Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прэзыдэнцкія выбары пройдуць у 2020 годзе». Пасланьне Лукашэнкі: цытуем і камэнтуем


Аляксандар Лукашэнка падчас пасланьня беларускаму народу і Нацыянальнага сходу. 19 красавіка 2019 году

Коратка

19 Аляксандар Лукашэнка выступіў са штогадовым пасланьнем да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Прамову паказвалі ў жывым эфіры дзяржаўныя тэлеканалы. Журналістаў незалежных СМІ не акрэдытавалі.

13:21 19.4.2019
16x9 Image Валер Карбалевіч

Як караюць за наркотыкі

Лукашэнка прызнаў, што ў Беларусі караюць за спажываньне наркотыкаў. Сытуацыя рэдкая для сьвету, характэрная, хутчэй, для мусульманскай краіны. Гэта на тле таго, што ва ўсім сьвеце назіраецца трэнд на лібэралізацыю пакараньняў па наркатычных артыкулах.

13:16 19.4.2019

Амністыі пакараным за наркотыкі ня будзе

Дэпутат Васіль Чэкан ад Гомельшчыны пацікавіўся, ці ўхваляе Лукашэнка магчымасьць амністыі па «наркатычным артыкуле» № 328?

«За наркотыкі — ніякай амністыі. Нарката — гэта страх, бяда, трагедыя. Ужо не кажу пра генафонд — хто народзіцца і каму потым даглядаць? Па спажыўцах яшчэ можна вырашаць пэрсанальна, але хто вырабіў і распаўсюдзіў — адназначна ў турму», — падсумаваў ён.

На гэтым паседжаньне скончылася.

13:07 19.4.2019

Пра продаж «Беларуськалія» і БелАЗа

Ганна Канапацкая нагадала, што Лукашэнка загадаў да 2025 году давесьці ВУП Беларусі да 100 мільярдаў даляраў. Але пры дырэктыўным кіраваньні і адсутнасьці інвэстыцый, лічыць яна, гэта маларэальна.

Лукашэнка сказаў, што ня супраць рэформаў, але ня можа рызыкаваць: маўляў, ужо аддавалі ў прыватныя рукі, а потым даводзілася зноў вяртаць пад дзяржаўны кантроль. Гатовы аддаць нават гіганты кшталту «Беларуськалія» ці БелАЗу, але за вялікія грошы, не за капейкі.

Што тычыцца інвэстараў, сказаў, што ня бачыць годных праектаў, якія б былі ў інтарэсах дзяржавы і канкрэтнага чалавека. А каму хочацца, хай становіцца ў чаргу ў індустрыяльны парк «Вялікі камень», там практычна нулявыя падатковыя стаўкі.

13:01 19.4.2019

Без камэнтароў. Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк слухае Лукашэнку

12:56 19.4.2019

Пра цану Беларускай АЭС і будаўніцтва АЭС-2

Дэпутатка Ганна Канапацкая папрасіла ўдакладніць заяву расейскага амбасадара Міхаіла Бабіча, ці сапраўды расейскі бок зьнізіў на 3 мільярды даляраў кошт АЭС для Беларусі?

Лукашэнка адказаў, што амбасадар «дрэнна лічыць». Станцыя, па яго совах, будзе таньнейшай таму, што над усім ёсьць «жорсткі кантроль». Таксама працуе шмат беларусаў, якія меней «каштуюць». Канчатковую лічбу не назваў, але сказаў, што, мабыць, каля 7 мільярдаў даляраў (першапачаткова называлася сума 10 мільярдаў).

Пры гэтым Лукашэнка ня выключыў у пэрспэктыве ўзьвядзеньня другой АЭС на ўсходзе краіны, каб зрабіць даступнымі тарыфы для насельніцтва.

12:39 19.4.2019
16x9 Image Валер Карбалевіч

У краіне павінен быць адзін герой

Лукашэнка сказаў: я супраць новых помнікаў. І зразумела чаму. Новыя помнікі — гэта новыя героі ў палітычнай і інфармацыйнай прасторы. А ў краіне павінен быць адзін герой. І ўсе ведаюць ягонае прозьвішча.

12:37 19.4.2019
16x9 Image Валер Карбалевіч

Новую Канстытуцыю варта чакаць да 2023 году

Новы парлямэнт будзе прымаць новую Канстытуцыю. Гэта значыць, што яна павінна зьявіцца да 2023 году. Яшчэ адно даручэньне: дапамагчы вэтэранам. То бок, можна меркаваць, што ў новым складзе Палацы прадстаўнікоў будзе вялікая фракцыя вэтэранаў. То бок, упырснуць кансэрватыўную кроў.

Упершыню за шмат гадоў пытаньні дэпутатаў паказваюць у жывым эфіры. Перадвыбарчая пара шмат што мяняе.

12:35 19.4.2019

Пра помнікі кіраўнікам БССР

Дэпутатка Алена Анісім спытала пра помнікі дзяржаўным дзеячам БССР, сёлета якраз адзначалася 100 гадоў савецкай Беларусі.

Лукашэнка сказаў, што ён праціўнік узьвядзеньня новых помнікаў, таму хай пра гэта падумае «новы прэзыдэнт». Асабіста ён ня будзе падтрымліваць такую ініцыятыву, бо хапае іншых праблемаў.

12:32 19.4.2019

Лукашэнка пачаў адказваць на пытаньні

Пытаньне ад дэпутата Ігара Марзалюка пра магчымасьць увядзеньня Дня беларускай дзяржаўнасьці ў гонар Эўфрасіньні Полацкай.

Лукашэнка як «гісторык» паабяцаў разам падумаць, каб «не патрапіць пад крытыку». Трэнд правільны, адзначыў ён, але разважаць пра нешта канкрэтнае лічыць дачасным.

12:27 19.4.2019

Гаварыў амаль дзьве гадзіны

«Беларусь як сувэрэнная і незалежная дзяржава адбылася. Гаворачы на дзьвюх дзяржаўных мовах, мы адна нацыя. Мы народ моцнай і квітнеючай краіны», — завяршыў прамову Лукашэнка. Яна доўжылася 1 гадзіну 55 хвілін.

12:26 19.4.2019
16x9 Image Валер Карбалевіч

Ці возьме Лукашэнка прыклад з Нурсултана?

Зь сюжэту пра Канстытуцыю адзінае новае палягае ў тым, што Лукашэнка не зьбіраецца мяняць Канстытуцыю паводле мадэлі Назарбаева. То бок ён не зьбіраецца сабе ствараць пасаду, якая будзе раўназначная пасадзе прэзыдэнта.

12:22 19.4.2019

Пра зьмены Канстытуцыі

Судзьдзі Канстытуцыйнага суду цяпер займаюцца пытаньнямі карэктываў у Асноўны закон, — пацьвердзіў Лукашэнка, прызнаўшыся, што не хацеў бы аддаць «пераемніку» Канстытуцыю і цяперашнім выглядзе.

«Я ўжо наўладарыўся, таму разьбяромся, якой яна павінна быць. Мы ня будзем секчы Канстытуцыю на галіны ўлады. Разам сядзем за парты, возьмем асадкі і пачнем пісаць — каб было добра ўсім».

12:21 19.4.2019

Пра выбары прэзыдэнта ў 2020 годзе

Лукашэнка сказаў, што не зьбіраецца «падладкоўвацца» пад розных аналітыкаў, прэзыдэнцкія выбары адбудуцца ў 2020 годзе. Сёлета пройдуць выбары ў Палату прадстаўнікоў — 7 лістапада, на дзень Кастрычніцкую рэвалюцыю.

12:20 19.4.2019
16x9 Image Юры Дракахруст

З кім змагацца ў інтэрнэце, сваімі ці чужымі?

Ня з тымі змагаемся ў інтэрнэце. Трэба змагацца ня з нашай апазыцыяй. А зь кім? Было сказана — з тым, хто прыехаў. Гэта пра каго? Днямі зьявілася аналітыка пра тое, як за пару гадоў у Беларусі паўстала сетка расейскай прапаганды ва ўсіх абласьцях краіны. Завяршылася станаўленьне гэтай сеткі летась. Летась таксама ў Беларусь прыехаў новы амбасадар РФ Міхаіл Бабіч. Ці яго і гэтую сетку меў на ўвазе Лукашэнка? Аднак сказана занадта завуалявана.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG