Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта толькі пачатак». Герасіменя пракамэнтавала санкцыі МАК у дачыненьні да Лукашэнкі


Алімпійская прызэрка ў плаваньні Аляксандра Герасіменя, старшыня Беларускага Фонду спартовай салідарнасьці.

«Мы ня спынімся! Віншуем усіх зь вельмі важнай перамогай!» – заявіла Аляксандра Герасіменя, старшыня Беларускага Фонду спартовай салідарнасьці.


«Сёньняшняе рашэньне МАК адназначна зьяўляецца гістарычным і беспрэцэдэнтным і назаўсёды ўвойдзе як у гісторыю Беларусі, так і ў гісторыю сусьветнага спорту: мы дамагліся аднаўленьня правоў спартоўцаў, якія пацярпелі за мірнае выказваньне сваіх палітычных поглядаў.

Цяпер спартоўцы, выключаныя, звольненыя са зборных, змогуць узяць удзел у сусьветных спаборніцтвах і Алімпіядзе, а чыноўнікі, якія наплявалі на іхныя правы, панясуць заслужанае пакараньне.

Гістарычны момант гэтага рашэньня ў тым, што нам, Беларускаму фонду спартовай салідарнасьці, удалося дамагчыся прыняцьця рашэньня, пры тым, што наша арганізацыя зьявілася толькі ў жніўні, а ўся праца, перамовы з МАК занялі крыху больш за два месяцы. Праўладныя чыноўнікі заяўлялі, быццам мы ніхто і ня маем ніякага права гаварыць ад асобы спартоўцаў. Яны памыліліся. І ня толькі яны.

Спартовыя санкцыі МАК – гэта толькі пачатак. Мы ня спынімся! Віншуем усіх зь вельмі важнай перамогай!» – прыводзіць словы Герасімені акаўнт SOS BY у інстаграме.

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) прыняў рашэньне часова адхіліць прадстаўнікоў Нацыянальнага алімпійскага камітэту (НАК) Беларусі ад удзелу ў падзеях МАК, уключаючы Алімпійскія гульні.

Выканаўчы камітэт МАК вырашыў:

  • Выключыць абраных членаў Выканаўчага савета НАК Беларусі з усіх мерапрыемстваў МАК, уключаючы Алімпійскія гульні. Сюды ўваходзіць, у прыватнасьці, Аляксандар Лукашэнка ў якасьці прэзыдэнта НАК і законнага прадстаўніка НАК; Віктар Лукашэнка ў якасьці першага віцэ-прэзідэнта НАК і асобы, якая штодня адказвае за дзейнасьць НАК; Дзьмітры Баскаў у якасьці чальца Выканаўчага камітэту НАК і з улікам канкрэтных абвінавачаньняў, выстаўленых супраць яго. З 13 чальцоў Выканаўчага камітэту НАК Беларусі гэтае выключэньне не датычыць толькі Тацяны Драздоўскай.
  • Прыпыніць усе фінансавыя выплаты НАК Беларусі, за выключэньнем выплат, зьвязаных з падрыхтоўкай беларускіх спартоўцаў да Алімпійскіх гульняў у Токіё 2020 і зімовых Алімпійскіх гульнях у Пэкіне 2022 году. Усе алімпійскія стыпэндыі для беларускіх спартоўцаў цяпер будуць выплачвацца непасрэдна спартоўцам, а не праз НАК.
  • Папрасіць адпаведныя міжнародныя фэдэрацыі гарантаваць, каб усе беларускія спартоўцы, якія маюць права на ўдзел, маглі ўдзельнічаць у кваліфікацыйных мерапрыемствах да Алімпійскіх гульняў без палітычнай дыскрымінацыі.
  • Прыпыніць любыя перамовы з НАК Беларусі наконт правядзеньня будучых мерапрыемстваў МАК.
  • Папрасіць усіх удзельнікаў алімпійскага руху паважаць гэтыя захады ў інтарэсах абароны правоў беларускіх спартоўцаў і рэпутацыі алімпійскага руху.

«МАК прыйшоў да высновы, што цяперашняе кіраўніцтва НАК Беларусі не абараняе ад палітычнай дыскрымінацыі», — пракамэнтаваў рашэньне прэзыдэнт МАК Томас Бах.

Бах таксама сказаў, што Міжнародная федэрацыя хакею абмяркуе пытаньне пра ролю Беларусі ў найбліжэйшыя дні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG