Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жалезнае правіла беларускай міліцыі: вінаваты пацярпелы


Ілюстрацыйнае фота.

Пра якія праблемы ў дзеяньнях МУС кажа інцыдэнт са стрэлам у навагоднюю ноч?

Удзельнікі: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Дзьмітры Гурневіч.

Цыганкоў: Раніцай 1 студзеня ў доме на вуліцы Любімава ў Менску адбыўся інцыдэнт з прымяненьнем агнястрэльнай зброі. Міліцыянт зь пісталету цяжка параніў менчука, які, як цьвердзяць у міліцыі, напаў на супрацоўніка ды спрабаваў завалодаць ягонай табэльнай зброяй. Мянчук патрапіў у шпіталь, ён знаходзіцца ў «стабільна цяжкім стане», паведамляюць зь менскага вайсковага шпіталя.

У апошняй заяве менскай міліцыі сьцьвярджаецца, што памочнік дзяжурнага ГАМ-1 Маскоўскага РУУС прыехаў на выклік суседзяў пацярпелага грамадзяніна адзін і толькі пасьля інцыдэнту выклікаў калег-міліцыянтаў. Таксама ў паведамленьні гаворыцца пра тры стрэлы, зь іх адзін папераджальны, а два — у пацярпелага. Раней міліцыя паведамляла пра два стрэлы.

у шматлікіх спрэчных справах з удзелам міліцыянтаў міліцыя ніколі не прызнае сваю віну

І гэта, скажам адразу, стала сярод іншага тэмай для абмеркаваньня на сайтах і ў сацыяльных сетках. Чаму міліцыя спачатку казала пра два стрэлы, а потым — пра тры? Ці ня ёсьць тут імкненьне постфактум зьмяніць абставіны здарэньня, заявіць, што міліцыянт спачатку стрэліў для папярэджаньня? Ужо заяўлена, што на яго завялі справу аб аказаньні супраціву міліцыянту, хаця паказаньняў у яго маглі яшчэ і ня ўзяць проста з прычыны стану здароўя.

Зьвяртаю ўвагу тое, што ў шматлікіх спрэчных справах з удзелам міліцыянтаў міліцыя ніколі не прызнае сваю віну. Не было такога, каб былі пакараныя міліцыянты. Гаворка не пра палітычныя мітынгі. Гэта асобная тэма, а зараз мы кажам пра побытавыя сытуацыі, са звычайнымі людзьмі, а не палітычнымі актывістамі. Як кажа міліцыя, ідзе інфармацыйная вайна супраць яе. Гэтак яна рэагуе на тое, калі грамадзтва пачынае абмяркоўваць пэўныя спрэчныя супярэчлівыя інцыдэнты з удзелам міліцыянтаў, калі яны не былі пакараныя і нават не прызнавалі сваю віну. Звычайна прызнаецца, што вінаваты пацярпелы. І тут на таго пацярпелага завялі справу аб аказаньні супраціву міліцыянту. Хоць паказаньняў у яго яшчэ не ўзялі.

Праваабаронцы адзначаюць вось гэтую практыку. Заўсёды, калі ўзьнікае справа з міліцыянтам, заводзіцца справа супраць пацярпелага. Магчыма, гэта такая форма псыхалягічнага ціску, каб дамагчыся ад чалавека адмены паказаньняў. У дадзеным выпадку чалавек фактычна ў несьвядомым стане, вельмі цяжкім, супраць яго завялі справу, а супраць міліцыянта — не.

Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў у рэйтынгу станоўчага аўтарытэту першае месца звычайна займае царква, даволі высокае — прэзыдэнт, то вось міліцыя якраз, хоць і галіна ўлады, бадай займае апошняе месца. Беларуская міліцыя, на думку аналітыкаў, мала робіць таго, каб палепшыць свой імідж у вачах грамадзтва. Любую крытыку міліцыянты ўспрымаюць вельмі хваравіта, як інфармацыйную вайну.

Галоўнае, што выклікае ў грамадзтва недавер да дзеяньня сілавых органаў — гэта тое, што заўсёды ідзе непрызнаньне сваіх памылак. Заўсёды ідзе актыўная абарона, перакідваньне віны на пацярпелых. Такое ў заходнім грамадзтве было б немагчыма, там увесь час паліцыю крытыкуюць, яна часам прызнае празьмернасьць сваіх дзеяньняў, міліцыянтаў судзяць — у Беларусі мы такога амаль не бачым.

любое слова супраць міліцыі ўспрымаецца кіраўніком МУС Ігарам Шуневічам як дыскрэдытацыя, як інфармацыйная вайна

Глод: Такіх скандалаў было шмат. Але гэта менавіта той выпадак, калі мы можам абмяркоўваць сытуацыю, пакідаючы палітыку. Гэта шараговыя звычайныя рэчы. Памятаеце скандал у мэтро, калі міліцыянты пабілі інваліда па зроку, парвалі яму кашулю, працягнулі па зямлі на вачах у дзясяткаў пасажыраў? Праз дзень каля станцыі мэтро Якуба Коласа міліцыянты выцягнулі з падземнага пераходу інваліда-вазочніка, зьбілі яго ў двары дома на вуліцы Кульман. І вось пытаньне, адкуль такая агрэсіўнасьць? Ну ладна малады чалавек яшчэ нападпітку... А як можна абыходзіцца так з інвалідамі? Калі адзін амаль нічога не бачыць, а другі сядзіць у вазку. Мне падаецца, усё гэта ідзе ад гэтай усёдазволенасьці міліцыі. Калі міліцыя зьбівала ўдзельнікаў мітынгаў, адтуль і пайшла вось гэтая ўсёдазволенасьць. Калі можна рабіць усё, што ты хочаш, і табе за гэта нішто не пагражае, наадварот дадуць яшчэ нейкую ўзнагароду, з палітычнымі праціўнікамі, то чаму нельга з усімі астатнімі?

А цяпер ужо магчыма, што і васьмігадовы хлопчык «зьбіў» міліцыянта. Я памятаю, быў выпадак, калі двое юнакоў нібыта зьбілі пятнаццаць міліцыянтаў! Дык што ж гэта за міліцыя такая, калі двое зьбіваюць пятнаццаць? Гэта ж павінны быць падрыхтаваныя людзі, якія трэніруюцца, вывучаюць самба і ўсё іншае. Ці туды бяруць абы-каго? Ці здольныя гэтыя людзі выконваць свае функцыі? Абсалютна слушна, што галоўны недахоп нашай сыстэмы, які праявіўся зараз — гэта тое, што любое слова супраць міліцыі ўспрымаецца кіраўніком МУС Ігарам Шуневічам як дыскрэдытацыя, як інфармацыйная вайна супраць усёй міліцыі.

Дык гэта нагадвае часы КПСС. Заўжды, калі нехта спрабаваў крытыкаваць нейкага партыйнага чыноўніка раённага маштабу, яму гаварылі: «Падумайце, вы ж не Івана Іванавіча крытыкуеце, вы ж усю партыю крытыкуеце!» Так і тут крытыка звычайнага шараговага міліцыянта ператвараецца ў крытыку ўсёй міліцыі.

Мы казалі, што не хапае грошай, у тым ліку і ў міліцыі. Некалькі гадоў таму было абвешчана, што міліцыянтам будуць даваць мініятурныя відэакамэры. Абяцалі гэта яшчэ некалькі гадоў таму. Вось былі б гэтыя камэры, і калі б было зьнятае гэтае відэа, сёньня не было б пытаньня, хто гаворыць праўду... На іншыя рэчы грошы знаходзяць.

Праблема ў тым, што, сапраўды, у міліцыю бяруць усіх

Гурневіч: Нават калі б гэтыя камэры і былі, у выпадку на вуліцы Любімава атрымалася б, што гэтая камэра б і не запісала... Гэта больш шырокае пытаньне, чым тэхніка. Мы ведаем шмат выпадкаў, калі камэры, якія меліся б запісваць нейкае здарэньне, каб мець доказы падчас суду, раптам у той момант не працавалі. Гэтае пытаньне этычных стандартаў. У нашай міліцыі стандартаў вельмі мала. Гэта зьвязана з малой падрыхтоўкай і таксама з хамствам міліцыянтаў.

Праблема ў тым, што, сапраўды, у міліцыю бяруць усіх. Дастаткова скончыць школу, мець сярэднюю адукацыю або пайсьці ў міліцыю пасьля войска. Не памятаю, каб мы чыталі пра нейкія жорсткія ўмовы для кандыдатаў у міліцыянты. Людзям проста дасылаць запрашэньні, калі яны вяртаюцца з войска, прыйсьці працаваць у органы міліцыі, ня ведаючы чалавека. Адбываецца масавы набор людзей.

«У міліцыю нармальныя людзі ня хочуць ісьці» — гэта абагульненьне, але насамрэч вельмі часта так і адбываецца. Я згодны, што ў міліцыі таксама працуюць сумленныя і добрыя людзі, парадак для якіх — гэта самае важнае ў працы. Тым ня менш няма ніякага фільтру, і паўнамоцтвы дадзены такія, што ў любой сытуацыі яны заўсёды будуць мець рацыю. А падчас суду слова міліцыянта важнейшае. Вядома, што дзяржава будзе заўсёды на баку міліцыянта. Ёсьць, канешне, пэўныя выключэньні, калі таксама садзяць міліцыянтаў, ужо нейкіх выключных садыстаў. Але мы ведаем, што выключэньні толькі пацьвярджаюць правіла.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG