Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У нас вар’яцелі ад «Shocking Blue»


Shocking Blue, 1970

Venus. Ну, проста зорка Вэнэра. Усе ведалі назву гэтай песьні «Shocking Blue». Ніхто ня ведаў, аб чым яна. Ніхто нічога не разумеў.

Адкуль было ўзяць ангельскі тэкст напачатку 1970-х? Тэкст заходняга шлягеру? Але яе прагнулі слухаць і слухаць. Ня толькі мае сябры. У кожнай школе на танцах, як умелі гралі «Вэнэру». Сьпявалі на тарабаршчыне.

Калі тэкст трапіў у рукі, аказалася — банальныя словы. Але гэта той выпадак, калі голас, манера выкананьня, сама музыка рабілі песьню амаль геніяльнай для свайго часу. Нібыта зрываецца голас, нібыта вось-вось саб’ецца рытм, але «Вэнэра» і сёньня слухаецца як некалі — прагна. З дамешкам мэлянхоліі. —

Паэт адной кніжкі, гурт аднаго шлягеру. Такім менавіта застаўся ў нашай памяці «Shocking Blue». Дзе было ўзяць запісы? Праўда, у нас было фота вокладкі альбому. Хлопцы з галяндзкімі, напэўна шляхецкімі прозьвішчамі — «ван дэр» напачатку — і дзяўчына. Mariska Veres. Як чорныя вочы прымагнічвалі. Шыкоўныя чорныя валасы. Вобраз часоў, калі на моду паўплывалі хіпі.

Марышка Вэрэш мне падабалася. Адметна выглядала. Адстароненасьць у поглядзе. Хаця яе здымак сярод трох хлопцаў з кружэлкі — замала. Але ў суседняй клясе вучылася Бланка, прынамсі я так яе называў. Яе маці была зь дзяцей гішпанскіх рэспубліканцаў, якіх эвакуявалі ў СССР. Такія ж чорныя-чорныя валасы, вочы-масьліны. Яна спазіравала мне аднойчы ў школьным калідоры, здымак захаваўся.

Аднаго разу мы сутыкнуліся з Бланкай выпадкова ў кавярні насупраць самага вялікага кінатэатру, адзінай, дзе была музычная скрынка: укідаеш манэтку, націскаеш назву песьні. Мы пасядзелі з кактэйлем, паразмаўлялі пра музыку, успомнілі пра Марышку, якую агульна нагадвала Бланка. Я спытаўся ў яе пра Гішпанію (апроч іншага, мяне вельмі цікавіла тады вайна 1936-га), яна сказала, што наўрад ці калі яе пабачыць. Было відаць, што яна ўсьведамляе сваё пэўнае падабенства да Марышкі.

Цёмны вінаград я люблю больш, можа таму, што вочы Бланкі былі цёмныя-цёмныя нібы ізабэла. Але ж гэта былі вочы! Паўднёвая ноч, густая і цёплая, што зоркі бачныя на ёй яшчэ больш выразна, чым тлусты шрыфт на паперы. Больш я ніколі яе ня бачыў. Але магу паслухаць Марышку і ўспомніць Бланку.

Я стаўлю «Shocking Blue», і ў мяне, дальбог, пачынаюць крылы рэзацца. Такі нечакана сталы ўзровень нават першага альбому, і ўсё астатняе ня горш. Ня толькі «Venus», але і «Shocking You», «A Waste of Time» ды іншыя. Хтосьці нейк напісаў: а ці няма беларускіх каранёў у Марышкі, прозьвішча надта ж нашае... Мне тады падумалася: хутчэй, украінскіх. Яна была напалову вугоркай, напалову немкай. Яна памерла дзесяць год таму, значна перажыўшы часы сваёй славы.

Глядзець камэнтары (8)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG