Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія чыноўнікі чакаюць, хто выйграе ў бойцы Лукашэнкі з народам, пераможцам яны абвесьцяць сябе, — Пласкавіцкі


Лукашэнка, пасланьне да народу і Нацыянальнага сходу, Менск, 4 жніўня

Былы кіраўнік Галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Пласкавіцкі лічыць, што Лукашэнка і сам ужо адчувае, што пераўтвараецца ў балбатлівага дзеда, і настойвае, што Крамлю не патрэбны ніякія перамены ў Беларусі і Масква пасьпяхова выціскае зь Менску ўсё больш эканамічных саступак.

Аляксандар Пласкавіцкі працаваў у Адміністрацыі Лукашэнкі з 1994 да 2000 году. Пасьля звальненьня ён не застаўся ва ўладных структурах, не далучыўся і да апазыцыі.

Сьцісла:

  • Цяганіна з новай Канстытуцыяй не прывядзе да нейкага канкрэтнага выніку
  • Палітычныя аналітыкі і ў нас, і ў Расеі ня могуць зразумець, з кім яны маюць справу
  • Крэмль пачаў выціскаць з Лукашэнкі ўсё, што ім трэба.
  • Алігархі на ўсіх падкантрольных ім тэрыторыях лічылі за лепшае мець «цара Ірада», а не калегіяльны орган
  • Беларускія чыноўнікі Лукашэнкам пагарджаюць і сьмяюцца зь яго амаль у адкрытую
  • У нас у краіне падчас вайны амаль усе адначасова былі і ў партызанах, і ў паліцаях
  • Чыноўнікі чакаюць магчымасьці забраць плён перамогі пад выглядам, што яны заўсёды былі супраць Лукашэнкі

— Як вы ацэньваеце цяперашнюю стадыю процістаяньня ўлады і грамадзтва? Цяпер назіраецца пэўная паўза ў масавых пратэстах. Адны лічаць, што яна патрэбная, іншыя маюць больш пэсымістычны погляд.

— Я ад самага пачатку лічыў, што гэтая паўза неабходная — каб адбыліся многія рэчы, якія ў запале процістаяньня ня могуць здарыцца. Толькі падчас такой паўзы, калі пратэсты пайшлі ў падпольле, і холад, і ковід замінае людзям выходзіць настолькі ж масава, — магчымы некаторыя рэчы. Я чалавек, які моцна спачувае тым адважным беларускім героям, якія шмат чым ахвяравалі і многія зь якіх дагэтуль знаходзяцца за кратамі. Тым ня менш я думаю, што гэтая паўза пойдзе на карысьць будучай перамозе беларускага народу над узурпацыяй.

Аляксандар Пласкавіцкі, архіўнае фота
Аляксандар Пласкавіцкі, архіўнае фота

— Паўза патрэбная, каб адбылося што? Пэўнае асэнсаваньне тактыкі і стратэгіі пратэсту, зьмены ў эканоміцы і замежнапалітычным кантэксьце?

— Я б таксама расставіў прыярытэты так, як вы іх расставілі. Так, усім трэба падумаць — нават людзям зь іншага боку, якіх цяжка западозрыць у тым, што яны мысьляры. Некаторыя з тых, хто перастаў пратэставаць, і тыя, хто падтрымлівае Лукашэнку, магчыма, дагэтуль сьлепа вераць, што ён можа забясьпечваць эканамічную стабільнасьць. Таму, з майго пункту гледжаньня, добра тое, што, адклаўшы аўтамат, Лукашэнка зноў улазіць у эканоміку і дакажа беларусам тое, што многім разумным людзям даўно было відавочна — што ён абы-як кіруе эканомікай і сваім кіраваньнем прычыняе ёй ня меншую шкоду, чым палітычнымі рэпрэсіямі.

— Вы юрыст, былы кіраўнік Галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта. На вашую думку, у якім кірунку будуць прапанаваныя зьмены ў беларускую Канстытуцыю?

— На жаль, мне ніяк не ўдаецца давесьці да шырокага грамадзтва тую пазыцыю, якую я маю ад 2000 году. Думка мая простая — Лукашэнка па-іншаму выбудоўвае гэтую пасьлядоўнасьць. Ён лічыць, што толькі тады, калі ён перастане быць кіраўніком дзяржавы (ці сам, ці яго пагоняць), — толькі пасьля гэтага краіне патрэбна іншая Канстытуцыя, у якой будзе ўжо не аднаасобная ўлада. Як і большасьць аўтарытарных кіраўнікоў, ён у канцы сваёй кар’еры схільны думаць, што яго можа замяніць толькі калегіяльная ўлада.

Таму ён яшчэ ад 1994 году пачаў гаварыць, што ніколі такія царскія паўнамоцтвы не даверыць ніякаму іншаму чалавеку, акрамя сябе. Таму ён час ад часу ўздымае гэтую тэму, але ня ў тым сэнсе, што прымем новую Канстытуцыю, і я пайду. Не, у яго іншы альгарытм — «я пайду, і вось тады ў вас будзе новая Канстытуцыя». І ён дастаткова кепска ўяўляе, як можа выглядаць гэтая Канстытуцыя з большымі правамі ў парлямэнта, з больш калегіяльным кіраўніцтвам.

Таму Лукашэнка ўвесь час склікае розныя групы, якія нібыта працуюць над тэкстам новай Канстытуцыі. Але тут тое самае, што і зь дзяржаўнай ідэалёгіяй. Яму прыносяць процьму праектаў, ён на ўсё гэта глядзіць і сам ня ведае, чаго ён хоча. Таму гэтая цяганіна з новай Канстытуцыяй ніяк не прывядзе да нейкага канкрэтнага выніку. Лукашэнка адназначна будзе імкнуцца працягнуць гэты працэс (падрыхтоўкі Канстытуцыі) як мага даўжэй. Калі ў яго будзе неабходнасьць расказваць камусьці (найперш расейцам), што ён робіць, каб супакоіць беларускае грамадзтва, дык ён будзе адказваць — «ну вось я супакоіў, рыхтую новую Канстытуцыю».

— Дарэчы, наконт стаўленьня Крамля. Прынята лічыць, што Лукашэнка перамены ў структуры ўлады паабяцаў Пуціну падчас сочынскай сустрэчы. Але ці сапраўды Расеі так патрэбныя гэтыя канстытуцыйныя перамены ў Беларусі, ці гэта ілюзія, якую распаўсюджваюць людзі, якія хацелі б верыць, што Расею настолькі не задавальняе Лукашэнка, што яна жадае яго замяніць?

— Палітычныя аналітыкі і ў нас, і ў Расеі ня могуць зразумець, з кім яны маюць справу. Яны прастадушна прыпісваюць і Пуціну, і Лукашэнку свой лад мысьленьня, тыя думкі, якія ў іх маглі б быць. Калі кажуць, што Лукашэнка паабяцаў Пуціну зьмяніць Канстытуцыю і Пуцін нібыта зацікаўлены ў гэтым — няпраўда! Лукашэнка прапанаваў гэты альгарытм у адказ на пытаньне, як ён зьбіраецца ўрэгуляваць сытуацыю. Ён сам ужо два гады насіўся з гэтай ідэяй канстытуцыйны зьменаў. Бо адчуваў, што ўзрост ужо ня той. Ня толькі мы ўсе, але і ён сам ужо адчувае, што пераўтвараецца ў такога балбатлівага дзеда.

І адразу ж расейскія аналітыкі пачалі падпяваць — так, так, слухайце свайго прэзыдэнта, ён зробіць перамены. І пад гэтыя словы Крэмль пачаў з Лукашэнкі ўсё, што ім трэба, выціскаць. Яны выціснулі зь яго формулу вызначэньня цэнаў на газ і нафту, выціскаюць пастаўкі нашых калійных угнаеньняў праз расейскія парты, яны выціскаюць зь яго далучэньне нашых прыбытковых прадпрыемстваў да расейскіх холдынгаў.

Іх інтарэсы ў Беларусі на 99,9% карысьлівыя. Ці патрэбная ім у Беларусі нейкая прарасейская палітычная партыя? Яна ім не патрэбная. Кожны, хто вывучаў гісторыю, з часоў Рыму ведае, што алігархі на ўсіх падкантрольных ім тэрыторыях лічылі за лепшае мець «цара Ірада», а не калегіяльны орган. Бо адну марыянэтку прасьцей утрымліваць і прасьцей ёю кіраваць. Таму і Расея ў Беларусі аддае перавагу дыктатару, а ня нейкай прарасейскай партыі. Таму не патрэбная Крамлю ніякая наша новая Канстытуцыя.

— А як вы ацэніце пазыцыю намэнклятуры, чыноўнікаў? Яўген Буры, які ў 2014–2019 працаваў у дзяржаўным сакратарыяце Рады бясьпекі, дзе адказваў за эканамічную сфэру, а цяпер далучыўся да Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва (НАК) Паўла Латушкі, нядаўна ў інтэрвію «Нашай Ніве» заявіў — «Ад многіх я чую падтрымку, у тым ліку ад высокапастаўленых супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, нават дзейных. Шмат хто спрабуе зьвязацца, знайсьці прымяненьне сваім ведам, неяк дапамагчы нам. Маналітная ўлада — гэта міт». Вы самі ў нашай апошняй размове, у жніўні 2020 году, за некалькі дзён да выбараў, заяўлялі, што «дзяржаўны апарат Лукашэнку ненавідзіць».

— Я схільны паўтарыць гэты свой тэзіс і цяпер. Усё, што я ведаю пра беларускіх чыноўнікаў, сьведчыць пра тое, што яны Лукашэнкам пагарджаюць і сьмяюцца зь яго амаль у адкрытую. Але думка наконт таго, што наш «партгасактыў» не маналітны — гэта памылка.

Тут хачу выказаць два тэзісы. Калі я яшчэ быў падлеткам, адзін вельмі тытулаваны партызан, будучы п’яным, сказаў мне такую рэч. Кажа, што ў нас у краіне падчас вайны амаль усе адначасова былі і ў партызанах, і ў паліцаях. Так і тут. Нашы чыноўнікі цяпер ня столькі баяцца, колькі проста глядзяць на гэтую бойку і чакаюць, калі і чым яна скончыцца — з поўнай упэўненасьцю, што плён перамогі дастанецца ім.

Гэта не сталёвы маналіт, гэта авечы статак. І гэты статак нікуды ня зрушыцца, пакуль не адчуе, што настаў іхні час атрымаць плён чужой бойкі ў поўным аб’ёме. Так, яны ненавідзяць Лукашэнку, але ён вельмі мала замінае ім займацца тым, чым яны займаюцца. І яны чакаюць магчымасьці забраць плён перамогі пад выглядам, што яны заўсёды былі супраць яго. І таму яны сябе абвесьцяць пераможцамі гэтай аўтарытарнай сыстэмы.

Яны ўпэўнены, што Саша ўжо скончыўся, і будуць чакаць, калі гэта будзе абвешчана афіцыйна. І будзе створана нейкае калектыўнае кіраўніцтва на чале з аўтарытэтнымі людзьмі, якія «ў цёмныя гады дыктатуры змагаліся зь ёй, прадухілялі нэгатыўныя наступствы». Зь іх самыя важныя людзі мне асабіста расказвалі, як яны на сваіх пасадах «змагаюцца» і што яны сапраўдныя героі гэтай барацьбы.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG