Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15% беларускіх айцішнікаў ужо працуюць за мяжой, яшчэ 30% заявілі, што гатовыя зьехаць,— апытаньне


Праграмісты за працай, ілюстрацыйнае фота

Амаль 15% спэцыялістаў ІТ-сфэры ўжо працуюць за мяжой. Мінулай восеньню такіх «мігрантаў» было ў пяць разоў менш.

У анкетаваньні, паведзеным рэсурсам dev.by, узялі ўдзел 1 150 адмыслоўцаў.

42% рэспандэнтаў працуюць у аўтсорсінгавых кампаніях, траціна — у прадуктовых. Большасьць — праграмісты-распрацоўнікі.

Яшчэ ў верасьні мінулага году звыш 50% рэспандэнтаў казалі, што не плянуюць пераезд: маўляў, такі варыянт будуць разглядаць, калі сытуацыя пагоршыцца. За наступныя 4 месяцы жаданьне працаваць у Беларусі прыкметна зьменшылася: на сёньня гатовыя заставацца дома толькі 36% адмыслоўцаў.

Пры гэтым многія не разглядаюць пераезд як часовую меру, а плянуюць зьехаць адразу на сталае месца жыхарства. Пра гэта заявілі больш за 30% апытаных. У верасьні мінулага году пра такі сцэнар думалі 24% айцішнікаў.

Такім чынам, ІТ-спэцыялісты адказалі скептыкам, якія сьцьвярджалі, што плянаваць рэлакейт — гэта адно, а ўзяць і паехаць — зусім іншае.

У верасьні аб плянах на пераезд і працяглую службовую выправу заявілі амаль 34% рэспандэнтаў, і 4% ужо паспелі зьехаць.

Цяпер аб ад’ездзе за мяжу паведамілі больш за 14% ІТ-адмыслоўцаў, 8% вяртацца не плянуюць. Чатыры месяцы таму такіх было менш за 2%.

Доля айцішнікаў, якіх усё задавальняе і якія ня бачаць неабходнасьці зьяжджаць, складае ўсяго 4,6%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG