Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экалягічныя арганізацыі Беларусі заявілі ціск з боку сілавікоў


Мікрааўтобус сілавікоў. Ілюстратыўнае фота.

Экалягічныя актывісты і арганізацыі цягам апошніх тыдняў назіраюць рэзкае ўзмацненьне ціску, што праяўляецца як у нарастаючай інтэнсіўнасьці, так і ў паўсюдным характары.

Пра гэта гаворыцца ў заяве, якую падпісалі:

  • Беларуская партыя «Зялёныя»,
  • экалягічнае таварыства «Зялёная сетка»,
  • грамадзкае аб’яднаньне «Экадом»,
  • Беларуская антыядзерная кампанія.

«На наш погляд, арышты, адміністрацыйныя і крымінальныя справы, ператрусы, дагляды, канфіскацыя тэхнікі сталі насіць як татальны, так і мэтавай характар. Мы хочам зьвярнуць увагу на шэраг ператрусаў, якія па надуманых падставах праводзяцца ў экалягічных актывістаў і тых, хто спачувае ім з мясцовых жыхароў, уладальнікаў аграсядзібаў Нарачанска-Вілейскага краю: у Віцебскай і Менскай абласьцях Беларусі », — гаворыцца ў заяве.

Як адзначаюць эколягі, падстава, пад якой вядзецца гэтая дзейнасьць — «вышук нейкіх субʼектаў у рамках так званага горадзенскай справы, калі падчас пратэстных акцый у Горадні невядомымі былі зьдзейсьненыя дзеяньні ў дачыненьні абʼектаў уласнасьці супрацоўнікаў сілавых структур».

Адзначаецца, што падобныя дзеяньні, накіраваныя на ўсіх экалягічна актыўных грамадзян і арганізацыі рэгіёну, прыводзяць да таго, што экалягічны рух аказваецца паралізаваны, спыняецца якое-небудзь ўзаемадзеяньне з мясцовымі ўладамі.

«У гэтых умовах — прававога дэфолту, адсутнасьці экалягічнага грамадзкага кантролю і незалежнай экспэртнай супольнасьці — непазьбежна зьяўленьне дадатковых экалягічных рызык і пагроз. Асабліва, улічваючы пуск першага энергаблёка БелАЭС. У гэтых умовах цяперашняе кіраўніцтва краіны наўрад ці можа разьлічваць на канструктыўнае ўзаемадзеяньне на міжнародным узроўні. Суседства з Беларусьсю становіцца для іншых краін экалягічна небясьпечным», — канстатуюць падпісанты заявы.

Яны заклікаюць да неадкладнага і безумоўнага спыненьня ціску на экалягічную супольнасьць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG