Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За COVID-19 даплацілі ўдвая менш». Лекарку аштрафавалі на 810 рублёў за фатаздымак


Юлія Радзівіл

Судзьдзя Фрунзэнскага суду Натальля Бугук прысудзіла Юліі Радзівіл штраф за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Сьведкі-міліцыянты у суд не прыйшлі.

2 кастрычніка ў судзе Фрунзэнскага раёну прайшоў разгляд адміністрацыйнай справы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту 30 жніўня. Абвінавачанай была пэдыятар 25-й дзіцячай гарадзкой паліклінікі Менску Юлія Радзівіл. На разгляд яе справы судзьдзі Бугук спатрэбілася каля 12 хвілін.

Паводле матэрыялаў справы, заснаваных на сьведчаньнях старшых лейтэнантаў міліцыі Нараўца і Мінкаўца, 30 жніўня Юлія Радзівіл з 17 гадзін да 17:05 удзельнічала ў несанкцыянаваным мітынгу на вуліцы Прытыцкага.

«Намі была выяўленая група грамадзян, — гаварылася ў рапарце міліцыянтаў, — сярод якіх была Юлія Алегаўна Радзівіл». У якасьці доказу міліцыянты далучылі да рапартаў фатаздымак, на якім, на іх думку, была абвінавачаная. Паказаньні праваахоўнікаў зачытала сама судзьдзя, яны на працэсе не зьявіліся нават па відэасувязі.

«Я не прызнаю сябе вінаватай, — сказала лекарка. — 30 жніўня я гуляла ў цэнтры гораду. Была ў раёне Нямігі, у раёне стэлы. У мітынгу я ўдзелу не прымала. Гуляла побач зь іншымі людзьмі. Я бачыла людзей, якія гулялі па горадзе. Мірныя людзі. Я гуляла адна, гэта было маё асабістае жаданьне».

Падтрымаць Юлію прышлі больш за 30 чалавек, месца ў залі ўсім не хапіла. Рашэньне судзьдзі яны сустрэлі гучнымі крыкамі «Ганьба!»

«Мы гуляем сыстэматычна і рэгулярна, гэта не забаронена»

«Мяне ўпершыню судзілі, — расказала Юлія Свабодзе пасьля працэсу. — Раней ні разу ў судзе не была, ні ў якасьці абвінавачанай, ні ў якасьці сьведкі. Усё хутка, і такое адчуваньне, што па загадзя заплянаваным сцэнары. Вось і ўсё».

Пра будучы суд над жонкай у сацсетках напісаў яе муж Вадзім. Там жа ён расказаў, што Юлія ад пачатку эпідэміі працавала з хворымі на COVID-19 і нават перахварэла сама.

«Я працавала з каранавіруснымі хворымі, сама перахварэла таксама, — гаворыць Юлія. — Гэта ў чэрвені было. Калі пачалася пандэмія, усе паліклінікі Менску стваралі брыгады, якія выяжджалі да дзяцей, да дарослых, у сем’і. Там мы бралі мазкі, непасрэдна кантактавалі з хворымі на каранавірус. З 16 чэрвеня я сама трапіла на бальнічны, у мяне пацьвердзіўся COVID-19. Была пнэўманія, на бальнічным я правяла больш за месяц. Захварэла на працы, можна сказаць».

Юлія кажа, што ня бачыць нічога незаконнага ў шпацырах па Менску разам зь іншымі людзьмі.

«30 жніўня, папраўдзе, была мая ня першая прагулка, — гаворыць лекарка. — Гуляць жа можна па горадзе, гэта не забаронена. Мы гуляем сыстэматычна і рэгулярна. Гэта мірнае шэсьце, гэта выказваньне нашай жыцьцёвай пазыцыі, нашых поглядаў на навакольныя рэчы. Мы так праяўляем сябе. Абурае хлусьня і нежаданьне некаторых асобаў бачыць рэчаіснасьць. Гэтая абыякавасьць, адмаўленьне праўды. Вось гэта найбольш уражвае і зьдзіўляе».

«Сказалі, няма грошай у бюджэце, чакайце»

Па словах Юліі, пра будучы суд яна даведалася ў Фрунзэнскім РУУС, куды яе выклікалі позвай. На шэсьці яе ніхто не затрымліваў.

«Мяне не затрымлівалі. Пазванілі на асабісты мабільны нумар з УУС, — расказвае Юлія Радзівіл. — Пры гэтым чалавек не прадставіўся: не назваў сваёй пасады, званьня, прозьвішча, нічога. Проста сказаў, што мне трэба зьявіцца ў РУУС Фрунзэнскага раёну. Калі я спытала, у якой справе, мне сказалі, што ўсё даведаюся на месцы. Такі адказ мяне, вядома, не задаволіў. Я спытала, з кім размаўляю. Ён кажа — я проста абзвоньваю. Я на такое паведамленьне ніяк не адрэагавала. Затым мне ўжо афіцыйна прыйшла позва на допыт у РУУС. Позва была з паведамленьнем, я прыйшла на допыт па ёй 28 верасьня. Дапытваў капітан міліцыі Марцуль».

У якасьці доказу ўдзелу ў несанкцыяванай акцыі пратэсту Юлііі паказалі той жа здымак, які быў асноўным доказам у судзе. Па словах лекаркі, здымак вельмі дрэннай якасьці, пазнаць сябе на ім яна не змагла. Акрамя гэтага, па фота было немагчыма зразумець, дзе яно зроблена. На ім відаць толькі кавалак натоўпу. Сьведак-міліцыянтаў, рапарты якіх агучвалі на працэсе, Юлія ўвогуле не бачыла.

«У РУУС выклікалі мяне ў працоўны час, — расказвае яна. — Была вымушаная пісаць у журнал адсутных. Цяпер я ў ковіднай брыгадзе не працую. Але хворыя прыходзяць самі на прыём пастаянна, нас выклікаюць на дом. Мы заўсёды ў групе рызыкі. Ідзеш на працу і ніколі ня ведаеш, што будзе. Калегі мяне падтрымліваюць. Сёньня на судзе былі аднакурсьнікі, з працы прыйшлі людзі. Але большая частка — бацькі дзяцей з майго ўчастку, якіх лячыла».

Цяпер Юлія павінна выплаціць дзяржаве 810 рублёў штрафу. Яна зьбіраецца абскардзіць прысуд. Кажа, што за працу з каранавіруснымі хворымі атрымала ад дзяржавы значна менш.

«У нас былі даплаты паводле рашэньня Мінздароўя, за тую колькасьць дзён, якую мы прапрацавалі з ковіднымі хворымі, — расказвае Юлія. — Але тыя грошы, якія нам абяцалі за хваробу саміх мэдыцынскіх работнікаў на COVID-19, так і не выплацілі. Нам сказалі, што няма грошай у бюджэце, чакайце. Магчыма, некалі потым заплацяць. Тыя грошы, што я атрымала за працу з каранавіруснымі хворымі, зь сёньняшнім штрафам нельга параўнаць. Штраф большы ўдвая, я б так сказала».

Паводле падлікаў праваабаронцаў зь незарэгістраванага цэнтру «Вясна», па стане на 30 верасня было зафіксавана 2082 арышты і 1280 штрафаў за ўдзел у несанкцыяваных акцыях пратэсту. Агульная сума штрафаў складае больш за 23 тысячы базавых велічынь, што прыкладна роўна 240 тысячам даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG