Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму зьдзекуюцца са зьняволеных у беларускіх ізалятарах


Флэшмоб «Твая камэра» ў Менску 22 жніўня 2020

Я не пераношу непрадказальнасьць. Псыхолягі кажуць мне, што гэта збольшага нармальна — чалавеку трэба жыць у больш-менш прадказальным сьвеце, каб быць здаровым. У Беларусі цяпер так жыць не атрымліваецца.

Квінтэсэнцыяй непрадказальнасьці жыцьця для мяне стала зьняволеньне на Акрэсьціна, а таксама ў ІЧУ Жодзіна і Магілёва. Калі ў мяне спытаць, што галоўнае ў зьняволеньні, я адкажу: «Перастаць хоць нечага чакаць, хоць нечаму верыць і шукаць хоць нейкай лёгікі».

Супрацоўнікі хлусяць і не выконваюць уласных абяцаньняў, сыстэма поўніцца вельмі нелягічнымі фактамі і фактарамі. Таму лепш для здароўя проста зьмірыцца з гэтай нелягічнасьцю, чым спрабаваць зразумець, паводле якой сыстэмы арыштаваных пераводзяць з ІЧУ ці як і калі людзей выводзяць на шпацыр ва ўнутраны дворык.

Жыцьцё ў зьняволеньні поўніцца зьдзеклівымі парадоксамі, і адзінае ім тлумачэньне — людзі ў сыстэме зьдзекуюцца проста таму, што могуць. Мне падаецца вельмі важным памятаць пра індывідуальную адказнасьць і пра тое, што канкрэтныя рашэньні прымаюцца канкрэтнымі людзьмі.

Гэта не абстрактная сыстэма вымушае людзей бегчы сагнутымі праз падземныя калідоры турмы ў Жодзіне. Не абстрактная сыстэма адмаўляецца пераключаць у камэры сьвятло зь дзённага на начное. Зрэшты, гэта не абстрактная сыстэма ў ЦІП на Акрэсьціна выкінула мяне і маіх сукамэрніц бяз вопраткі ва ўнутраны дворык за тое, што мы сьпявалі ў камэры. Усё гэта рабілі і працягваюць рабіць канкрэтныя людзі, якія ўпэўнены, што ім усё дазволена.

Яны абяцаюць вывесьці на шпацыр і не выводзяць, абяцаюць адрамантаваць кран у ракавіне і ня робяць гэтага, абяцаюць паклікаць фэльчара, а ў выніку ніхто не прыходзіць.

Неяк на Акрэсьціна нас адмаўляліся карміць, бо на гэты дзень плянаваўся наш этап у Жодзіна. Што цікава, заплаціць за ежу ў Акрэсьціна за той дзень давядзецца – яго ўключылі ў рахунак. І ў Жодзіна нас тады не адвезьлі – пакінулі на ноч у ЦІП. Пяць жанчын у чатырохмесцавай камэры бязь ежы, чыстай пітной вады і пасьцельнай бялізны. Адну з жанчын за тое, што задавала пытаньні, позна ўвечары вывелі ва ўнутраны дворык бяз курткі. Без папярэджаньня, безь ніякага тлумачэньня.

Лёгіка, якой кіруюцца гэтыя людзі, — своеасаблівае адлюстраваньне лёгікі Аляксандра Лукашэнкі. Яны робяць усё, што хочуць, адмаўляюцца прызнаваць любы супраціў і нават простыя праявы свабоды мысьленьня і паводзінаў. Яны ўпэўненыя ў сваёй абсалютнай праваце і ня хочуць слухаць ні спасылкі на законы, ні заклікі да здаровага сэнсу. Яны разумеюць толькі мову сілы, і іншых моў вучыць ня хочуць.

Усё тое ж самае робіць і Лукашэнка — іх настаўнік і прыклад ва ўсім. Тое, што наглядчыкі робяць са зьняволенымі ў турмах, Лукашэнка робіць зь беларускамі і беларусамі ва ўсёй краіне. Прыдумляе новыя забароны, падвышае градус нянавісьці і ўзровень гвалту ў навакольлі. У ягоных выказваньнях і дзеяньнях часта надзвычай складана знайсьці лёгіку. І лепей, бадай, перастаць яе там шукаць. Ён зьдзекуецца з нас проста таму, што можа.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG