Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцыбіскуп Кандрусевіч пра вяртаньне ў Беларусь: «Пацалаваў зямлю. Гэта мая зямля!» ВІДЭА


Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч служыць імшу ў архікатэдральным касьцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Менску пасьля вяртаньня ў Беларусь, 24 сьнежня 2020

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сёньня перад сьвяточнай каляднай імшой у архікатэдральным касьцёле Найсьвяцейшай Панны Марыі эмацыйна расказаў журналістам пра сваё выгнаньне і сёньняшняе вяртаньне на радзіму.

Паводле словаў арцыбіскупа, якія цытуе БелаПАН, сёньня сьвятар з Польшчы прывёз Кандрусевіча да мяжы, а зь беларускага боку яго сустрэў дапаможны біскуп Горадзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. «Я перанёс да яго свае рэчы, і мы паехалі», — сказаў арцыбіскуп.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Кандрусевіч расказаў, што ў камандзіроўку ў Польшчу, па вяртаньні зь якой у жніўні яго не пусьцілі ў Беларусь, ён езьдзіў як сьвятар. Таксама ён хацеў прысутнічаць на першай камуніі сына сваёй пляменьніцы і наведаць лекараў, бо раней перанёс складаную апэрацыю на хрыбетніку і дактары сказалі час ад часу прыяжджаць для кантролю.

«Гэтыя чатыры месяцы, што я быў у Польшчы, я быў пераважна ў Беластоцкай дыяцэзіі, некаторы час быў у Драгічынскай дыяцэзіі ў сваіх сяброў сьвятароў, — адзначыў Кандрусевіч. — Я служыў усюды імшы, прамаўляў пропаведзі, наведваў хворых, калі трэба было — займаўся пастырскай дзейнасьцю. Большую частку гэтага часу я правёў у Сакулцы, гэта недалёка ад мяжы зь Беларусьсю, каля 15 кілямэтраў».

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

«Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Беларусь — гэта мая Радзіма, хоць вялікую частку свайго пастырскага служэньня як сьвятар, біскуп я правёў за межамі Беларусі, асабліва ў Расеі, я там 16 гадоў быў, быў біскупам. Аднак дзе б я ні быў, дзе б я ні служыў як сьвятар і біскуп, я заўсёды памятаў, што Беларусь — мая Радзіма», — падкрэсьліў арцыбіскуп.

Ён расказаў, што ў канцы лістапада быў у Вільні на ўрачыстасьці Маці Боскай Вастрабрамскай, і калі на беларускамоўнай імшы ён убачыў беларусаў, яму стала «вельмі і вельмі складана гаварыць»: «Я першы раз (пасьля выгнаньня. — тлумачэньне БелаПАНу) убачыў сваіх землякоў. Гэта былі людзі, якія прыехалі, або тыя, хто там жыве, якія хацелі сустрэцца зь біскупам, хацелі разам зь ім пабыць».

«І сёньня, калі я перасек мяжу, я папрасіў кіроўцу спыніцца. Я стаў на калені, падзякаваў Богу за вяртаньне, пацалаваў зямлю. Гэта мая зямля! Я вырас тут, я хачу тут быць, я хачу тут служыць. І ніколі не выступаў супраць Беларусі, заўсёды абараняў інтарэсы Беларусі і буду гэта рабіць далей», — запэўніў мітрапаліт.

Кіраўнік беларускага каталіцкага біскупства падзякаваў усім, хто маліўся за яго ўвесь гэты час і прычыніўся да яго вяртаньня ў Беларусь.

Падчас імшы
Падчас імшы
Каля касьцёлу падчас імшы дзяжурылі амапаўцы
Каля касьцёлу падчас імшы дзяжурылі амапаўцы

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG