Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Абсалютна ўсе студэнты вучацца онлайн», — кіраўніца лінгвістычнай школы ў Бостане


Марына Львова, кіраўніца бостанскай школы International School of Advanced Learning

Ураджэнка Менску, кіраўніца International School of Advanced Learning у амэрыканскім Бостане Марына Львова расказвае, як праз пандэмію цалкам перайшлі на дыстанцыйнае навучаньне ў штаце Масачусэтс, дзе знаходзяцца найлепшыя ўнівэрсытэты ЗША, такія як Гарвард, Масачусэцкі тэхналягічны інстытут ды іншыя навучальныя ўстановы рознага ўзроўню.

Марына Львова пераехала зь Беларусі ў ЗША ў 1999 годзе. У Менску скончыла філялягічны факультэт БДУ, у Бостане — Унівэрсытэт Брандэйса, дзе атрымала ступень магістра ў кіраваньні бізнэс-праектамі. Стваральніца і кіраўніца International School of Advanced Learning у Бостане, дзе дапамагаюць моўнай і прафэсійнай інтэграцыі ў ЗША. Некалькі месяцаў на год выкладае курс бізнэс-мэнэджмэнту ва ўнівэрсытэтах Беларусі, Расеі і Казахстану.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Мы змаглі перавесьці школу на дыстанцыйны рэжым за 3–4 дні»

Марына Львова
Марына Львова

У штаце Масачусэтс цяпер жорсткі карантын — у выніку пандэміі каранавірусу інфікаваныя каля 27 тысяч чалавек, каля 800 памерлі. У мястэчку пад Бостанам, дзе жыве Марына Львова зь сям’ёй, каля 40 інфікаваных. Яна практычна ўвесь час знаходзіцца дома. Тым ня менш яе школа International School of Advanced Learning працуе.

— Мая школа перайшла на дыстанцыйнае навучаньне. Усе студэнты, якія прыехалі з студэнцкімі візамі, сядзяць у хатах і кожны дзень выходзяць на сувязь з пэдагогамі. Працуюць як ранішнія, так і вечаровыя клясы. Раней онлайнавае лінгвістычнае навучаньне не дазваляла атрымліваць студэнцкую візу, трэба было вучыцца толькі ў клясе. Цяпер гэта дазволілі. Многія студэнты напалохаліся і вярнуліся дадому, бо ў такіх умовах хочуць быць разам зь сямʼёй. У нас шмат студэнтаў з Бразыліі, яны вельмі сканцэнтраваныя на семʼях і, на жаль, многія вяртаюцца дадому. Гэта рэальнасьць. Мы змаглі перавесьці школу на дыстанцыйны рэжым за 3–4 дні.

Марына Львова кажа, што ў яе школе ўжо чатыры гады карысталіся праграмай ZOOM у працы з карпарацыйнымі кліентамі.

— Нават кляса з 15 студэнтамі можа працаваць. Настаўнікі прайшлі адаптацыйную фазу і цяпер самі прыдумляюць, як лепш і эфэктыўней працаваць са студэнтамі.

«Першы сэмэстар у верасьні, магчыма, будзе онлайн, нават калі скончыцца карантын»

Паводле Марыны Львовай, у штаце Масачусэтс цяпер усе навучальныя ўстановы працуюць дыстанцыйна.

— Урачыстых цырымоніяў з нагоды заканчэньня ўнівэрсытэту ня будзе. Ідуць размовы, і гэта яшчэ не канчатковае рашэньне, што першы сэмэстар у верасьні будзе таксама онлайн, нават калі карантын і скончыцца, бо хочуць унікнуць збору многіх людзей у адным месцы.

Я ведаю шмат людзей з Расеі, Украіны і Казахстану, якія паступілі ў амэрыканскія ВНУ, атрымалі ўсе паперы, але пакуль ніхто ня можа сказаць, калі яны атрымаюць студэнцкую візу, бо ўсе амбасады закрытыя. Унівэрсытэцкая адміністрацыя пакуль што не гатовая адказаць на пытаньні пра час прыезду замежных студэнтаў. Напрыклад, Унівэрсытэт Масачусэтсу паведамляе, што, магчыма, для першакурсьнікаў першы сэмэстар пачнецца пасьля Новага году.

Дыстанцыйна немагчыма праводзіць заняткі ў фізычных і хімічных лябараторыях, часткова ў мэдычных спэцыяльнасьцях. Лекцыі могуць праходзіць, а ўсё, што патрабуе пэўных досьледаў, — не. Для першакурсьнікаў ёсьць пэўныя працэдуры, адміністрацыя хоча, каб яны абавязкова прайшлі ў кампусе, і таму, магчыма, не захочуць пачынаць онлайн-курс для першакурсьнікаў у верасьні.

«Прыватныя школы былі лепш падрыхтаваныя»

Марына Львова расказвае пра новыя магчымасьці і новыя падыходы ў адукацыі, якія зьявіліся праз пандэмію.

— Пандэмія паказала, што найхутчэй змаглі зарыентавацца тыя, хто думае іншымі катэгорыямі, хто ці зрабіў сваю плятформу, ці ўжывае zoom і іншыя плятформы, як у нашай школе, напрыклад. Грамадзкія школы не былі гатовыя, і толькі цяпер яны пачынаюць нешта рабіць і пераходзіць на дыстанцыйнае навучаньне. Прыватныя школы былі лепш падрыхтаваныя, як і пазашкольныя адукацыйныя ўстановы. Наша знакамітая RSM (Russian School of Mathematics) перайшла ў онлайн за два тыдні. А гэта 40 тысяч студэнтаў ува ўсёй Амэрыцы.

«Многія выкладчыкі ў постсавецкіх краінах не гатовыя выкладаць дыстанцыйна»

Як спэцыялістку ў сфэры адукацыі з досьведам выкладаньня ў Беларусі і ў іншых постсавецкіх краінах, мы папрасілі Марыну Львову ацаніць гатоўнасьць адукацыйных сыстэмаў рэгіёну да дыстанцыйнага навучаньня.

— Я выкладала на праграмах MBA у БДУ. Калегі кажуць, што яны перайшлі. Расказваюць, што студэнты скардзяцца, ня вельмі задаволеныя. Многія выкладчыкі не гатовыя выкладаць дыстанцыйна. Гэта патрабуе часу і пэўнай кваліфікацыі. Першыя крокі там былі зробленыя, бо шмат выкладчыкаў праграмы MBA у БДУ — практыкі, працуюць у кампаніях, маюць досьвед працы з дыстанцыйнымі тэхналёгіямі.

У Казахстане шмат грошай на гэта выдаткавалі, але ўсё было толькі адрапартавана. Насамрэч ніхто ў шматлікіх ВНУ не гатовы выкладаць дыстанцыйна. Цяпер яны проста адсылаюць студэнтам заданьні і матэрыялы, але рэальнай камунікацыі між студэнтамі і выкладчыкамі няма, віртуальнай клясы няма.

«Пасьля пандэміі будзе зусім іншы падыход да адукацыі»

Што трэба найперш зрабіць для пераходу на дыстанцыйнае навучаньне? Марына Львова адказвае:

— Зрабіць практыкум Training for Trainers, каб навучыць выкладчыкаў вучыць дыстанцыйна, якія тэхналёгіі і плятформы стасаваць, што даваць як самастойныя заданьні, а што трэба рабіць у кансультацыйным кірунку. Бостанскі ўнівэрсытэт яшчэ да пандэміі перайшоў на дыстанцыйнае навучаньне. 20 гадоў усе кампутарныя, матэматычныя дысцыпліны яны выкладаюць у тым ліку і дыстанцыйна. Цяпер яны толькі пашырылі сваю базу і ўсё.

Паводле экспэрткі, праз дыстанцыйнае навучаньне могуць зьнізіцца цэны, бо ў такім фармаце інтэрнат і харчаваньне не ўваходзяць у цану навучаньня. Але само навучаньне ня будзе таньнейшым, бо насамрэч тут больш працы і намаганьняў — як для выкладчыкаў, так і для студэнтаў.

— Думаю, што пасьля пандэміі будзе зусім іншы падыход да адукацыі ў цэлым. Нейкія дысцыпліны пяройдуць толькі ў онлайн, ня трэба будзе траціць час, каб езьдзілі ва ўнівэрсытэты. Акрамя лябараторных і практычных заняткаў. Але і навучаньне, зьвязанае з культурай, культурнымі кодамі, ня можа быць цалкам дыстанцыйным. Напрыклад, онлайн вывучыць мову можна, але зразумець яе знутры без жыцьця ў краіне немагчыма. Мяркую, што будучыня за камбінаваньнем. Нейкую частку дысцыплінаў можна будзе лёгка перанесьці ў онлайн, але нейкія фундамэнтальныя асновы, культуралягічныя дысцыпліны, лябараторыі павіны быць ужывую.

Вельмі важны момант — наяўнасьць гаджэтаў і кампутараў у студэнтаў і школьнікаў, а таксама інтэрнэт высокай якасьці, бо онлайн-навучаньне бяз гэтага немагчымае. Ня ўсе ў Беларусі і ў ЗША маюць такую магчымасьць празь фінансавыя цяжкасьці. Гэта мае сёньняшняе бачаньне сытуацыі. Зразумела, што жыцьцё ўнясе свае карэктывы.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG