Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Утойваюць, каб не было скандалу». Функцыянэр БРСМ і экспэрт пра мільёны для праўладнай моладзі


Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі​ ў 2018 годзе атрымае фінансаваньне зь бюджэту ў памеры 6,8 мільёна рублёў. Паводле падлікаў zautra.by, за апошняе дзесяцігодзьдзе на падтрымку праўладнай арганізацыі зь бюджэту пайшло звыш 50 мільёнаў даляраў. Многа гэта ці мала? Свабода пацікавілася ў функцыянэра БРСМ і незалежнага экспэрта.

Функцыянэр БРСМ: «Ніводзін чалавек ня скажа, што падтрымкі мала»

Першы сакратар Менскага абкаму БРСМ Дзьмітры Варанюк сказаў у размове з карэспандэнтам Свабоды, што ня можа пацьвердзіць названую лічбу.

«Я не бяруся камэнтаваць менавіта наконт лічбаў. І мы не даём інфармацыі, колькі атрымлівае наша абласная арганізацыя. Але што да фінансаваньня арганізацыі, флягмана моладзевай палітыкі, калі ідзе аптымізацыя ўсіх выканаўчых структур, улічваючы ролю БРСМ як правадніка моладзевай палітыкі ў рэгіёнах і ў краіне, то гэта важна для ўсіх», — сказаў функцыянэр.

Дзень вышыванкі 2017 ад БРСМ 2 ліпеня
Дзень вышыванкі 2017 ад БРСМ 2 ліпеня

Дзьмітры Варанюк паведаміў, што выдзеленыя сродкі БРСМ траціць, як і ўсе бюджэтныя арганізацыі, у тым ліку на заробкі функцыянэрам. Але зноў жа ня даў канкрэтных лічбаў.

«На мерапрыемствы мы стараемся траціць таксама і нашы пазабюджэтныя сродкі. Бо сёньня, каб зрабіць якаснае мерапрыемства, неабходна дастаткова сродкаў. Небюджэтны фонд фармуецца з унёскаў, якія ў нас раз на паўгода, і таксама спонсарская дапамога. Гэта ўжо як мы працуем з прадпрыемствамі і гэтак далей».

Ці хацеў бы БРСМ яшчэ большага бюджэтнага фінансаваньня?

«Сёньня самае галоўнае, што ёсьць падтрымка, і яна адчуваецца з боку органаў выканаўчай улады. І хочацца працаваць. Незалежна ні ад якіх сумаў, — адзначыў Дзьмітры Варанюк. — Нават калі б яна была меншая, калі б зусім не было фінансаваньня, ніводзін чалавек ніколі не сказаў бы, што мы хочам больш, нам не хапае і гэтак далей».

Паводле суразмоўцы, у арганізацыі ёсьць адпаведныя пляны — «і за кожны пункт мы адказныя».

«І ў тым ліку наша выніковасьць сьведчыць, наколькі гэта цікава моладзі. Ніхто ня верыць ні ў якія казкі, мы самі бачым, што ёсьць свая праблематыка. Таму любая падтрымка для нас важная. Колькі можа сёньня дзяржава дапамагчы і працягнуць руку моладзі краіны, за тое мы і ўдзячныя», — падсумоўвае Варанюк.

У цэнтральным апараце БРСМ Свабодзе сказалі, што інфармацыі пра фінансаваньне БРСМ зь бюджэту не дадуць.

«Каб ня ўзьнік скандал, прасьцей утаіць зьвесткі»

Эканаміст, кіраўнік праекту «Кошт ураду» Ўладзімер Кавалкін у інтэрвію Свабодзе сказаў, што БРСМ не публікуе зьвестак пра фінансаваньне, бо ў такім выпадку ўсё стане «зразумела і празрыста, колькі грошай куды пайшло».

Эканаміст Уладзімер Кавалкін
Эканаміст Уладзімер Кавалкін

— І магчыма, што недзе заробкі функцыянэраў, магчыма, нейкія бонусы і льготы стануць відаць падаткаплатнікам, і яны будуць незадаволеныя гэтым. Адпаведна, можа ўзьнікнуць скандал. І каб ня ўзьнік скандал, прасьцей утаіць зьвесткі на любой падставе і не публікаваць іх. Так паводзяць сябе, у прынцыпе, абсалютна ўсе дзяржарганізацыі, усе міністэрствы і чыноўнікі. Яны не публікуюць інфармацыю, проста каб чаго ня выйшла.

— А чым выклікана тое, што памер фінансаваньня сёлета большы, чым у папярэднія гады?

Зусім магчыма, што БРСМаўцы ўспрымаюць сябе такімі бюджэтнікамі

— Магчыма, яны заплянавалі нейкія вялікія мерапрыемствы. Можна толькі гадаць, бо мы бачым агульную суму, а ня бачым дэталяў. Аднак у бюджэце і стратэгіі ўраду закладзена падвышэньне заробкаў бюджэтнікам на 14%. Зусім магчыма, што БРСМаўцы ўспрымаюць сябе такімі бюджэтнікамі, і, адпаведна, падвышэньне фінансаваньня БРСМ зьвязана, сярод іншага, з падвышэньнем іхніх заробкаў.

— А як гэта адбываецца ў іншых краінах, ці фінансуецца недзе зь бюджэту падобныя арганізацыі?

— Безумоўна, на моладзевую палітыку практычна ўсе краіны трацяць

У іншых краінах гэта дзяржзаказ, і ён праходзіць праз тэндэр

нейкія грошы. Розьніца палягае толькі ў тым, што гэта дзяржзаказ, і, як правіла, гэта праходзіць праз тэндэр.

То бок выдзяляюцца нейкія грошы зь бюджэту на нейкія мэтавыя патрэбы. І ў рамках гэтага адбываецца дзяржзакуп на правядзеньне, напрыклад, нейкага моладзевага фэстывалю. І тады ўжо некалькі арганізацый грамадзянскай супольнасьці падаюцца са сваімі прапановамі і або выйграюць гэты тэндэр і атрымліваюць фінансаваньне, або прайграюць. І такім чынам забясьпечваецца большая эфэктыўнасьць.

Бо тыя арганізацыі, што дрэнна арганізуюць мерапрыемствы, якія нецікавыя моладзі і якія завышаюць кошт сваіх паслуг, яны проста не выйграюць тэндэр.

— Як можна ацаніць эфэктыўнасьць БРСМ з пункту гледжаньня патрачаных імі грошай?

​— Арганізацыя працуе непразрыста і неэфэктыўна. І паколькі тэндэры на мерапрыемствы не праводзяцца, адпаведна, арганізацыі грамадзянскай супольнасьці ня могуць у іх удзельнічаць і спаборнічаць за атрыманьне фінансаваньня. Таму і матыву неяк паляпшаць сваю працу няма, бо ўсё роўна грошы зь бюджэту дадуць.

У выніку атрымліваецца праца дзеля працы, дзеля справаздач і паперы. А моладзь ня вельмі зацікаўленая ў тым, што ім можа прапанаваць БРСМ.

Лукашэнка падоўжыў на тры гады бюджэтнае фінансаваньне БРСМ

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG