Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «сьпіс дармаедаў» вырашылі вярнуць менскіх мужчынаў зь дзецьмі да 7 гадоў. Падобна, гэта незаконна


«Марш недармаедаў» у Бабруйску 12 сакавіка 2017 году, ілюстрацыйнае фота

Пастаянная камісія па «каардынацыі працы па садзеяньні занятасьці» Першамайскага раёну Менску расказала аб працы над базай «працаздольных грамадзянаў, не занятых у эканоміцы», піша БелТА.

Са сьпісу тых, хто плаціць за камунальныя паслугі паводле «эканамічна абгрунтаваных» тарыфаў (некаторыя зь якіх вышэйшыя ў 5 разоў за звычайныя), вырашылі не выключаць адну катэгорыю грамадзянаў.

Як піша БелТА, камісія выявіла 170 жанчынаў і 188 мужчынаў, якія маюць дзяцей да 7 гадоў і аплачваюць камунальныя паслугі. «Пасьля невялікай дыскусіі» мужчынаў вырашылі не выключаць са сьпісу, а «правесьці работу па аказаньні садзеяньня занятасьці». Гэта растлумачылі тым, што «ў аўтаматычным рэжыме немагчыма выявіць, ці самастойна яны выхоўваюць дзяцей бязь іхных маці».

Саўмін выключыў мужчынаў зь дзецьмі да 7 гадоў зь ліку «дармаедаў»

Гэта супярэчыць пастанове Савету Міністраў (PDF), прынятай 31 сакавіка 2018 году. У пункце 3, дзе пералічваюцца грамадзяне, якія лічацца занятымі ў эканоміцы, ёсьць такі падпункт:

«[Занятымі ў эканоміцы лічацца грамадзяне] якія зьяўляюцца маці (мачыхай) або бацькам (айчымам), усынавіцелем (удачарыцелем), апекуном (папячыцелем) і выхоўваюць дзіця ва ўзросьце да 7 гадоў, дзіця-інваліда ва ўзросьце да 18 гадоў, трох і больш непаўналетніх дзяцей».

Да пункту даецца нават удакладненьне: ня ўлічваюцца толькі дзеці, адносна якіх бацькі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў і якія выхоўваюцца ў прыёмных сем’ях ці дзіцячых дамах.

Пазьнейшая пастанова Саўміну (PDF) ад 8 сьнежня 2018 году ўносіць некаторыя карэктывы. Удакладняецца ў тым ліку тое, што пры фармаваньні або актуалізацыі «базы дармаедаў» зьвесткі пра дзяцей да 7 гадоў уносяцца і тады, калі дзіця дасягнула 7-гадовага ўзросту ў паўгодзьдзі, за якое фармуецца база.

Гэта значыць, што зьвесткі пра людзей зь дзецьмі да 7 гадоў могуць і аказацца ў «базе дармаедаў», але тады адказныя за базу мусяць пазначаць гэтую акалічнасьць, бо такія людзі лічацца занятымі ў эканоміцы — «недармаедамі». Гэта значыць, адносна іх ня трэба «праводзіць работу па аказаньні садзеяньня занятасьці» і нават абтэлефаноўваць іх з пытаньнямі пра занятасьць, зь іх нельга спаганяць падвышаную «камуналку».

Ніводная пастанова ня робіць дыскрымінацыі паводле полу адносна бацькоў у пытаньні аднясеньня да «дармаедаў», таксама няма ніякіх удакладненьняў аб выхаваньні дзяцей адным з бацькоў ці абаімі.

Падобна, сакавіцкая пастанова (PDF) аб парадку «залічэньня ў дармаеды» і пазьнейшыя рашэньні не даюць права «дармаедзкім камісіям» пашыраць катэгорыі «не занятых у эканоміцы» — калі толькі адваротнае не пазначана ў адным з пунктаў «для службовага карыстаньня».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG