Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус выклікаў рэцэсію ў ЗША і астатнім сьвеце: акцыі падаюць, інвэстары выводзяць грошы


У сераду найбуйнейшыя фондавыя індэксы Ўол-Стрыт страцілі ад 4,7% да 6,3%, паведамляе «Голас Амэрыкі». Эўрапейскія фондавыя індэксы страцілі больш за 4%​.

Прамысловы індэкс Доў Джонса, які страціў 1338 пунктаў, згубіў практычна ўвесь прырост, дасягнуты з моманту інаўгурацыі Дональда Трампа ў 2017 годзе. Пацярпелі інвэстыцыі нават, здавалася б, цалкам бясьпечных галін, бо ўспышка каранавірусу прывяла да сур'ёзных эканамічных узрушэньняў і інвэстары кінуліся выводзіць грошы з рынку.

Незвычайна моцная валятыльнасьць назіраецца на рынках ужо на працягу некалькіх тыдняў. У гэтым месяцы ў сярэднім фондавы рынак штодня падаў або рос на 4,9%. За апошняе дзесяцігодзьдзе гэты паказчык у сярэднім складаў 0,4%.

Пасьля таго, як прэзыдэнт Трамп паабяцаў масіўную дапамогу эканоміцы, Доў Джонс вырас больш чым на 5%, аднак, па меры павелічэньня колькасьці заражэньняў каранавірусам, гэты рост зьмяніўся падзеньнем, і ў выніку індэкс страціў амаль увесь прырост, назапашаны за час прэзыдэнцтва Дональда Трампа.

Індэкс S&P 500, які ў значнай ступені паказвае эфэктыўнасьць прыватных пэнсійных плянаў амэрыканцаў, упаў у параўнаньні зь мінулым месяцам на 29,2%, хоць ён усё яшчэ на 12,1% вышэйшы, чым у дзень выбараў прэзыдэнта ў 2016 годзе.

Падзеньне S&P 500 было настолькі рэзкім, што таргі ў сераду спынілі на 15 хвілін. Індэкс завяршыў дзень зьніжэньнем на 5,2% пасьля таго, як раней паваліўся на цэлых 9,8%.

Авіякампанія Delta паведаміла ў сераду, што яна прыпаркавала як мінімум палову сваіх самалётаў у сувязі з рэзкім скарачэньнем колькасьці пасажыраў, якія баяцца падарожнічаць.

«Вялікая тройка» аўтавытворцаў Дэтройта вырашыла закрыць свае паўночнаамэрыканскія заводы, патлумачыўшы гэта захадамі для абароне рабочых.

Нафтаздабыўная кампанія Halliburton абвясьціла, што на працягу 60 дзён у неаплачаны водпуск адправяць 3,5 тысячы рабочых, таму што цэны на нафту працягваюць падаць.

Па меры спыненьня цэлых сэктараў эканомікі праз барацьбу з пандэміяй, інвэстары патрабуюць ад Кангрэсу, Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы і іншых рэгулятараў па ўсім сьвеце падтрымаць эканоміку да таго часу, пакуль яна зноў не пачне нармальна функцыянаваць.

«Валятыльнасьць захаваецца, — кажа Браян Нік, галоўны інвэстыцыйны стратэг аналітычнай фірмы Nuveen. — Гаворка ідзе пра вірус, а не пра эканамічную рэакцыю».

У сераду хваля распродажаў ахапіла рынкі па ўсім сьвеце. Амэрыканская эталённая нафта патаньнела на 24%, зваліўшыся ніжэй за 21 даляр за барэль упершыню з 2002 году. Эўрапейскія фондавыя індэксы страцілі больш за 4% пасьля значных страт у Азіі.

Нават цэны на доўгатэрміновыя казначэйскія аблігацыі ЗША, якія лічацца аднымі з самых бясьпечных інвэстыцый, упалі, калі інвэстары прадалі ўсё, што маглі, каб забраць гатоўку. Золата таксама патаньнела.

На рынку аблігацый становішча ня менш нэрвовае. Інвэстары прадаюць высакаякасныя аблігацыі, каб атрымаць гатоўку, кіруючыся тым, што менавіта такія бонды прадаць будзе лягчэй за ўсё. Гэта парадаксальным чынам цісьне на рынак, і цэны ідуць уніз.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG