Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму лютэранскі пастар ня можа прыехаць памаліцца ў Горадню па «бязьвізе»


Лютэранская кірха ў Горадні

Бязьвізавы рэжым, які існуе ўжо больш за год, дазваляе замежным грамадзянам з 85 краін наведваць Горадзенскі раён на працягу дзесяці дзён. Аднак ніводзін замежны сьвятар, паводле дзейнага беларускага заканадаўства, ня мае права правесьці малебен у горадзенскім храме без адмысловага дазволу. А ў лютэранскую кірху такі дазвол наагул атрымаць немагчыма.

«Лютэране з заходніх краінаў ня могуць гэтага зразумець»

Днямі лютэранская грамада ў Горадні адзначыла 25-годзьдзе існаваньня, а таксама 240-годзе лютэранства ў Беларусі. Пастар горадзенскай лютэранскай кірхі — адзінай дзейнай у Беларусі — Уладзімер Татарнікаў падчас урачыстасьцяў распавёў, што ўся ягоная паства шчыра вітала бязьвізавы рэжым у Горадзенскім раёне.

Паводле яго, такі лібэральны падыход ня толькі спрыяе эканамічнаму росту ў рэгіёне, але і дае магчымасьць чалавечых кантактаў. Праўда, у той самы час пастар наракаў на тое, што іх рэлігійная грамада ня можа афіцыйна запрасіць лютэранскага сьвятара зь Нямеччыны альбо іншай краіны. Паводле пастара, маецца на ўвазе запрашэньне сьвятара не на працу, а толькі на тыя дзесяць дазволеных бязьвізавых дзён, каб ён мог правесьці малебен у кірсе.

Пастар Уладзімер Татарнікаў
Пастар Уладзімер Татарнікаў

Паводле Татарнікава, у заканадаўстве запісана так, што запрашаць замежных сьвятароў могуць толькі рэлігійныя абʼяднаньні, а лютэранская грамада ў Горадні існуе аўтаномна, не ўваходзіць ні ў якія абʼяднаньні — і па сутнасьці, як заўважае пастар, ня мае ніякіх правоў.

Ён кажа, што зьвяртаўся пісьмова да ўпаўнаважанага ў справах рэлігій і прасіў патлумачыць парадак узгадненьня запрашэньня замежных грамадзян непасрэдна для іхнай грамады. Атрымаў пісьмовы адказ, у якім гаворыцца: «Запрашэньне замежных грамадзян у Рэспубліку Беларусь для правядзеньня рэлігійнай дзейнасьці рэлігійнымі абшчынамі не прадугледжваецца».

«Нашы сябры ў заходніх краінах ніяк ня могуць гэтага зразумець. Бо калі ты прыяжджаеш у тую ж Нямеччыну, то маліся з кім хочаш і колькі хочаш, ніхто перашкодаў ня чыніць, і гэта не зьяўляецца парушэньнем заканадаўства, — кажа пастар. — У нас жа за такое адразу могуць вынесьці папярэджаньне. А некалькі папярэджаньняў за год — і прыхода можа ня быць».

Паводле Татарнікава, нават у Расеі няма такога жорсткага заканадаўства ў адносінах да вернікаў. Ён кажа, што лютэранскі сьвятар з расейскім грамадзянствам таксама ня можа правесьці службу ў іхнай кірсе — толькі з тае прычыны, што іхная грамада не ўваходзіць у абʼяднаньне.

«Бывае вельмі няёмка перад сваімі братамі па веры...»

Пастар зьвяртае ўвагу на тое, што афіцыйна запрасіць з замежжа яны ня могуць і сябраў замежных рэлігійных суполак.

«Бывае вельмі няёмка перад сваімі братамі па веры, якія жывуць у іншых краінах. Яны нас запрашаюць на сьвяты, мы бываем там, молімся разам, а самі запрасіць афіцыйна нікога ня можам», — кажа пастар Татарнікаў.

Каталіцкі сьвятар можа атрымаць дазвол толькі на кароткі тэрмін знаходжаньня ў Беларусі

Фарны касьцёл у Горадні
Фарны касьцёл у Горадні

У каталікоў на слыху неадзінкавыя скандалы з выдаленьнем замежных сьвятароў, непрацягваньнем ім візы. Але тым ня менш, як заўважае ксёндз Антоні Грэмза, сытуацыя выглядае трохі інакш, чым у лютэранаў.

«За месяц да прыезду сьвятара мы пішам да ўпаўнаважанага ў справах рэлігій адпаведны ліст, да якога прыкладаем пашпартныя дадзеныя сьвятара, які запрашаецца, ягоную біяграфію, а таксама праграму знаходжаньня, дзе і калі ён будзе праводзіць малебны», — кажа Антоні Грэмза.

Паводле яго, у дазволах на кароткатэрміновае наведваньне замежнымі сьвятарамі Горадзенскай дыяцэзіі ўлады не адмаўляюць, але просьбы аб доўгатэрміновым знаходжаньні (да аднаго году) не задавальняюцца.

Ксёндз Антоні кажа, што ў ніводнай з суседніх краінаў такога заканадаўства няма і яму ня вельмі зразумела, чаму ў Беларусі не зьмяняюцца гэтыя прыдуманыя яшчэ за савецкім часам правілы для вернікаў.

Запрасіць служыць праваслаўнага сьвятара з Расеі без дазволу таксама нельга

У канцылярыі Горадзенскай праваслаўнай эпархіі юрысконсульт Кацярына Скрыпко сказала Свабодзе, што на іх распаўсюджваюцца тыя ж правілы, якія згодна з заканадаўствам існуюць і для іншых рэлігійных канфэсій.

Праваслаўны Сьвята-Пакроўскі сабор у Горадні
Праваслаўны Сьвята-Пакроўскі сабор у Горадні

Яна кажа, што цяпер у Горадзенскай эпархіі на сталай аснове служаць некалькі сьвятароў з Расеі, Украіны і Малдовы.

«Мы таксама пісалі просьбы да ўпаўнаважанага, каб сьвятары зь іншых краінаў мелі магчымасьць служыць у нашых прыходах. Гэта тычыцца ўсіх замежнікаў, у тым ліку і грамадзян Расеі, — кажа юрысконсульт. — Ніколі ня мелі праблемаў з атрыманьнем дазволаў, упаўнаважаны ў справах рэлігій заўсёды ставіцца да нас з разуменьнем. Калі сканчаецца тэрмін знаходжаньня замежнага сьвятара, мы зноў пішам адпаведную заяву, і яму працягваюць тэрмін знаходжаньня».

«Мы ня лічым патрэбным гэта рабіць...»

Свабода зьвярнулася да намесьніка ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў з пытаньнем, ці не плянуе ведамства выступіць з ініцыятывай зьмяніць заканадаўства — лібэралізаваць яго на карысьць усіх рэлігійных канфэсій.

«Мы не займаемся заканадаўчымі актамі, ня лічым патрэбным гэта рабіць», — сказала Свабодзе намесьніца ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Алена Радчанка.

Рэфармацыі — 500. Што беларусам да гэтай гадавіны й колькі ў нас яе пасьлядоўнікаў?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG