Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абарона Курапатаў трывае: да маладафронтаўцаў далучыліся жыхары суседніх дамоў


Раніцай 20 лютага ў двары дома № 49 па вуліцы Мірашнічэнкі ў Менску зьявіўся намёт. Яго ўсталявалі актывісты «Маладога Фронту» на чале са Зьмітром Дашкевічам. Пад бел-чырвона-белым сьцягам і з самаробным плякатам «Абарона Курапатаў» яны пратэстуюць супраць будоўлі бізнэс-цэнтру ў раёне народнага мэмарыялу «Курапаты», дзе былі расстраляныя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў.

А 8-й ранку, калі рабочых яшчэ не было на аб’екце, Дашкевіч з паплечнікамі ўсталявалі намёт і прымацавалі да яго нацыянальны сьцяг. Але неўзабаве прыйшлі рабочыя, завязаўся канфлікт з пратэстоўцамі.

Пасьля абеду намётавы міні-лягер пачалі абносіць агароджай, хоць адна там ужо стаяла. Маладафронтаўцы апынуліся ўнутры агароджы і адтуль гутарылі зь іншымі ўдзельнікамі абароны Курапатаў і журналістамі.

На пытаньне карэспандэнткі Свабоды адзін з рабочых патлумачыў, навошта будуюць дадатковую агароджу:

— Праца наша такая. Там, бачыце, нейкія БНФаўцы ў намёце. Дык нам і сказалі будаваць плот.

Зьміцер Дашкевіч здавацца не зьбіраўся: сябры прынесьлі хлопцам гарачай кавы і гарбаты. Абарона трывала. У пэўны момант паміж маладафронтаўцам і рабочым пачалася сварка, якая ўжо празь лічаныя хвіліны вылілася ў масавую штурханіну.

Агароджа захісталася і пахілілася. Пятнаццаць чалавек у будаўнічай уніформе цягнулі яе на сябе, абаронцы Курапатаў — на сябе. Агароджа з вострымі штырамі лётала ў сантымэтрах ад іхніх твараў.

— Я зь імі па-расейску гаварыць ня буду! І ня буду нічога падпісваць! Я застануся тут столькі, колькі будзе трэба, і не сыду, пакуль не прыпыняць будоўлю ў Курапатах, — сказаў Дашкевіч.

Да абаронцаў далучыліся палітыкі. Старшыня БХД Павал Севярынец і старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч прыгадваюць, што ў 2001 годзе ў Курапатах брутальна разганялі абаронцаў, якія выступалі супраць будоўлі тут МКАД.

— Бізнэс-цэнтар хочуць пабудаваць зусім побач зь лесам, дзе адбываліся расстрэлы. Таму незразумела, калі кажуць «да Курапатаў адсюль далёка». Гэта няпраўда, і гэта падобна да нейкай правакацыі, — кажа Павал Севярынец. — Цяпер сытуацыя вельмі падобная да 2001 году. Тады былі і бойкі, і салідарнасьць абаронцаў. А пачыналася ўсё таксама з маленькай купкі людзей.

Тым часам некалькі самых актыўных удзельнікаў пратэсту павалілі агароджу і заскочылі на яе. Рабочыя не ўтрымалі плот, і маладафронтаўцы пачалі яго расьцягваць і адкідаць на ўзбочыну. Усё суправаджалася лаянкай з абодвух бакоў. Удзельнічаў у штурханіне і прараб, адказны за будоўлю.

— Ты пакажы мне, якія крыжы тут? Ну якія крыжы? Сам ня ведаеш, за што змагаесься! — крычыць рабочы і хапае Дашкевіча за каўнер.

— Вы на могілках у сваіх родных бізнэс-цэнтар пабудуйце! — крычаць у адказ пратэстоўцы.

Пакуль адна група рабочых сварыцца з абаронцамі Курапатаў, іншыя разбураюць намёт і выкідаюць рэчы актывістаў праз плот на дарогу.

— Працоўны дзень звычайна а 17-й сканчаецца, а цяпер да паловы на дзявятую «ўколваць» прыйдзецца, — кажа рабочы, які ня лезе ў бойку.

— Вы ведаеце, што адбывалася ў суседнім лесе?

— Па-вашаму, калі я просты рабочы, то нічога ня ведаю з гісторыі? Канечне, ведаю. Сталінскія рэпрэсіі былі тут, расстрэлы. Але сёньня гэтая будоўля — мая праца, і іншай у мяне няма. Крыўдна, што кажуць, нібыта мы на костках нешта будуем. Людзі жывуць у гэтых дамах дзесяцігодзьдзямі і не турбуюцца.

На крыкі пачынаюць зьбірацца жыхары суседніх дамоў.

— Дзеці спужаліся ляманту ў двары, і я выйшла паглядзець, — кажа жанчына сталага веку. — Спачатку падумала, нейкія агрэсіўныя маладзёны, а цяпер бачу, што будаўнікі ня маюць рацыі. І так няма дзе пагуляць зь дзецьмі, дык яшчэ ўвесь двор перагарадзілі.

Жыхары гутараць з актывістамі, спрачаюцца з рабочымі. Дашкевіч у пакамечанай куртцы і з брудам на твары ўсьміхаецца:

— Глядзіце, якая ў мяне баявая маскіроўка! А стаяць будзем да перамогі.

Глядзець камэнтары (6)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG