Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мой Дэпардзьё


1991 год. Жэрар Дэпардзьё атрымлівае амэрыканскі "Залаты глёбус" за фільм "Від на жыхарства".

Жэрар Дэпардзьё атрымаў расейскае грамадзянства ад Пуціна. Толькі лянівы ў сеціве цяпер ня кпіць, ня зьдзекуецца, не крытыкуе францускага актора.

Цалкам справядлівае абвінавачаньне — ён супрацоўнічае з дыктатарамі — запісаў песьню разам Гюльнарай Карымавай, дачкой прэзыдэнта Узьбекістану Іслама Карымава, вядомага ў міжнароднай супольнасьці жорсткімі мэтадамі кіраваньня^; падтрымліваў чачэнскага дыктатара Рамзана Кадырава, быў госьцем на ягоным 36-годзьдзі. Цяпер вось папрасіў пашпарт у аўтарытарнага кіраўніка Расеі Пуціна і атрымаў расейскае грамадзянства. Мог бы і ад Аляксандра Лукашэнкі атрымаць, каб папрасіў...

"Граф Монтэ-Крыста"
"Граф Монтэ-Крыста"
Я з усім гэтым пагаджаюся. Але крытыкаваць Дэпардзьё сёньня ня буду. На маю думку, ён адзін з найвялікшых актораў сьвету. Артыст, які можа аднолькава таленавіта сыграць як пралетарыя, так і арыстакрата. Ягонага Дантона, графа Монтэ-Крыста, Сірано дэ Бержэрака не перакрэсьліш, як і ягоныя ўвасабленьні ў стужках Труфо, Бэрталучы, Рэнэ, Вэбэра, Бліе. Француская клясыка — Гюго, Дзюма, Заля, Друон ды іншыя — для многіх успрымацца праз экранізацыі з удзелам Дэпардзьё. Нават калі скандал з уцёкамі ад высокіх падаткаў, з расейскім грамадзянствам не забудзецца, кіно застанецца.

Салжаніцын пры канцы жыцьця сымпатызаваў «гэбісту» Пуціну і, як многія лічаць, напісаў кнігу з антысэміцкім зьместам «200 гадоў разам», але застанецца ягоны «Архіпелаг ГУЛАГ» і «У крузе першым».

Забудзецца сэксуальны скандал і судовы перасьлед кінарэжысэра Рамана Палянскага, а застанецца ў гісторыі сусьветнага кіно ягоны «Піяніст» і «Дзіця Розмары». Пра скандальную рэпутацыю многіх клясыкаў сусьветнай літаратуры і мастацтва мінулых стагодзьдзяў памятаюць цяпер толькі дасьледчыкі. Моцарт ці Дастаеўскі спускалі ўсе грошы дашчэнту ў казіно, а мы слухаем «Рэквіем» і перачытваем «Бесаў».

Як піша Дэпардзьё ў адкрытым лісьце францускаму прэм’еру, «я ня кідаю камень у тых, хто мае высокі халестэрын, ціск ці дыябэт, ужывае алькаголь і засынае за рулём сваіх матацыклаў. Я ж адзін зь іх, як любяць казаць СМІ».

У фільме "Вальсоўшчыцы" Бертрана Бліе.
У фільме "Вальсоўшчыцы" Бертрана Бліе.
І хай кажуць. Хай Дэпардзьё выбірае для сябе пашпарт любой аўтарытарнай краіны, дзе падатак 13 працэнтаў, а не 75, як хочуць зрабіць левыя ў Францыі. Хай ён любіць віно і ўчыняе скандалы на борце самалёта, хай разьбівае свае матацыклі, хай становіцца аб’ектам сьвецкай хронікі і мішэньню палітычных абвінавачаньняў, што можа быць і справядліва.

Але я не судзьдзя. Я, аматарка кіно, заўсёды буду мець у хатняй калекцыі ягоныя фільмы «Апошняе мэтро», «Зайздрасьць багоў», «Ватэль», «Вальсоўшчыцы», «Дваццатае стагодзьдзе», «Суседка», «Форт Саган» ды іншыя. Дарэчы, сьпіс фільмаў з Дэпардзьё будзе даўжэйшым, чым паслужныя сьпісы ягоных крытыкаў...

Глядзець камэнтары (76)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG