Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе ад 2021 году забароняць плястыкавы посуд


Ілюстрацыйнае фота.

Эўрапарлямэнт прыняў законапраект аб барацьбе з плястыкавымі адкідамі — ухваліў забарону аднаразовага плястыкавага посуду, а таксама абмежаваў выкарыстаньне іншых вырабаў разавага карыстаньня з плястыка.

Эўрапарлямэнт у сераду, 27 сакавіка, ухваліў законапраект, накіраваны на скарачэньне сьмецьця з плястыка. Ён набудзе моц пасьля ўхвалы Эўрапейскай радай. Паколькі прадстаўнікі Эўрапейскага парлямэнту і краінаў ЭЗ у сьнежні летась узгаднілі дэталі законапраекту, чакаецца, што пры яго разглядзе ня будзе пярэчаньняў, піша «Нямецкая хваля».

Так, з 2021 году ў ЭЗ будзе забаронена выкарыстаньне аднаразовых вырабаў — у прыватнасьці, плястыкавага посуду, ватных касмэтычных палачак, саломінак для піцьця, — якія могуць вырабляцца зь іншых матэрыялаў. З 2024 года плястыкавыя бутэлькі будуць прадаваць толькі з прымацаванымі да іх крышкамі.

Выкарыстаньне вырабаў з плястыку, у якіх пакуль няма экалягічнай альтэрнатывы, напрыклад, плястыкавых шклянак і ўпаковак для прадуктаў харчаваньня, павінна быць абмежавана. Згодна з законапраектам, краіны ЭЗ павінны самастойна прыняць захады ў гэтай сувязі.

Паводле дадзеных Эўракамісіі, у год у Эўропе ў сярэднім на аднаго жыхара прыходзіцца 31,1 кг плястыкавых адкідаў, у Нямеччыне — 37,4 кг. У сярэднім у ЭЗ каля траціны плястыкавага сьмецьця падлягае другаснай перапрацоўцы, астатнія адходы экспартуюцца. На долю плястыка прыходзіцца 85 адсоткаў усяго сьмецьця ў сусьветным акіяне, зь іх палову складаюць разавыя плястыкавыя вырабы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG