Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Sweet Black Angel


Анджэла Дэвіс (пасярэдзіне) з Валянцінай Церашковай у 1972 годзе.

Упершыню імя Анджэлы Дэвіс я пачуў напрадвесьні 1970 году. Набліжалася 100-я гадавіна нараджэньня Ўладзіміра Леніна, і тыднёвік «Świat Młodych» для польскіх піянэраў (гарцэраў) пачаў друкаваць матэрыялы да агульнапольскай віктарыны пра жыцьцё і зьдзяйсьненьні «правадыра Кастрычніцкай рэвалюцыі». Мы, вучні 5-й клясы вясковай школы ў Гародчыне на Падляшшы, сядзелі і зубрылі імёны і даты бальшавіцкай міталёгіі.

Ня ведаю, чаму сярод ленінскіх матэрыялаў апынулася фотка Анджэлы Дэвіс, маладой амэрыканскай змагаркі за грамадзянскія правы чарнаскурых у ЗША. Доўгі час мне думалася, што незабыўны твар Анджэлы Дэвіс ў арэоле густых кучаравых валасоў зьявіўся пры той ленінскай нагодзе таму, што яна стала ляўрэаткай гэтак званай Міжнароднай Ленінскай прэміі «За ўмацаваньне міру між народамі». Яна такой ляўрэаткай фактычна стала, але толькі ў 1978 годзе, так што яе ўзгадваньне пры нагодзе ленінскага юбілею ў 1970 мела нейкую іншую прычыну. Магчыма, гэта было таму, што яна належала да Камуністычнай партыі ЗША, і польскім прапагандыстам трэба было падкрэсьліць, што ленінскія ідэі ўзыходзяць і за акіянам, у самім «логаве імпэрыялізму».

Як бы яно ні было, з матэрыялаў згаданай віктарыны да сёньняшняга дня запомнілася мне толькі фатаграфія Анджэлы Дэвіс. Настолькі моцна, што калі я ўбачыў ейны твар у тэлевізары праз амаль паўстагодзьдзя, на «Маршы жанчын» у Вашынгтоне 22 студзеня 2017, я адразу пазнаў — дык гэта ж Анджэла Дэвіс! Як і 50 гадоў таму, яна сёньня выглядае як ікона змаганьня за грамадзянскія правы...

У свой час імя Анджэлы Дэвіс было на слыху ва ўсім сьвеце. Пад канец 1970 году яе арыштавалі па абвінавачаньні ў змове, захопе закладнікаў і забойстве (яе хлопец, 17-гадовы Джордж Джэксан, спрабаваў вызваліць трох чарнаскурых падсудных, узяўшы ў судовай залі ў закладнікі судзьдзю, абвінаваўцу і некалькіх прысяжных; Джэксан, судзьдзя і падсудныя загінулі падчас перастрэлкі з паліцыяй; аказалася, што ў Джэксана быў пісталет, куплены некалькі дзён раней Анджэлай Дэвіс). Анджэла Дэвіс правяла 18 месяцаў у турме, яе арышт выклікаў хвалю міжнародных пратэстаў, у тым ліку і ў СССР, дзе лісты ў яе падтрымку пісалі школьнікі з усяго Саюзу.

Аказваецца, пра Анджэлу Дэвіс помню ня толькі я. Вось як пра яе напісаў пісьменьнік Вінцэсь Мудроў у кнізе «Альбом сямейны», якая выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды ХХІ стагодзьдзя» ў 2007 годзе. Дазвольце, я працытую фрагмэнт:

Вінцэсь Мудроў і Ян Максімюк пра Анджэлу Дэвіс
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:31 0:00

Але гэта — толькі неабходнае інфармацыйнае тло для сёньняшняга выданьня Музыкалкі, у якім я хачу прыгадаць некалькі музычных твораў, прысьвечаных Анджэле Дэвіс. Наўрад ці ў навейшай гісторыі знойдзецца нейкая іншая палітычная актывістка, жыцьцё якой натхняла б на песьні выканаўцаў такога фармату, як Джон Ленан, «The Rolling Stones» або Боб Дылан...

Вось песьня «Sweet Black Angel», запісаная гуртом «The Rolling Stones» у 1970 годзе, адразу пасьля арышту Дэвіс, і выдадзеная ў альбоме «Exile on Main Street» (1972):

А вось Джон Ленан і Ёка Она ў песьні «Angela» з альбому «Some Time in New York» (1972):

А тут амэрыканскі джазавы піяніст і клявішнік Тод Кокрэн у кампазыці «Free Angela» (1972):

Песьні Боба Дылана «George Jackson» (1971) мне не ўдалося знайсьці ў свабодным доступе, таму на заканчэньне я прапаную твор «Свабоду Анджэле Дэвіс» савецкага і расейскага рок-музыканта Гарыка Сукачова, які ён выконвае з гуртом «Неприкасаемые»:

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG