Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дармаедам» у Берасьці шлюць SMS. Але за чый кошт?


«Марш недармаедаў» у Бабруйску 12 сакавіка 2017 году, ілюстрацыйнае фота

Камісія каардынацыі працы ў садзейнічаньні занятасьці насельніцтва пры адміністрацыі Маскоўскага раёну Берасьця разаслала каля дзьвюх тысяч SMS «​не занятым у эканоміцы» грамадзянам​.

У іх паведамляецца, што атрымальнік SMS «залічаны да працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы». Таксама ў ёй рэкамэндуецца зьвярнуцца ў камісію. Хаця пазначаны памылковы адрас сайту Берасьцейскага гарвыканкаму, а тэлефон амаль пастаянна заняты.

Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.

Чалец камісіі, намесьнік кіраўніка адміністрацыі Вячаслаў Мятліцкі сказаў карэспандэнту Свабоды, што «не занятым у эканоміцы» ўжо разаслалі каля дзьвюх тысяч SMS. Але за чый кошт?

«Гэта ўжо нашы ўнутраныя пытаньні, за які кошт дасылаецца. Я распаўсюджваць такую інфармацыю ня буду. Людзі за іх ня плацяць. Для чаго гэта робіцца? Каб чалавек мог пацьвердзіць сваю занятасьць», — сказаў Вячаслаў Мятліцкі.

Атрымальнік SMS павінен зьвярнуцца ў камісію і падаць неабходныя дакумэнты, каб яго выключылі з «дармаедзкай» базы.

«Галоўнае, каб чалавек да нас зьвярнуўся і аб’явіўся».

​Паводле Вячаслава Мятліцкага, камісія Маскоўскай адміністрацыі Берасьця «адна зь першых, хто пачаў выкарыстоўваць SMS».

Колькі ўсяго грамадзян камісія выключыла з базы і колькі ў ёй засталося, абяцаюць падсумаваць у канцы студзеня.

Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт

Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.

7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт

Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.

  • У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
  • Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.

Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.

Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі

Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.

Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.

ТЭСТ: Даведайцеся, ці вы «дармаед»?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG