Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі праходзілі «мясцовыя» выбары. Усё самае важнае


Коратка

18 лютага ў Беларусі праходзяць выбары ў 1309 мясцовых саветаў дэпутатаў па 18 111 выбарчых акругах. Кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў зарэгістраваныя 22 278 чалавек. Зь іх: 14 886 вылучаліся шляхам збору подпісаў, 5 340 — працоўнымі калектывамі, 699 — палітычнымі партыямі. Апазыцыйныя партыі вылучылі сёлета 219 чалавек — амаль на 100 кандыдатаў меней, чым у 2014 годзе. 174 зь іх дапусьцілі да выбараў.

З усіх апазыцыйных партый толькі 26 чалавек трапілі ва ўчастковыя камісіі — менавіта яны лічаць галасы. Для параўнаньня, ад адной толькі праўладнай Партыі працы і справядлівасьці — болей за тысячу чалавек.

Апазыцыйныя актывісты ня раз называлі сёлетнюю выбарчую кампанію «самай сумнай» у гісторыі.

Асноўны дзень галасаваньня па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў — 18 лютага. Выбарчыя ўчасткі адкрыюцца ў 8.00 і будуць працаваць да 20.00. У сьпісы для галасаваньня ўключаныя 6 929 525 выбарнікаў.

Паводле ЦВК, у датэрміновым галасаваньні узялі ўдзел 34,95% выбарнікаў, і гэта новы рэкорд датэрміновага галасаваньня на мясцовых выбарах. На выбарах у сакавіку 2014 году датэрмінова прагаласавалі 32,04% выбарнікаў, у 2010 годзе — 29,3%, у 2007— 24,9%.

17:10 18.2.2018

12 гісторый пра тое, чаму беларусы (не) галасуюць на гэтых выбарах

Свабода пагутарыла зь людзьмі па ўсёй Беларусі і выслухала асабістыя гісторыі пра тое, чаму яны галасуюць ці чаму ігнаруюць гэтыя выбары. Ад «каб супрацьстаяць непрадуманаму гаспадараньню» і «каб вырашыць лякальную праблему» да «настойліва параілі».

16:57 18.2.2018

Відэакамэры гэта страшна, выбарцы пужаюцца!

16:46 18.2.2018

ЦВК: Яўка на 16:00 — амаль дзьве траціны

Паводле зьвестак ЦВК, яўка на мясцовыя выбары на 16:00 склала па Беларусі 63,66% выбарцаў. Найменшай яўка была ў Менску (53,93%), найбольшай — у Віцебскай вобласьці (69,69%). Незалежныя назіральнікі неаднаразова заяўлялі аб завышэньні яўкі.

Агулам у сьпісах для галасаваньня ў 2018 годзе — 6 929 525 выбарцаў пры больш як 22 тысячы кандыдатаў на больш як 18 тысяч мандатаў. Агульная яўка на мясцовых выбарах 2014 году склала, паводле зьвестак ЦВК, 77,27%. У 2010 годзе «афіцыйная» яўка склала 79,1%, у 2007 годзе — 79,2%.

16:43 18.2.2018

Папярэдніх вынікаў сёньня ня будзе

Як піша БЕЛТА, намесьнік старшыні ЦВК Вадзім Іпатаў заявіў, што першыя папярэднія вынікі галасаваньня стануць вядомыя толькі зранку 19 лютага, бо першыя зьвесткі пра падлічаныя галасы толькі пачнуць паступаць пасьля 12 ночы.

Асноўныя і канчатковыя вынікі ЦВК мае разглядзець не пазьней за 23 лютага.

16:07 18.2.2018

16:07 18.2.2018

Партыя БНФ і арганізацыя БНФ «Адраджэньне» гэта сапраўды розныя структуры, хай і з агульнымі каранямі ў мінулым.

15:30 18.2.2018

«Зьневажаў камісію пагрозамі аб крымінальнай адказнасьці». Назіральніка ад АГП выдалілі з участку ў Магілёве​

У Магілёве з выбарчага ўчастку № 152 выдалены назіральнік кандыдата на дэпутацтва ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Шанцава — Юры Дарашэнка. Па словах актывіста, афіцыйная прычына — «перашкоды працы камісіі».

Дарашэнка настойвае, што не перашкаджаў працаваць участковай камісіі, а толькі рэагаваў на парушэньні зь яе боку пісьмовымі заўвагамі, прапановамі па паляпшэньні працы і скаргамі. Усяго іх падаў больш за два дзясяткі. У іх ён паведамляў, што за кожнае парушэньне Выбарчага кодэксу прадугледжаная адказнасьць.

«Мае звароты былі патлумачаныя як перашкода. Нібыта я зьневажаў чальцоў камісіі пагрозамі пра крымінальную адказнасьць», — кажа Дарашэнка.

Ён дадаў, што за пяць дзён адтэрмінаванага галасаваньня на ўчастак прыйшлі, паводле ягоных падлікаў, 71 чалавек, а паводле зьвестак камісіі — 473.

17 лютага былі выдаленыя з участкаў яшчэ двое назіральнікаў Уладзімера Шанцава — Уладзімер Грышанаў і Аляксандар Царук. Яны таксама нібыта «перашкаджалі працы камісіі».

15:19 18.2.2018

«Экадом» назірае бяз сораму. Надпіс на касьцюме: «Спынім кола Сансары». Здымаць відэа забаранялі.

15:15 18.2.2018

Ярмошына: «Каруселі на мясцовых выбарах гэта трызьненьне»

Лідзія Ярмошына заявіла 18 лютага, што зьвесткі пра магчымасьць аднаму чалавеку прагаласаваць адразу на некалькіх выбарчых участках хлусьлівыя. Яна апісала нейкае відэа, на якім мужчына «у адным месцы прад’явіў дамову аб найме жылога памяшканьня, а ў другім склаў сьлязьлівую казку пра тое, што ён бедны студэнт, які страціў усе дакумэнты, альбо іх мама захоўвае» — і яму дазволілі прагаласаваць двойчы.

Раней у сеціве шырока абмяркоўваліся чуткі аб тым, што калі ў пашпарце пад пячаткай аб месцы рэгістрацыі алоўкам падпісаць «000-179», то камісіі дазволяць галасаваць аднаму і таму ж чалавеку галасаваць некалькі раз на розных участках. Актывіст грамадзкага руху «Дзея»​ Дзяніс Краўчук вырашыў праверыць чуткі — код сапраўды «спрацаваў». Але на ягоным відэа не чуваць згаданых Ярмошынай «казак».

15:01 18.2.2018

ЦВК: На 14:00 яўка па краіне — 55%

Як піша БЕЛТА, ЦВК зафіксаваў на 14:00 яўку на мясцовыя выбары роўнай 55,69%. Найменшай яўка была ў Менску (48,58%), найбольшай — у Віцебскай вобласьці (61,41%). Незалежныя назіральнікі неаднаразова заяўлялі аб завышэньні яўкі.

Агулам у сьпісах для галасаваньня ў 2018 годзе — 6 929 525 выбарцаў пры больш як 22 тысячы кандыдатаў на больш як 18 тысяч мандатаў. Агульная яўка на мясцовых выбарах 2014 году склала, паводле зьвестак ЦВК, 77,27%. У 2010 годзе «афіцыйная» яўка склала 79,1%, у 2007 годзе — 79,2%.

13:52 18.2.2018

Ярмошына: «За тыдзень датэрміновага галасаваньня Цэнтарвыбаркам атрымаў 74 скаргі. Чалавечае глупства ніхто не адмяняў»

Лідзія Ярмошына прагаласавала датэрмінова
Лідзія Ярмошына прагаласавала датэрмінова

74 скаргі — такую лічбу назвала ў інтэрвію тэлеканалу СТВ старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

«Так, на жаль, яны ёсьць, чалавечае глупства ніхто не адмяняў. З боку арганізатараў выбараў яно таксама сустракаецца. За тыдзень, які папярэднічае гэтаму дню, то бок, за тыдзень датэрміновага галасаваньня ў Цэнтральную выбарчую камісію паступілі 74 пісьмовыя скаргі. На шчасьце, большая частка зь іх зьяўляецца абсалютна надуманымі», — сказала чыноўніца.

Паводле яе, са скаргамі цяпер працуюць. Калі ЦВК ня можа даць адказ па скарзе, то яна накіроўваецца ў тэрытарыяльныя камісіі.

«Я прашу прабачэньня. І прыйсьці на выбарчыя ўчасткі»

Таксама ў сувязі з праваслаўнай «Даравальнай нядзеляй» старшыня ЦВК папрасіла ў беларусаў прабачэньня:

«Я прашу прабачэньня таксама ва ўсіх, у тым ліку ў гледачоў канала СТВ, за зло вольнае і міжвольнае, як той казаў. І я прашу ўсіх выбарнікаў нашых дараваць сваім блізкім, дараваць ўладам, дараваць дэпутатам, якія, можа быць, недастаткова добра спрацавалі. І прыйсьці на выбарчыя ўчасткі».

13:44 18.2.2018

Відэафакт. Лукашэнка прыйшоў на выбарчы ўчастак бяз Колі

​18 лютага прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у галасаваньні па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Традыцыйна Лукашэнка галасаваў на выбарчым участку № 1 Вясьнянскай выбарчай акругі № 39 у корпусе БДУФК.

У апошнія некалькі гадоў Лукашэнка заўсёды прыходзіў на выбарчы ўчастак з малодшым сынам Мікалаем. Але ў гэты раз традыцыя была парушаная.

На пытаньне журналістаў, за каго ён прагаласаваў, Лукашэнка адказаў так:

«У нас таемнае галасаваньне, не гавораць, за каго. Але мушу вам намёк зрабіць: за дзейнага чалавека, які працуе і прыносіць карысьць нашай дзяржаве. Гэта галоўны матыў для мяне як прэзыдэнта, і іншага матыву, напэўна, быць ня можа», — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.

12:26 18.2.2018

Прэс-цэнтар кампаніі назіраньня «Права выбару-2018» спыніў эфір, яго прадстаўнікоў змушаюць пакінуць памяшканьне

Прадстаўнікоў кампаніі «Права Выбару» зьмушаюць пакінуць памяшканьне культурнага цэнтру «Корпус» (вул. Машэрава, 9), дзе 18 лютага была арганізаваная праца прэс-цэнтру па назіраньні за мясцовымі выбарамі. Пра гэта праз паўгадзіны пасьля пачатку трансьляцыі працы прэс-цэнтру ў інтэрнэце паведаміў прэс-сакратар кампаніі Ігар Барысаў.

Ён сказаў БелаПАН, што кіраўніцтву «Корпус», а таксама арганізацыі, у якой цэнтар арандуе памяшканьне, пачалі паступаць званкі «зьверху» з патрабаваньнем спыніць трансьляцыю і пакінуць памяшканьне. У цяперашні час прадстаўнікі «Права выбару» шукаюць новае памяшканьне для арганізацыі працы прэс-цэнтру.

12:05 18.2.2018

Народны дэпутат СССР: «Улады ператвараюць выбары з фарсу ў камэдыю»

«Улады баяліся дзьвюх рэчаў: першай — што ня будзе ніякай яўкі наагул, другой — што пры адсутнасьці парогу яўкі актыўныя кандыдаты зь непраўладных сьпісаў маглі прайсьці ў дэпутаты». Такое тлумачэньне рэкордных вынікаў датэрміновага галасаваньня выказаў у размове са Свабодай народны дэпутат СССР і дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Аляксандар Дабравольскі.

На ягоную думку, калі б улады не прыкладалі намаганьняў, каб загнаць выбарнікаў да скрыняў, і не фальсыфікавалі вынікі галасаваньня, то рэальна на выбары прыйшло б 10–12%. Пры такім раскладзе мог лёгка перамагчы любы кандыдат, які добра працаваў у перадвыбарную кампанію і загітаваў людзей прагаласаваць за яго.

«А гэта рэальная пагроза для праўладных кандыдатаў. Вось адкуль такія неймаверныя прыпіскі. Улады ператвараюць выбары з фарсу ў камэдыю», — кажа Дабравольскі.

11:59 18.2.2018

Не на ўсіх участках ёсьць буфэты з таннай выпіўкай

У самай вялікай вёсцы ў Беларусі — у Альшанах, што на Століншчыне, тры выбарчыя ўчасткі — № 46, 47 і 48, на якіх налічваецца каля пяці тысячаў выбарнікаў. Ніводзін з участкаў ня мае буфэтаў з таннай гарэлкай і прадуктамі харчаваньня.

Першыя выбарнікі прыходзяць на ўчасткі пасьля 10-й гадзіны. Да гэтага многія вяскоўцы праводзяць нядзелю ў пратэстанцкай царкве (больш за траціну з 8000 месьцічаў наведваюць пратэстанцкую царкву). А тым, хто прыйшоў першым на ўчастак, камісія дорыць сымбалічныя падарункі: шакаляд і набор ручнікоў.

Падобная сытуацыя і ў суседнім Давыд-Гарадку. На выбарчых участках № 11 и № 8, якія знаходзяцца ў школе і мясцовым Доме культуры адпаведна, няма буфэтаў.

11:56 18.2.2018

«Чорны лебедзь» — сотка за рубель 18 капеек

Як правіла, падчас выбараў у Беларусі на ўчастках для галасаваньня для выбарнікаў адчыняюць сталоўкі, дзе прадаецца алькаголь і закускі да яго, прычым каштуюць яны нярэдка таньней, чым у крамах. Свабода наведала некалькі такіх сталовак і распавядае вам.

На выбарчым участку № 17 Цэнтральнага раёну сталоўка падсобнай гаспадаркі «Беларуснафта-Асобіна» прапаноўвае гараджанам гарэлку трох гатункаў: «Чорны лебедзь» — 50 грам каштуе 59 капеек, «Сотка» — таксама 59 капеек, «Радамір» — 61 капейка. Армянскі каньяк «Арарат» нашмат даражэйшы — за тыя ж пяцьдзясят грамаў трэба заплаціць 1 рубель 24 капейкі. Багата разнастайнай закускі. Але а 9-й гадзіне участак, па сутнасьці, пуставаў. Толькі гараджане сталага веку зрэдку ішлі галасаваць.

11:49 18.2.2018

Ужо прагаласавалі болей за 2,5 мільёна выбарнікаў

Паводле дадзеных ЦВК, з улікам датэрміновага галасаваньня і першых дзьвюх гадзін сёньняшняга да выбарчых скрыняў прыйшлі 2.635.883 выбарнікі. Гэта — 38,08% ад усіх выбарнікаў краіны.

11:15 18.2.2018

96,4% — яўка на датэрміновае галасаваньне ў «Студэнцкай вёсцы» Менску

Яўка на датэрміновае галасаваньне на выбарчым участку № 35 у Маскоўскім раёне Менску, дзе знаходзіцца «Студэнцкая вёска» (у інтэрнаце № 11 БДУ), склала 96,4%, паведаміў праваабарончаму цэнтру «Вясна» выніковыя лічбы назіральнік Зьміцер Салаўёў. Паводле назіральніка, студэнты прыходзілі галасаваць групамі зь першага дня датэрміновага галасаваньня, у калідоры пэрыядычна ствараліся чэргі са студэнтаў.

На суседнім выбарчым участку № 36 Дзяржынскай выбарчай акругі, які знаходзіцца ў інтэрнаце № 1 Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсітэту, яўка за пяць дзён датэрміновага галасавання склала 74,1%. Паводле назіральніка Аляксея Лойкі, які ўсе пяць дзён дзяжурыў там, студэнты з інтэрнатаў МДЛУ і БДУІР таксама на галасаваньне зьяўляліся масава.

Раней студэнты пісалі ў сацсетках пра прымус да датэрміновага галасаваньня.

Студэнтаў гоняць галасаваць датэрмінова. Што пра гэта твіцяць

11:03 18.2.2018

Выбары як кумаўство. Топ-5 вэрсій навошта ўладам фальсыфікаваць выбары

Ілюстрацыйнае фота. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына на датэрміновым галасаваньні ў Менску
Ілюстрацыйнае фота. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына на датэрміновым галасаваньні ў Менску

​«Усё марна», «нічога ня будзе», «усё пад кантролем», «вам спачатку дадуць пагуляцца, пасьля забяруць», «яны што хочуць тое і зробяць». Гэта прыблізны пералік заклінаньняў многіх беларусаў ад часоў «сярэдняга Лукашэнкі» — ад 2001 году.

У такіх вось «наканаванцаў» няма адказу на адно канкрэтнае пытаньне: калі ўсё пад кантролем, навошта ўладам фальсыфікаваць выбары? Журналіст Севярын Квяткоўскі разважае над гэтым пытаньнем у сваім новым блогу.

10:54 18.2.2018

Няроўныя ўмовы для кандытатаў — праваабаронцы па выніках назіраньня за перадвыбарчай агітацыяй

Кандыдаты былі пазбаўленыя роўных умоваў сустрэчы з выбарнікамі, праўладныя кандыдаты актыўна выкарыстоўвалі адміністрацыйны рэсурс, грамадзкасьць пераважна не інфармавалі пра правядзеньне сустрэч з выбарнікамі. Гэтыя і іншыя высновы зрабілі аналітыкі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» па выніках назіраньня за этапам перадвыбарчай агітацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў.

Цалкам чытайце тут.

Загрузіць яшчэ

Глядзець камэнтары (18)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG