Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 прычын, чаму поле бітвы пад Воршаю магло б стаць must-see для турыстаў


Няўжо гэта відавочна толькі для мяне? Чаму Аршанскі райвыканкам не заўважае такую відавочную крыніцу прыбыткаў у бюджэт? Нават у сьвятле загадаў разьвіваць уязны турызм? Тлумачу на пальцах.

Крыж на полі Аршанскай бітвы
Крыж на полі Аршанскай бітвы

Прычына першая. Новы турыстычны аб’ект — назавем яго для зручнасьці «Крапівенскае поле» — знаходзіцца на памежжы Аршанскага і Дубровенскага раёнаў. Гэта значыць, што ён лёгка ўключаецца ўва ўсе наяўныя тутэйшыя турыстычныя маршруты. Прынамсі для школьнікаў, якіх возяць на экскурсіі па бліжэйшых навакольлях. Цудоўная магчымасьць за невялікія грошы ( усяго каля 20 км ад Воршы, а да Дуброўна дык і яшчэ бліжэй) паказаць дзецям «жывую гісторыю», а пры жаданьні яшчэ й арганізаваць пікнік. Пакуль толькі пікнік. Бо мы разьбіраем першую прычыну, а будзе ж яшчэ й пятая!

Помнік-камень на рачным беразе
Помнік-камень на рачным беразе

Прычына другая. Давайце ня будзем пра папулярнасьць гэтага месца ў беларуска-арыентаванай часткі землякоў. Зразумела: калі яны прыяжджаюць на Крапівенскае поле нават цяпер, калі там няма аніякіх прыкметаў добраўпарадкаваньня, то пры наяўнасьці сэрвісу ды іншага будуць езьдзіць яшчэ ахвотней. Але я цяпер кажу пра нашых усходніх суседзяў, пра «пацярпелы бок», скажам так. Пра нашчадкаў тых, каго перамаглі 8 верасьня 1514 году. Да расейскай мяжы адсюль няма і 30 км. Думаеце, не паедуць? Яшчэ як! На тое — прычыны трэцяя і чацьвёртая.

Надпіс на камені
Надпіс на камені

Прычына трэцяя. У пэрспэктыўны турыстычны маршрут на Крапівенскае поле можна ўключыць яшчэ безьліч цікавых абʼектаў. Набярыцеся цярплівасьці: я ж вас ня ў чыстае поле запрашаю, даруйце за калямбур!

За некалькі кілямэтраў, каля вёскі Ларынаўка, на левым беразе Дняпра знаходзіцца старажытнае паганскае капішча. Гэта мясцовы «стоўнгэндж» у выглядзе кампазыцыі з буйных камянёў з дамінантным двухмэтровым валуном. Тут жа зь берагавога схілу цячэ культавая крыніца. Паблізу выяўлена нэалітычная стаянка. Бліжэй да вёскі ўрочышча Дубкі, дзе растуць два дубы-старажылы ўзростам каля 300 гадоў. Непадалёк, на беразе ручая Арэхаўца, побач зь яго ўтокам ў Дняпро знаходзяцца недасьледаваныя пячоры — імаверна, паселішча манахаў-пустэльнікаў. Паводле гістарычных дакумэнтаў, гэтае месца належала Куцеінскаму манастыру.

За тры кілямэтры на поўнач ад бліжэйшай вёскі Крапіўна турысты могуць убачыць курганны могільнік, а ў самой вёсцы — царкву, збудаваную ў 2-й палове ХІХ стагоддзя і адноўленую ў 1991 годзе. Яна знаходзіцца на месцы драўлянага храма ў гонар Нараджэньня Найсьвяцейшай Багародзіцы, пабудаванага ў памяць аб загінулых у Аршанскай бітве. У гэтым храме можна сустрэць нямала цікавых абразоў, бо сюды звозілі сьвятыні з многіх зачыненых храмаў Віцебшчыны. Адзін абраз мясцовыя жыхары празвалі Крапівенскім: некалькі гадоў таму яго знайшоў у полі званар храма. Абраз зусім маленькі: ён быў медным акладзе памерам са скрынку ад запалак. Цяпер ён знаходзіцца ў аўтары, а павялічаную копію ўсталявалі на крыж.

У вёсцы Гацькаўшчына, за якой пачынаецца поле бітвы, захаваліся камяні са знакамі, якія зьвязваюць з тагачаснымі падзеямі, на старых могілках знаходзіцца адзін з найбольшых каменных крыжоў Аршаншчыны. Ёсьць тут і драўляная капліца, і крыж вышынёй каля 2 мэтраў, з драўляным разным расьпяцьцем. Разьбяная фігура Хрыста мае асаблівасьць: апроч левай рукі, уся фігура выразаная з аднаго кавалка дрэва. Аўтар скульптуры невядомы, але яе шануюць мясцовыя людзі.

Выява Канстанціна Астроскага на “Сьцяжыне герояў”
Выява Канстанціна Астроскага на “Сьцяжыне герояў”

Прычына чацьвёртая. Важная для аматараў экстрыму, спартовых і іншых забаваў. Гэты турыстычны аб’ект карыстаўся б папулярнасьцю круглы год, калі па-разумнаму выкарыстаць прыродны рэльеф — рачны схіл, пагоркі і палявы абсяг. Пра гэта мы аднойчы размаўлялі з бардам Андрэем Мельнікавым, адным з заснавальнікаў фэсту «Аршанская бітва».

«Можна было б прапанаваць катаньне на лодках і катамаранах па Дняпры да вострава, дзе была пераправа войска Канстанціна Астроскага. Можна абсталяваць месца для купаньня ўлетку і трасу для зімовых вандровак на іртах. Ды шмат што можна прыдумаць! Ад спаборніцтваў гульцоў у сьнежкі да скачкоў у ваду з «тарзанкі», — разважаў Андрэй.

Чаму б і не? Я ўжо не кажу пра рыцарскія фэсты на ўзор полацкага «Рубону», калі сам рыцарскі стан можа быць аб’ектам экскурсіяў. Двубоі на мячах, рамесьніцкі кірмаш з ганчарнымі, скуранымі ды іншымі вырабамі, майстар-клясы сярэднявечных танцаў, гатаваньне ежы на вогнішчы... Вось тут самы час пераходзіць да наступнай прычыны.

Экскурсанты
Экскурсанты

Прычына пятая. Яна і прычына, і ўмова для існаваньня турыстычнага must-see. Калі ўмова, то можа й першая.

Для ўвасабленьня ідэі пра гітовы турыстычны аб’ект патрэбная інфраструктура. На ўласныя вочы бачыла, як гэта працуе ва Ўкраіне, пабываўшы ў Халодным Яры. Ня буду падрабязна распавядаць пра гістарычнае значэньне гэтых мясьцін — усё можна прачытаць у інтэрнэце. А заадно і параўнаць, наколькі падобныя перадумовы для стварэньня турыстычнага аб’екту і наколькі розныя вынікі. Халодны Яр на Чаркашчыне — гэта і музэйна-этнаграфічны комплекс «Дзікі хутар» з гатэлем і рэстарацыяй. У супрацу зь ім улучаныя самадзейныя музыкі, артысты, клюбы гістарычных рэканструкцыяў, тут арганізаваны продаж сувэніраў. І ўсё гэта працуе ня толькі на карысьць вывучэньня гісторыі краю, але й прыносіць адчувальныя прыбыткі.

Што да нашага Крапівенскага поля, то інфраструктура дазволіла б і прывабіць турыстаў, і аднавіць бардаўскі фэст «Аршанская бітва» — ён практычна зьнік пасьля таго, як слухачоў пачалі затрымліваць «за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве». Прыкладам, калі праводзіць яго ў аграсядзібе, выкупіўшы пару хатаў у Гацькаўшчыне.

Да ўсяго, ужо практычна гатовы пачатак экскурсіі. На полі ёсьць 5-мэтровы крыж з надпісам «Героям Аршанскай перамогі», на беразе стаіць помнік-камень у памяць пра палеглых продкаў, гэтыя два аб’екты злучае «Сьцяжына герояў», уздоўж якой ляжаць валуны з надпісамі і выявамі дзеячоў ВКЛ.

Пра ўсё гэта парупіліся добрыя людзі, аматары беларускай гісторыі. Мясцовыя ўлады не зрабілі анічога — калі не лічыць штогадовых загадаў узараць поле напярэдадні чарговых угодкаў бітвы пад Воршай. Так што па ім цяпер ня тое што з турыстычнай групай — нават аднаму прайсьці заскладана...

Узаранае поле аршанскай бітвы
Узаранае поле аршанскай бітвы

Глядзець камэнтары (6)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG