыводзіла пад свае сьцягі вальналюбных людзей незалежна ад паходжаньня. Не было выняткам і паўстаньне 1863 году.

На жаль, грунтоўнага дасьледаваньня на гэтую надзвычай цікавую тэму пакуль што, наколькі мне вядома, няма. Але зьвестак аб тым, што сярод каліноўцаў з царскімі карнікамі ваявалі ня толькі тутэйшыя, вельмі шмат.

На самым пачатку паўстаньня аддзел з 150 шабляў і стрэльбаў на чале зь Людвікам Звяждоўскім, што меў кансьпірацыйную мянушку Тапор, раптоўным начным ударам захапіў горад Горы-Горкі на ўсходзе Беларусі. Раніцой да змагароў далучыліся некалькі дзясяткаў студэнтаў Горацкага земляробчага інстытуту. Сярод іх быў дваццацігадовы вольны слухач гэтай навучальнай установы Апалон Сокалаў — этнічны расеец, бацькі якога паходзілі з унутраных губэрняў імпэрыі. Апалон заставаўся з Тапаром да самага моманту вымушанага роспуску аддзелу і рашэньня па адным прабівацца на захад.

Агентам Віленскага паўстанцкага камітэту быў Дзьмітры Базанаў, які займаў пасаду пісара ў Троцкім павеце. У матэрыялах сьледчай камісіі значыцца. «Удивляться нужно дерзости и энергии Базанова; он один из самых деятельных членов комитета и отправлял мятежникам большие транспорты с оружием». Захаваўся дагератыпны партрэт Дзьмітрыя, зь якога глядзіць малады чалавек, падобны ў маім уяўленьні да герояў Дастаеўскага.

Зазначу, што паўстанцаў кшталту Сокалава й ягоных суайчыньнікаў судзілі значна больш жорстка параўнаўча з карэннымі жыхарамі «Северо-Западного» краю. «Измена государю и отечеству» з боку расейцаў лічылася найбольш цяжкай. Пастановаю ваеннага суду Апалона пазбавілі дваранства з усімі маёмаснымі правамі й выслалі на 12 гадоў катаржнай працы ў сыбірскія капальні, дзе, як выглядае, і згасла ягонае нядоўгае жыцьцё.

Уважлівыя чытачы раману Ўладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» мусяць памятаць не зусім звычайнага героя — чарнаскурага юнака Янку, што выхоўваўся пры адным са шляхецкіх двароў. Лёгіка падзеяў павінна была прывесьці пасталелага Янку разам зь сябрамі дзяцінства ў шэрагі паўстанцаў. Названага літаратурнага героя можа ўспрымаць проста як плён пісьменьніцкай фантазіі. Аднак я ўпэўнены, што Караткевіч быў знаёмы зь «беларускімі» нататкамі вядомага расейскага літаратара Мікалая Ляскова, што падарожнічаў па Літве-Беларусі якраз у той неспакойны час і пакінуў запіс пра захопленага ў палон параненага інсургента-мурына.

У Літоўскі камітэт — нелегальны цэнтар падрыхтоўкі збройнага выступу — уваходзіў італіец, сьпявак і танцмайстар Ахіла Банольдзі, імя якога ўжо згадвалася ў нашай праграме. Італія была радзімаю продкаў яшчэ аднаго знакамітага паўстанца — мастака Міхала Анрыёлі. Ён (дарэчы, разам з Францішкам Багушэвічам) ваяваў у аддзеле аднаго з кіраўнікоў паўстаньня Людвіка Нарбута і пакінуў своеасаблівы мастацкі летапіс змаганьня.

Кажуць, што Айчыну не выбіраюць.

Але кожны можа выбраць свабоду.

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG