Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дыджэі пераменаў», баючыся далейшага перасьледу, зьехалі ў Літву 


Улад Сакалоўскі і Кірыл Галаванаў пасьля выхаду з Акрэсьціна

Кірыл Галанаў і Ўладзіслаў Сакалоўскі зьехалі ў Літву, яны засьцерагаюцца рэпрэсіяў з боку беларускіх уладаў, піша Delfi.

Маладыя людзі ўжо былі пакараныя на радзіме за тое, што 6 жніўня падчас урадавага мерапрыемства ў Менску ўключылі песьню Віктара Цоя «Перемен», якая стала пратэстным гімнам кампаніі. На наступны дзень яны атрымалі па 10 сутак арышту за «хуліганства і аказаньне супраціву вартавым парадку».

«Амбасада Літвы прапанавала нам дапамогу адразу пасьля здарэньня. Калі нас выпусьцілі, амбасада зноў з намі зьвязалася. Мы вырашылі скарыстацца прапанаванай дапамогай», — сказаў Улад Сакалоўскі. — Я хачу падзякаваць літоўскаму народу за падтрымку, асабліва тым, хто нам дапамог і прытуліў. Мы атрымалі больш дапамогі, чым спадзяваліся».

Ён распавёў, што палову тэрміну правёў у карцары, а на нарах спаў усяго дзьве ночы — тры іншыя драмаў на зэдліку. Пазьней даведаўся, што яго асабіста зьбіваў намесьнік міністра ўнутраных спраў Аляксандар Барсукоў.

21 жніўня Сакалоўскага запрасілі на гутарку ў МУС і запатрабавалі абвергнуць заяву, у іншым выпадку пагражалі распачаць справу аб паклёпе. Акрамя таго, цікавіліся пра 40 000 даляраў, якія былі сабраныя ім у падтрымку. Угаворвалі публічна сказаць, што яму «заплацілі».

Ён згадаў, у якіх умовах ўтрымлівалі пад арыштам у Менску іншых удзельнікаў акцый. Перад пераводам з карцара ў звычайную камэру забралі вопратку і абутак. Спачатку спрабавалі «падсяліць» у шасьцімесны «нумар», дзе ўжо было каля 40 чалавек — без адзеньня, практычна цалкам сінія ад пабояў, у гематомах і запечанай крыві. Але фізычна не было месца і перавялі туды, дзе было 30 арыштантаў.

«У камэры антысанітарыя — ні туалетнай паперы, ні мыла. Там правёў пяць сутак. Ноч з 11 на 12 жніўня была самая страшная. Я чуў крыкі без паўзы на ўдых і глухія ўдары. У калідоры таксама стаялі людзі. Адзін з супрацоўнікаў сказаў: „Мы будзем рабіць з вас інвалідаў першай групы. Вы ніколі ня зможаце хадзіць“. У камэры былі людзі, якіх трымалі на вуліцы 6-8 гадзін „мордай у зямлю“ і ўвесь час білі», — апавёў жахі катавальні ў менскай турме на Акрэсьціна Ўлад Сакалоўскі.

За час, калі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў пачаліся рэпрэсіі супраць апанэнтаў улады, Літва прыняла з гуманітарнымі мэтамі 22 чалавекі, палова папрасілі палітычнага прытулку. Агулам дазвол прыехаць паводле асаблівых прычынаў атрымалі 36 беларусаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG