Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.


Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Збор подпісаў за кандыдатаў стартуе 21 траўня

Да збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты на сёлетніх выбарах дапусьцілі 15 ініцыятыўных групаў. Найбольшыя зь іх маюць Аляксандар Лукашэнка (заяўлена 11 тысяч чалавек), банкір Віктар Бабарыка (8,9 тысячы), старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч (4 тысячы) і лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў (2,4 тысячы).

Гэтыя 15 групаў змогуць зьбіраць подпісы грамадзянаў да 19 чэрвеня ўключна. Для вылучэньня кандыдата трэба сабраць за яго 100 000 подпісаў грамадзян (у рэальнасьці нават болей, бо нейкую частку падпісных лістоў з подпісамі адхіляюць з прычыны памылак у асабістых зьвестках). Рэгістраваць кандыдатаў будуць 5–14 ліпеня.

Прынамсі 4 прэтэндэнты, чые ініцыятыўныя групы зарэгістравалі, заяўлялі, што будуць выкарыстоўваць этап збору подпісаў толькі як пляцоўку для масавых сходаў, але не зьбіраюцца ўдзельнічаць у выбарах як кандыдаты. Гэта адзін з «кандыдатаў пратэсту» Ўладзімер Няпомняшчых, а таксама тры ўдзельнікі праймэрыз: Юры Губарэвіч (старшыня руху «За свабоду»), Вольга Кавалькова (сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі) і Мікалай Казлоў (старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі).

Што кажуць пра Бабарыку

Удзел Віктара Бабарыкі актыўна абмяркоўваюць — у яго рэкордна вялікая ініцыятыўная група сярод апанэнтаў Лукашэнкі, і яшчэ да прызначэньня даты выбараў ён быў заўважным у публічным полі, але ня ў якасьці палітыка.

«Бабарыка ўсё больш выглядае як небясьпечны для ўладаў кандыдат», — разважае Арцём Шрайбман.

«Людзі выдумляюць Бабарыку, каб даведацца, хто ён такі», — мяркуе Паўлюк Быкоўскі ў «Праскім акцэнце».

«Якую маску надзеў Віктар Бабарыка», — тлумачыць Юры Дракахруст.

15 ініцыятыўных групаў — гэта шмат? Колькі было на ранейшых выбарах у Беларусі і колькі «выходзіла ў фінал»

Цяперашнія 15 зарэгістраваных і 40 адхіленых групаў — рэкорд у гісторыі Беларусі. Але раней да бюлетэняў дабіралася максымум палова ахвотнікаў. Нават на першых прэзыдэнцкіх выбарах у 1994 годзе — адзіных прызнаных дэмакратычнымі краінамі Эўразьвязу і Злучанымі Штатамі — былі прэтэндэнты, ініцыятыўныя групы якіх не зарэгістравалі.

«У галіне правоў чалавека — стагнацыя». Нямецкі чыноўнік пра Беларусь перад выбарамі

Нямеччына занепакоеная арыштамі журналістаў, відэаблогераў, удзельнікаў мірных пратэстаў у Беларусі. Права на свабоду слова, аб’яднаньняў і сходаў ёсьць «базавай неабходнасьцю для дэмакратычнага грамадзтва», падкрэсьліў Дырк Візэ.​

«Яны не павінны неапраўдана абмяжоўвацца. Нямеччына гатовая дапамагчы ў гэтым як парадамі, так і дзеяньнямі. У надзвычайных умовах пандэміі, у якіх 9 жніўня пройдуць прэзыдэнцкія выбары, асабліва важна захаваньне асноўных дэмакратычных прынцыпаў», — дадаў прадстаўнік нямецкага ўраду.

Візэ адзначыў, што за апошнія гады ў Беларусі прыкметна вырасла гатоўнасьць займацца ў рамках міжнароднага дыялёгу пытаньнямі правоў чалавека, дэмакратыі і прававой дзяржавы. Важную ролю адыгрывае штогадовы Менскі форум. У той жа час нямецкі бок чакае, што гэтая гатоўнасьць знойдзе рэалізацыю ў канкрэтных захадах і рэформах. Пакуль у гэтым пляне пэўная стагнацыя, заявіў Візэ.

Чытаць далей >>

Без апазыцыі. Праваабаронцы расказалі, як фармуюцца тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі

На прыкладзе Бярозаўскага раёну Берасьцейшчыны ўдзельнікі кампаніі назіраньня «Праваабаронцы за свабодныя выбары»​ расказалі, як не дапускаюць апазыцыйных вылучэнцаў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі.

На максымальна магчымы склад з 13 сябраў камісіі тут прэтэндавалі 17 чалавек. У выніку незалежныя вылучэнцы ў камісію ня трапілі, хоць некаторыя зь іх шмат гадоў займаюцца выбарамі і ведаюць законы.

Так, сябра партыі БНФ Анатоль Сахаруша раней ужо меў досьвед працы ва ўчастковых камісіях, а ў 2010 годзе быў даверанай асобай кандыдата Рыгора Кастусёва. Пэнсіянэрка Тамара Шчапёткіна назірала ў камісіях рознага ўзроўню і ў нават у складзе міжнародных місій. Але іх досьвед стаў незапатрабаваным.

У 11.00 заплянаваная прэс-канфэрэнцыя Валерыя Цапкалы — экс-кіраўніка Парку высокіх тэхналёгіяў і патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты

Свабода будзе весьці жывую трансьляцыю.

«10 гадоў без разьвіцьця». Цапкала адказвае на пытаньні пра сваю прэзыдэнцкую кампанію

Тут каротка пераказваем, што за паўтары гадзіны Валеры Цапкала сказаў пра 10 гадоў без разьвіцьця Беларусі і замежны досьвед, пра тое, «хто ва ўсім гэтым вінаваты» і пра супрацу з Лукашэнкам у 1994, пра канфлікты з журналістамі і «саюзную дзяржаву».

«Ведаў, колькі ад мацёры мусіць нарадзіцца парасят». Цапкала патлумачыў, чаму на першых выбарах працаваў на Лукашэнку

«Калі вы расчараваліся ў Аляксандру Лукашэнку?» — спытала Радыё Свабода ў Валера Цапкалы падчас прэсавай канфэрэнцыі. У 1994 годзе падчас выбараў прэзыдэнта Беларусі Валер Цапкала быў адной з ключавых фігураў каманды Аляксандра Лукашэнкі.

«У 1994 годзе было вялізнае жаданьне беларускага грамадзтва на перамены, — адказаў Цапкала. — У той час мы асацыявалі рух наперад Беларусі зь цяперашнім прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам (...) На той час ён быў сапраўды блізкі, быў блізкі да маёй бабкі, бо ён ведаў, колькі ад мацёры мусіць нарадзіцца парасят. Ён быў блізкі тым, хто яшчэ быў выхадцам зь вёсак, бо ён разумеў, колькі курэй мусіць пакрываць певень. Гэта было блізка і імпанавала». Цалкам чытайце тут.

«Будуць і маскі, і пальчаткі». Як вылучэнцы ў прэзыдэнты будуць зьбіраць подпісы ва ўмовах пандэміі

Пікеты, сустрэчы, абыход кватэраў — неабходныя атрыбуты выбарчай кампаніі. Але як гэта рабіць ва ўмовах, калі на COVID-19 захворваюць па 900 чалавек за дзень? Свабода распытала некаторых прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта, як яны зьбіраюцца ладзіць кампанію ва ўмовах пандэміі. Чытайце іх адказы па спасылцы >>

Прэтэндэнты на кандыдата ў прэзыдэнты атрымліваюць падпісныя лісты. Фатафакт

Сяргей Чэрачань (у цэнтры), старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), атрымаў падпісныя лісты для сбору подпісаў выбарнікаў. 21 траўня 2020 году
Сяргей Чэрачань (у цэнтры), старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), атрымаў падпісныя лісты для сбору подпісаў выбарнікаў. 21 траўня 2020 году
Андрэй Дзьмітрыеў, старшыня кампаніі «Гавары праўду», таксама атрымаў падпісныя лісты
Андрэй Дзьмітрыеў, старшыня кампаніі «Гавары праўду», таксама атрымаў падпісныя лісты

Маці Валера Цапкалы: Пра яго ўдзел у выбарах даведалася ад суседзяў

Ніна Пятроўна, маці Валера Цапкалы, які зарэгістраваны ў якасьці прэтэндэнта ў кандыдаты на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах, расказала Свабодзе пра сына.

Валер Цапкала нарадзіўся ў Горадні. Быў адзіным дзіцем у сям’і. Ягоныя бацькі працавалі інжынэрамі на самым буйным горадзенскім прадпрыемстве «Гродна Азот». Такую ж будучыню яны бачылі і для свайго сына.Бацька Вільям Цапкала пайшоў з жыцьця 15 гадоў таму. Маці Ніне Пятроўне цяпер 83 гады. Гутарку з маці чытайце па спасылцы >>

Палітычныя забойствы і аўтарскае права на інтэрвію. Якія заявы Бабарыкі і Цапкалы не адпавядаюць рэчаіснасьці

Два прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта Беларусі — Віктар Бабарыка і Валер Цапкала — падчас сваіх прэсавых канфэрэнцый зрабілі шэраг даволі спрэчных ці проста непраўдзівых выказваньняў. Праверылі тэзы, якія не адпавядаюць фактам.

«Цапкалы ў штабе Лукашэнкі было шмат». Лябедзька пра ролю былога калегі ў выбарах 1994 году і ня толькі

Амаль 23 гады Валер Цапкала належаў да сыстэмы ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта Лукашэнка прызначыў Цапкалу віцэ-міністрам, затым паслом, сваім памочнікам і кіраўніком Парку высокіх тэхналёгій. У 1994 годзе Цапкала быў адным з кіраўнікоў лукашэнкаўскага перадвыбарчага штабу.

Пра ролю Валера Цапкалы падчас першай прэзыдэнцкай кампаніі ў гісторыі Беларусі Свабодзе расказаў Анатоль Лябедзька, які таксама 26 гадоў таму ўваходзіў у штаб першага і пакуль адзінага за чвэрць стагодзьдзя кіраўніка краіны. Чытайце па спасылцы.

«Нашэньне масак — асабісты выбар». Праваабаронцы праверылі, ці выконваюць у выбарчых камісіях захады бясьпекі

Праваабаронцы, высьвятлялі ў тым ліку, як паўплывала эпідэміялягічная сытуацыя на працу выбаркамаў.

Як расказаў назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Аляксей Лойка, паседжаньне Фрунзэнскага выбаркаму ў Менску праводзілася ў актавай залі адміністрацыі. Такое рашэньне прынятае дзеля забеспячэньня фізычнага дыстанцыяваньня паміж чальцамі камісіі і назіральнікамі. На ўваходзе ў будынак дзяжурная супрацоўніца міліцыі вымярала наведнікам тэмпэратуру. Крыху іншая сытуацыя была падчас паседжаньня Менскай абласной выбарчай камісіі.

Чытаць далей >>

Сяргей Чэрачань правёў першы пікет на Камароўцы

21 траўня старшыня партыі БСДГ Сяргей Чэрачань і ягоныя паплечнікі правялі першы пікет па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдата ў прэзыдэнты на Камароўскім рынку ў Менску.

Чэрачань — адзін з 15 прэтэндэнтаў, якім дазволілі зьбіраць подпісы. У ягонай ініцыятыўнай групе 1237 чалавек.

На беларускамоўнай старонцы ЦВК Беларусі галоўная навіна — пра выбары ў Таджыкістане

Горадзенскія праваабаронцы паскардзіліся ў ЦВК на ЦВК з прычыны дыскрымінацыі беларускай мовы, паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».​

У беларускамоўнай вэрсіі сайту ЦВК няма разьдзелу «Выбары і рэфэрэндумы» — менавіта ў гэтым разьдзеле на рускамоўнай вэрсіі сайта знаходзіцца ўся інфармацыя пра выбарчыя кампаніі ў Беларусі: заканадаўчыя акты, пастановы, каляндарныя пляны, асноўныя навіны кампаніі і шмат іншага.

Фактычна карыстальнікі беларускамоўнай вэрсіі сайта ня могуць даведацца пра ход цяперашняй выбарчай кампаніі. Сярод «галоўных падзей» на беларускамоўнай старонцы сайта — Выбары дэпутатаў ніжняй палаты Рэспублікі Таджыкістан, выбары ў Мілі Мэджліс Азэрбайджанскай Рэспублікі і г. д.

У лісьце ў ЦВК назіральнікі зьвяртаюць увагу на гэты факт і адзначаюць, што «мова тытульнай нацыі ня можа быць дыскрымінаваная ні ў якім разе, тым больш, што яна зьяўляецца дзяржаўнай і гістарычна першай атрымала такі статус», і дыскрымінацыя беларускамоўных выбарнікаў па моўнай ці нацыянальнай прыкмеце недапушчальная.

Якімі былі прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. ТЭСТ

Ці добра вы ведаеце гісторыю прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі? Паспрабуйце адказаць на 10 пытаньняў.

Прайдзіце тэст>>>

«Нельга выбіраць паміж лысым і кудлатым». Ці забаронена вылучэнцам у прэзыдэнты агучваць сваю праграму падчас збору подпісаў?

Некаторыя вылучэнцы ў прэзыдэнты не агучваюць сваю праграму, спасылаючыся на нормы заканадаўства, якія забараняюць агітацыю на дадзеным этапе. Разьбіраемся з экспэртамі, ці сапраўды гэта забаронена.

Коратка:

  • Агітацыя на этапе збору подпісаў забароненая.
  • Вылучэнцы і сябры іх ініцыятыўных груп ня могуць раздаваць друкаваную прадукцыю.
  • Вылучэнцы і сябры іх ініцыятыўных груп могуць гаварыць пра погляды і бачаньне будучыні краіны.

Цалкам чытайце па спасылцы.

Хто, калі не Лукашэнка? Спыталі ў менчукоў. ВІДЭА

Цэнтарвыбаркам зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп для збору подпісаў у падтрымку прэтэндэнтаў на кандыдата ў прэзыдэнты. Сярод іх — нязьменны кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Мы спыталі ў менчукоў, ці бачаць яны яму альтэрнатыву і ці чулі, хто хоча вылучацца на пасаду прэзыдэнта.

Бабарыка і Цапкала — пра выбары, Расею і Лукашэнка

Два прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віктар Бабарыка і Валер Цапкала зарэгістравалі ініцыятыўныя групы. А вось пра што яны казалі падчас сваіх прэсавых канфэрэнцый.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG