Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму выгадны канфлікт паміж Менскам і Варшавай вакол памяці польскіх жаўнераў


Гістарычная рэканструкцыя польскіх антыкамуністычных партызан

Міністэрства замежных спраў Беларусі 11 сакавіка прапанавала кіраўніку і консулу Генэральнага консульства Польшчы ў Горадні пакінуць Беларусь на працягу 48 гадзін. Раней Менск прапанаваў тое ж польскаму консулу ў Берасьці. Польшча адказала высылкай беларускіх дыпляматаў.

Спачатку выслалі беларускага дыплямата з амбасады ў Варшаве, а 12 сакавіка МЗС Польшчы паведаміла пра высылку двух беларускіх консулаў — з Варшавы і Беластоку.

Паспрабую патлумачыць ход і сутнасьць канфлікту.

Хроніка падзей

  • 9 сакавіка МЗС Беларусі выклікала часовага паверанага ў справах Польшчы Марціна Вайцяхоўскага, каб заявіць пратэст у сувязі з удзелам консула Генэральнага консульства Польшчы ў Берасьці Ежы Цімафеюка ў «неафіцыйным мерапрыемстве, прысьвечаным „дню выклятых жаўнераў“», якое прайшло 28 лютага ў Берасьці з удзелам прадстаўнікоў зьвязаных з Польшчай няўрадавых і моладзевых арганізацый. Цімафеюку было прапанавана пакінуць краіну на працягу 48 гадзін.
  • МЗС Беларусі заявіў Вайцяхоўскаму: «Абсалютна непрымальныя для нас гераізацыя ваенных злачынцаў, цынічнае апраўданьне генацыду беларускага народу, найгрубейшыя парушэньні абавязаньняў польскага боку па недапушчэньні гераізацыі нацызму». На думку МЗС, сваімі злачынствамі ў месцах кампактнага пражываньня беларускай нацыянальнай меншасьці «выклятыя жаўнеры» пад камандаваньнем Рамуальда Райса «паставілі сябе на адзін узровень з гітлераўскімі карнікамі».
  • 10 сакавіка намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач паведаміў у Твітэры, што адзін з супрацоўнікаў беларускай амбасады ў Варшаве абвешчаны пэрсонай нон грата. «У адказ на варожыя і неабгрунтаваныя дзеяньні беларускіх уладаў у дачыненьні да польскага консула ў Берасьці Польшча сёньня абвясьціла дыплямата з амбасады Беларусі ў Варшаве пэрсонай нон грата», — напісаў Пшыдач.
  • 10 сакавіка пракурор Берасьця распачаў крымінальную справу ў сувязі з правядзеньнем у абласным цэнтры імпрэзы, прысьвечанай «дню выклятых жаўнераў». Справу пачалі «па факце ўчыненьня групай асоб наўмысных дзеяньняў, скіраваных на распальваньне нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці і варожасьці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасьці, і ўчыненьня наўмысных дзеяньняў па рэабілітацыі нацызму згодна з ч. 3 арт. 130 КК».
  • Паводле пракуратуры, 28 лютага 2021 у памяшканьні, арандаваным культурна-адукацыйнай установай «Берасьцейскі форум польскіх лякальных ініцыятываў» і таварыствам «Польская школа», «з удзелам непаўналетніх і моладзі праведзена незаконнае масавае мерапрыемства». «Апранутыя ў нацыянальную форму польскай скаўцкай арганізацыі маладыя людзі выконвалі песьні, чыталі вершы, што праслаўляюць ваенных злачынцаў, у тым ліку Рамуальда Райса, вядомага па мянушцы Буры», — адзначыла пракуратура.
  • У гэтай справе ў Берасьці затрымалі неназванага сузаснавальніка «Польскай школы» і дырэктарку школы Ганну Панішаву. На апублікаваным відэа Панішава сказала, што падчас затрыманьня яе ўдарылі і што яна абвяшчае галадоўку да часу, пакуль не пабачыцца з пракурорам. У ранейшым сваім відэазвароце, які зьявіўся ў сацсетках 11 сакавіка, Панішава назвала абвінавачаньні «надуманымі» і выказала здагадку, што іх мэта — «ліквідацыя» «Польскай школы».
  • 11 сакавіка МЗС Беларусі паведаміў Вайцяхоўскаму аб немэтазгоднасьці прысутнасьці на тэрыторыі краіны яшчэ двух польскіх дыпляматаў — кіраўніка і консула Генэральнага консульства Польшчы ў Горадні.
  • 12 сакавіка МЗС Польшчы паведаміла пра высылку двух беларускіх консулаў — з Варшавы і Беластоку. Напярэдадні Марцін Пшыдач анансаваў «адэкватны адказ» на выдварэньне двух польскіх консулаў з Горадні.

«Выклятыя жаўнеры» і Ромуальд Райс

  • Выразам «выклятыя жаўнеры» ў Польшчы называюць удзельнікаў антынямецкага падпольля, якія пасьля заканчэньня вайны адмовіліся скласьці зброю і працягвалі змаганьне з камуністычнай уладай Польшчы.
  • Парлямэнт Польшчы ў 2011 годзе прыняў пастанову аб устанаўленьні даты 1 сакавіка Днём нацыянальнай памяці пра «выклятых жаўнераў» (Narodowy Dzień Pamięci «Żołnierzy Wyklętych»). Дзень, хоць і не выходны, лічыцца польскім нацыянальным сьвятам.
  • Пачынаючы з 2016 году польскія нацыяналісты арганізуюць пад канец лютага ў горадзе Гайнаўка на Падляшшы марш у гонар гэтак званых «выклятых жаўнераў».
  • Марш у Гайнаўцы штогод выклікае пратэсты беларусаў у Польшчы, перш за ўсе з прычыны таго, што галоўны кандыдат польскіх нацыяналістаў на мясцовага героя — Ромуальд Райс (падпольная мянушка: «Буры») — бачыцца беларусамі як злачынца і забойца. Ромуальд Райс адказны за спаленьне ў 1946 годзе некалькіх вёсак і забойства каля 80 чалавек мірнага этнічна беларускага насельніцтва, у тым ліку дзяцей і жанчын. Факт, што марш у гонар «Бурага» і ягонага крывавага паходу арганізуецца ў Гайнаўцы, дзе чвэрць жыхароў гораду афіцыйна пішацца беларусамі, а як мінімум палова належыць да праваслаўнага веравызнаньня, успрымаецца як дадатковы чыньнік запалохваньня беларуска-праваслаўнай меншасьці польскімі нацыяналістамі.
  • Капітан Ромуальд Райс «Буры» ў 1944 годзе перайшоў з АКаўцамі зь Віленшчыны, якую занялі савецкія войскі, на Беласточчыну. Пасьля роспуску Арміі Краёвай у 1945-м «Буры» ўступіў у камуністычнае Войска Польскае, але неўзабаве дэзэртыраваў і пайшоў у антыкамуністычнае падпольле. Ягоны аддзел належаў да падпольнай структуры пад назвай Нацыянальнае вайсковае задзіночаньне (Narodowe Zjednoczenie Wojskowe), а сам Райс быў камандзірам «спэцапэрацый» (Pogotowie Akcji Specjalnej) у гэтым фармаваньні.
  • У студзені-лютым 1946 году «Буры» са сваім аддзелам арганізаваў крывавы паход па Беласточчыне, падчас якога «выклятыя жаўнеры» забілі 30 беларускіх фурманоў і спалілі чатыры этнічна беларускія вёскі: Волька Выганоўская (2 забітых), Залешаны (15 забітых), Зані (25 забітых), Шпакі (9 забітых).
  • Камуністычныя ўлады арыштавалі «Бурага» ў лістападзе 1948 году. «Буры» пагадзіўся на супрацоўніцтва з камуністычнай службай бясьпекі, агаварыў сваіх таварышаў з аддзелу і выдаў інфармацыю пра іх месцазнаходжаньне, а віну за забойствы беларусаў і спаленьне беларускіх вёсак спрабаваў зваліць на свайго намесьніка. У кастрычніку 1949 году, на паказальным працэсе ў Беластоку, камуністы асудзілі Ромуальда Райса да сьмяротнага пакараньня. Прысуд быў выкананы 30 сьнежня 1949 году. Месца пахаваньня «Бурага» не вядомае.
  • У 1995 годзе, на хвалі рэабілітацый асуджаных камуністамі ўдзельнікаў антыкамуністычнага супраціву ў Польшчы, Вайсковы суд у Варшаве скасаваў сьмяротны прысуд «Бураму» і рэабілітаваў яго, афіцыйна заявіўшы, што, палячы беларускія вёскі і забіваючы мірнае насельніцтва, Ромуальд Райс знаходзіўся ў «абставінах вышэйшай неабходнасьці, якая прымушала яго рабіць дзеяньні не заўсёды адназначныя этычна». Польская дзяржава выплаціла сыну Ромуальда Райса фінансавую кампэнсацыю за сьмерць бацькі.
  • Сьледзтва ў справе крывавага паходу «Бурага» доўгія гады вёў Інстытут нацыянальнай памяці (ІНП) — установа, якая займаецца «злачынствамі супраць польскай нацыі». Інстытут спыніў гэтае сьледзтва ў 2005 годзе, зрабіўшы выснову, што дзеяньні «Бурага» ў студзені-лютым 1946 году на Беласточчыне «мелі прыкметы генацыду». Але гэтае рашэньне ня мела ніякіх фармальных наступстваў: нікога ў гэтай справе не абвінавацілі, не адмянілі рэабілітацыі «Бурага» і ня выплацілі ніякай кампэнсацыі сем’ям забітых і спаленых беларусаў.
  • Вынікамі афіцыйнага сьледзтва ў справе «Бурага» спрабавалі маніпуляваць некаторыя польскія гісторыкі, калі да ўлады ў Польшчы прыйшла партыя «Права і справядлівасьць», якая памяняла кіраўніцтва Інстытуту. У сакавіку 2019 году на сайце ІНП зьявілася паведамленьне, якое апраўдвала Ромуальда Райса, сьцьвярджаючы, што ранейшыя высновы Інстытуту аб яго ўдзеле ў генацыдзе этнічна беларускага насельніцтва на Падляшшы былі «хібнымі». Паводле гэтага паведамленьня, у сьвятле цяперашняга польскага заканадаўства за Ромуальдам Райсам няма ніякай віны. Гэтае паведамленьне празь нейкі час было зьняпраўджанае Інстытутам як «заява безь юрыдычнай сілы».

Каму канфлікт выгадны, а каму не

  • Цалкам гэты дыпляматычны канфлікт выгадны толькі Крамлю, паводле шматразова праверанага ўзору: чым горшыя адносіны паміж Менскам і Варшавай, тым больш залежным становіцца Менск ад Масквы.
  • Ня выключана, канфлікт выгадны асабіста Аляксандру Лукашэнку, які ня раз сьцьвярджаў, што пратэсты ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году былі інсьпіраваныя з-за мяжы, у першую чаргу Польшчай, і насамрэч не былі аўтэнтычным выяўленьнем народнай незадаволенасьці. Цяперашняе згадваньне справы «Бурага» — гэта такая помста Лукашэнкі Варшаве за падтрымку беларускіх пратэстаў.
  • Канфлікт гранічна нявыгадны польскай этнічнай меншасьці ў Беларусі. Як ужо паказалі дзеяньні ўладаў, справа адзначэньня памяці «выклятых жаўнераў» у Берасьці будзе выкарыстаная як зачэпка для абмяжоўваньня культурна-асьветнай актыўнасьці палякаў Беларусі.
  • Канфлікт таксама моцна нявыгадны беларускай меншасьці на Падляшшы. Умяшаньне Менску ва ўнутраную па сутнасьці польскую справу — ацэнку дзеяньняў «Бурага», якая датычыць выключна польскіх грамадзянаў — ставіць беларусаў у Польшчы ў ролю своеасаблівай «пятай калёны». Так, прынамсі, я не сумняюся, будуць гэты канфлікт інтэрпрэтаваць польскія нацыяналістычныя арганізацыі і асяродкі. Інакш кажучы, беларусы на Падляшшы робяцца закладнікамі палітычных гульняў Менску з Варшавай. Для нацыянальнай меншасьці гэта вельмі небясьпечная сытуацыя.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG