Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кракаўскі сплін


Кора (з гуртам «Маанам») у 1984 годзе

Другая палова 1980-х. На сьценах у Горадні назвы польскіх гуртоў. Чаканьне раз на тыдзень «тэлевізійнай лісты пшэбоюў», канцэрту польскіх шлягераў па «Варшаве», якая «цягнула» ў Горадні.

І самыя вядомыя гіты па «труйцы», трэцяй праграме Польскага радыё. Гэта было часткай майго жыцьця і многіх гарадзенцаў.

1990-ы, здаецца, год. Ня ведаю, каму было дзякаваць, але ў нас зрабілі па чарзе канцэрты самых-найсамых. «Лэдзі Панк», «Лёмбард», «Комбі». Першыя два выступілі ў палацы культуры «Юнацтва», побач з нашым домам. Неверагодна! «Комбі» — у Доме афіцэраў, былым польскім «Доме стральца2. І песьня з прысьвячэньнем Горадні...

Але самы любімы гурт — «Маанам» — так і не прыехаў. Не дачакаўся. Назва незразумелая, згодны. Але цікавыя вершы, разнастайная музыка. Баляды, выдатныя танга нават. Прозьвішчы блізкія. Вольга Аляксандра Астроўска, яна ж Кора, сьпявачка, душа «Маанаму». Заснавальнік, яе першы муж — Марэк Яцкоўскі. Я ведаў двух Яцкоўскіх, аднаго з Магілёву, другога з Горадні. Другі муж — Каміль Сіповіч.


Кора. Вытанчанасьць, інтэлігентнасьць, але таксама жарсьць і моц. Правакавалі яшчэ тэксты, якія яна піша і сьпявае. Пра каханьне, прычым тэксты ня самыя цнатлівыя. Але вельмі паэтычныя.

Przyjdź do mnie w nocy
Zza siedmiu gór i mórz
Kocham, gdy mnie dotykasz
Choć nie dotyka się róż.

«Калі мяне кахаеш, як ты кажаш, пашукай яблык вечнага каханьня з чарадзейнага саду», — сьпявае Кора. Сьпявала. Рак. Яна змагаецца за жыцьцё. Няпросты лёс. Маленства ў дзіцячым доме. Пры жывых бацьках. Але пазьней — кар’ера зоркі, слава. Узнагароды. Нават Афіцэрскі крыж ордэну адраджэньня Польшчы. Як для дзяячкі культуры.

Кора публічна паведаміла, што захварэла. І зьвярнулася да землякоў: дапамажыце. Лекі каштуюць 24 тысячы злотых. Штомесяц. Шэсьць тысяч даляраў. Адны ёй спачуваюць, асабліва кабеты: чаму дзяржава не дапаможа? Іншыя кпяць. Зоркі шмат зарабляюць, трэба было адкладаць на чорны дзень! Іншая пані: крытыкавала польскае і насьміхалася з нашага патрыятызму, а цяпер хоча грошай ад палякаў-патрыётаў? Першы камэнтар атрымаў дванаццаць лайкаў. Другі — тры.

Сумна.

У песьнях Коры мэлянхалічны настрой, «сьпяць каты, горад сьпіць, чарадзейныя бачаць сны». Сьпявае пра катоў, а на руках сабачка звычайна. Заўсёды зьдзіўляла.


Люблю яе баляды. Хаця самы-самы — «Кракаўскі сплін»: «Сонца высока-высока сьвеціць пілётам у вочы. Нястомна сагравае халодныя нябесныя прасторы». Сьпявачка, падвысіўшы зьнянацку голас амаль да крыку, жадае, каб вецер разагнаў воблачныя заслоны, каб апынуцца «з сонцам тварам у твар!» Небясьпечнае жаданьне.

Некалі пад назвай «Кракаўскі сплін» выйшаў зборнік вершаў Коры. Яна сама з Кракава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG