Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цёмнае мінулае Каяна Лупакі


Янка Купала. Над ракой Арэсай.

Янка Купала. 1941
Янка Купала. 1941
Калі ўявіць беларускую літаратуру ў выглядзе табліцы Мендзялеева, то на першы погляд здаецца, што падабраць у ёй месца для Янкі Купалы ня так ужо й цяжка. Тытан, плятына, золата — што яшчэ? Палядый — са сплаваў якога дзе-нідзе яшчэ робяць зубныя пратэзы? Але больш дарэчна будзе адвесьці Купалу месца недзе сярод лятучых газаў: гелій або вадарод. Ім дагэтуль напаўняюць беларускі дырыжабль, каб узьняць гэтую махіну ў паветра — але пры гэтым, стварыўшы свае шэдэўры, Купала выпарыўся калісьці са сьвету сапраўднай літаратуры, не раўнуючы газ празь дзірку ў абалонцы. На апошнім дзесяцігодзьдзі свайго жыцьця. Не перастаючы пісаць, друкавацца і лічыцца паэтам.

...У пачатку сьнежня 1930 года з брамы аднаго зь менскіх шпіталёў выйшаў бледны чалавек з вачыма пустымі, як пасьля ночы ў казіно. Выйшаў — і ледзь не патрапіў пад чорны шэўрале, які праяжджаў міма. Звалі чалавека Каян Лупака. Яшчэ зусім нядаўна ягонае імя гучала крышачку інакш і абавязвала да... Ня так важна, да чаго яно абавязвала — чалавек, які толькі што выйшаў са шпіталю, вырашыў раз і назаўсёды разьвітацца з усімі сваімі ранейшымі абавязкамі і намерамі. Гэта быў зусім новы чалавек, зьлеплены іншымі людзьмі са смалы і дзёгцю, скалочаны з драўляных страхаў, склеены са старых газэцін — нават калі ён ішоў, чулася, як шалясьціць на ветры папера, што вылезла з-пад шва, і пранізьліва паскрыпваюць яшчэ не прыгнаныя добра адна да адной часткі. А калі ён пачаў пісаць вершы — яны таксама рыпелі: «ну-у» і вохалі: «вох-вох». Але «калісь у майстэрні склёпваў рысоры, складваў шасьцерні» — што ж я, пясьняр, прафэсійны паэт, паэму не напішу? думаў Каян Лупака і ішоў сабе далей, а чорны шэўрале паволі ехаў ззаду.

Той чорны шэўрале
Той чорны шэўрале

Той, ранейшы, зь іншым імем, хацеў памерці; Каян Лупака хацеў жыць.

Захар Прылепін (нацбол, вядома, але і пісьменьнік, пісьменьнік) апісвае ў сваёй кнізе пра расейскага клясыка Лявонава атмасфэру, у якой жыла савецкая літаратура 30-х гадоў. «Які выбар быў тады? Не даваць веры вачам? Замружыцца, накрыць галаву рукамі і бегчы? Куды? Ад каго? Ніхто ня ўцёк, ніводзін. Усе засталіся жыць, бо гэта зноў было — жыцьцё. І ніякага іншага не прадугледжвалася». Усе, хто меў волю эміграваць, зьехалі; іншыя перасталі пісаць; нязгодных расстралялі; згаданы вышэй Лявонаў стараўся пісаць сваё, наколькі гэта было магчыма, вонкава падтрымліваючы ўладу і паслухмяна падымаючы руку на галасаваньнях. Янка Купала мог уцячы — ды хаця б падчас сваіх падарожжаў у Чэхаславаччыну. Але ня ўцёк і тым падпісаў сабе прысуд. Каян Лупака прыняў правілы гульні без агаворак ці хаця б унутранага супраціву — бо ня мог інакш, для таго ён і быў створаны замест таго, ранейшага, іншага.

Гаспадары Каяна Лупакі шмат чакалі ад свайго драўлянага жаўнера. І неўзабаве ён пачаў спраўджваць чаканьні. Надрукаваў у галоўнай газэце аб’яву пра сваё цудоўнае нараджэньне. І ўзяўся — са скрыпам, з шэлестам, зь дзёгцевым смуродам — за абяцаную паэму.

Рукапіс уступу да паэмы "Над ракою Арэсай". Фота: archives.gov.by
Рукапіс уступу да паэмы "Над ракою Арэсай". Фота: archives.gov.by
«Над ракой Арэсай» — насамрэч працяг і заканчэньне той гісторыі, якую пачаў калісьці Янка Лучына ў сваіх «Паляўнічых акварэльках з Палесься». Прыгадайма ягоных палешукоў, якія мараць пра сьветлае ікееўскае заўтра назло Шапэнгаўэру, і пра тое, як яны «за стол шырокі сядуць у бяседзе братняй і скажуць: „Шчасьце і да нас прыйшло!“» Паводле Каяна Лупакі, шчасьце прыйшло да палешукоў у выглядзе брыгады камунараў. Злых і бязьлітасных: чаго яшчэ чакаць ад прышлых людзей з Самары, для якіх балота — усяго толькі шэсьць пустых клетачак у ідэалягічным красвордзе. Чымсьці гэтыя камунары, якія прыйшлі забіваць балота, нагадваюць канкістадораў мінулага. «Жаданьне ладзіць новы лад» сюды іх прывяло. Прывалаклі з сабой «палаткі, пілы, тапары». Спачатку, піша Каян Лупака, іх было няшмат: «Вясной зьявілася іх сем сьвет новы будаваць» — але потым кароль пасылае новыя караблі: увосень «прыйшло яшчэ іх семдзесят і пяць». Укленчылі, памаліліся свайму богу, уторкнулі ў зямлю чырвоны сьцяг і ўзяліся «цывілізаваць» дзікуноў. «А хто там ідзе?» — спыталі палешукі, «Конь в пальто» — змрочна адказалі камунары, заклапочаныя тым, як ім даць насельнікам краю «колькі хочаш мыла». Ну, і ясьлі з прачкарняй, вядома. Дэзынфэкцыя, ясная справа.

...Гэх, Каян Лупака. Ці адчуваў ты ў нутры сваім драўляным цьмяны, ціхі боль, ці, хутчэй, цень ампутаванага болю, які застаўся ў табе ад таго, ранейшага, зьнішчанага? Ці адчуваў нейкі рэцыдыў сораму? Той, на месцы якога ты зьявіўся, ставіўся да жывога зусім інакш. «Зямлі старое папялішча» ажывала ў яго само, без камунарскае і чалавечае дапамогі. І як ажывала! Той, ранейшы, любіў вясну, і гэта была паэзія. У першых радках сваёй паэмы Каян Лупака апісвае палескую прыроду ледзьве не зь нянавісьцю — тое, чаго ягоны папярэднік ніколі б ня здолеў. Але ж як палескі крумкач у паэме, які зьвешвае глюгу, ці тамтэйшы лось, які высоўвае храпу, не вінаватыя ў тым, што яны гэта робяць, так і Каян Лупака не вінаваты ў тым, што піша. Ён жа вам не Купала які-небудзь.

Калінін уручае Купалу ордэн Леніна
Калінін уручае Купалу ордэн Леніна

Чаму іх прыйшло ўвесну семдзесят і пяць? Пяць — гэта, мусіць, камунарска-канкістадорскае начальства. Праз усю паэму клэпае над ракой Арэсай такі сабе таварыш Модзін, маскаль, фанатык і камуніст. З усіх пэрсанажаў, створаных як Купалам, так і Лупакам, гэты — самы, відаць, пляскаты і няздарны. Таварыш Модзін гаваркі, як радзіва, і нудны, як часопіс модаў. У параўнаньні зь ім Мікіта Зносак — жывейшы за ўсіх жывых, і ня толькі праз свой канфармізм. Проста Мікіта — чалавек, а таварыш Модзін — створаны Каянам Лупакам голэм.

Камунары бяруцца за справу, «працуй — ды весела пяі», паэтычна фармулюе Каян Лупака галоўнае патрабаваньні эпохі. Але і канкістадоры з-пад Самары — таксама людзі. Забаваў мала. Правялі сход, паганялі адшчапенцаў — тыя, бачыце, намёт асобна ад усіх паставілі, і весела пяяць не жадаюць. Але тым, хто застаўся ў камуне, усё адно чагосьці хочацца. Палеская прырода кожным сваім дрэўцам падказвае, чаго, але ім усё адно няўцям. Урэшце здагадаліся: бабу! І тут у паэме Каяна Лупакі надыходзіць момант, які трохі ажыўляе гэты драўляна-алюмініевы твор. На трыбуну выходзіць таварыш Модзін, у якога ўжо ажно зубы зводзіць ад юру, таму і гаворыць ён гэтым разам неяк няскладна:

«Буду коратка мець слова, —
Кажа ён, як бы меў клопат, —
Для камуны нашай новай
Жанчын трэба, ну, і ўсё тут».

Згаладнелыя камунары, якія дагэтуль збольшага задавольваліся рукамі па сасоньніках, рэагуюць дзікім ухвальным лямантам:

«Трэба! Трэба! — стогалосна
Загучэла гулка маса,
Ажно рэха пайшло ў соснах
Ад тэнораў і ад басаў.»

Задаволены таварыш Модзін прапануе прыняць адпаведную пастанову і загадвае рыхтавацца да бязьлітаснага паляваньня:

«Ліквідуйце гаспадаркі —
Парасят, авечак, коні,
І прывозьце ў камуну
Камунарак хоць сягоньня!»

То бок пры адсутнасьці кабет сапраўдны камунар можа пераспаць і з авечкай. Таварыш Модзін сьвята верыць, што «жанчына пры ахвоце не паддасца ўжо нікому» — і хай гэтая загадкавая фраза застаецца на сумленьні Каяна Лупакі.

...Але як жа «Яна» і як жа «Я», бедны Каян, небарака Лупака? Ці ня памятаеш ты іншай паэмы — той, дзе не было гэтай камунарскай парнаграфіі, але былі

«нявіданыя дзівы», якія
«нас абымалі крыльлямі сваімі,
Шапталі мне: вазьмі яе, шчасьлівы!
Шапталі ёй: сабе яго вазьмі!»

Той, ранейшы, клікаў для Беларусі Прарока, Песьняра, Ваяка, Уладара. Каян Лупака наклікаў радзіме юрлівага ідыёта таварыша Модзіна, які і прарок, і пясьняр, і ваяк, чалавек з ружжом, у адной асобе, і — уладар. Гэта таварыш Модзін падганяе Каяна Лупаку вечарамі і начамі: пішы хутчэй, пішы, пішы давай. І Каян піша. А пад раніцу яму сьніцца лесьвічны пралёт — глыбокі, цёмны, нічога не відаць, зь цемры чуюцца гукі валтузьні, нібы нехта кагосьці душыць, і ўздымаецца адтуль злавесная пара... Да чаго б гэта? — думае Каян Лупака. Спытаць бы таго, ранейшага...

Нават на дзіва неназіральны Якуб Колас заўважае ў сваім калегу зьмены і пачынае яго стараніцца. Калісьці той, ранейшы, пісаў пра Коласа з пачуцьцём уласнай перавагі: «Колас гнецца ка мне, як я полем іду» — але да Каяна Лупакі, які піша пра камунараў, ніхто ўжо ня гнецца, за ім гоняцца, і ён сьпяшаецца.

Рабочыя саўгасу "10 год БССР". Месца дзеяньня паэмы
Рабочыя саўгасу "10 год БССР". Месца дзеяньня паэмы

...Сваю Амэрыку самарскія канкістадоры заваявалі. Навезьлі жанчын і трактароў. Саўгас для тубыльцаў пабудаваны: для мэтысаў тут ня толькі ясьлі, прачкарня, лазьня, аптэка і акушэрка («служыць, ну, за бабку» — тлумачыць Каян Лупака), а і радыё, тэлефон, тэлеграф, інтэрнэт, суцэльны кімірсэн і рабфакаўкі па зьніжаных коштах. Каян Лупака не саромеецца — дарма што напрыканцы паэмы ён дазваляе сабе асьцярожна ўсумніцца:

«Ёсьць, напэўна, недахопы,
Бо як жа іначай?»

Але тут жа папраўляецца і кажа, што сам «іх ня бачыў». Бо хто бачыў — той і адказвае. А Каян ня хоча ні за што і ні за кога адказваць. За таго, ранейшага, і пагатоў. Той, ранейшы, шмат напісаў такога, за што яму давядзецца адказваць. Як неабачліва! Вось, напрыклад, такія абяцанкі:

«Ёй не патрэбна ўсясільных прынука,
Службы лакейскай ня знае яна»...

Гэта ён пра песьню сваю піша, пра творчасьць, значыцца. Каян пра такое ніколі і нідзе не абвяшчаў. Асабліва ў пэрыядычным друку. НІ-РА-ЗУ. Прынука ўсясільных і лакейская служба: нейкі нацдэмаўскі лексікон. Ці, вось, палюбуйцеся, гэта ўсё ён, ён, ранейшы, не Каян, не:

«І засумуецца патомак,
Калі дазнаецца аб нас...
І ўсё паліча, пераліча...»

Гэта хто яму даў права такое? — крычыць Каян Лупака. Сумаваць ды лічыць, на сьвятое замахвацца! Склады месцамі мяняць!

Хутчэй, таварыш Лупака, хутчэй — раздражнёна гыркаюць з чорнага шэўрале. І ён, ужо спатыкаючыся, ужо нават рымуючы «гераізм» з «сацыялізмам» — той, ранейшы, ня скочваўся да такога нават у найгоршых сваіх вершах — задыхаючыся, ставіць кропку. І тады Каян Лупака раптам чуе сьмех:

«А над імі зьбеядуха,
Папаўзуха-завіруха,
Сьнежнай хустаючы вехай,
Захліпаецца ад сьмеху».

Ну і хай сабе захліпаецца, думае Каян. Хай зьбеядуха, яна ж папаўзуха, яна ж завіруха. «Над ракой Арэсай» дагэтуль вывучаюць у школе, так што Каян Лупака вас усіх перажыў. І таго, ранейшага, таксама.

Але пра таго, ранейшага — іншым разам.



Ранейшыя фрагмэнты сэрыі:


Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Бог ня роўна delete (Францішак Багушэвіч)
Сумны крошынскі джаз (Паўлюк Багрым)
Шапэнгаўэру назло (Янка Лучына)
У чаканьні войта (Гутарка Данілы са Сьцяпанам)
Белагаловая без галавы (Саламея Пільштынова)
Усё цьвітуць і цьвітуць тыя макі… (Тарас на Парнасе)
Курсіў чарнакніжніка (Ян Баршчэўскі)
Карыда па-беларуску (Мікола Гусоўскі)
Нашы душы з дынаміту (Цётка)
Інтымны дзёньнік Макса Б. (Максім Багдановіч)
Невыносная зычнасьць шыпячых (Ядзьвігін Ш.)

Глядзець камэнтары (30)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG