Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн станоўча адказаў на пытаньне, ці лічыць ён Пуціна «забойцам»


Джозэф Байдэн

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн сьцьвярджальна адказаў на пытаньне журналіста тэлекампаніі ABC пра тое, ці лічыць ён прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна «забойцам».

Байдэн даў эксклюзіўнае інтэрвію журналісту Джорджу Стэфанопулясу. Гаворка пра Пуціна зайшла ў кантэксьце апублікаванага напярэдадні дакладу амэрыканскіх спэцслужбаў аб умяшаньні Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША.

Паводле словаў Байдэна, падчас тэлефоннай размовы з Пуціным у студзені ён папярэдзіў расейскага прэзыдэнта аб «наступствах» у выпадку, калі расейскае ўмяшаньне пацьвердзіцца. Якімі будуць гэтыя наступствы — Байдэн не сказаў.

Раней зьявіліся паведамленьні аб тым, што ЗША ўжо на наступным тыдні могуць увесьці новыя санкцыі ў дачыненьні да Расеі як у сувязі з умяшаньнем, так і з прычыны нядаўніх хакерскіх нападаў.

Паводле словаў Байдэна, сваю тэлефонную размову з Пуціным ён пачаў словамі: «Я ведаю вас, і вы ведаеце мяне» — пасьля чаго папярэдзіў пра магчымыя санкцыі. Пры гэтым прэзыдэнт ЗША адзначыў, што яго адміністрацыя гатовая працаваць з Расеяй у выпадку, калі гэта неабходна, у якасьці прыкладу прывёўшы падаўжэньне дамовы СНВ-3.

Байдэн не сказаў, чаму ён згодны з характарыстыкай Пуціна як «забойцы».

  • Раней ЗША ўвялі санкцыі супраць шэрагу расейскіх афіцыйных асоб і кампаній, усклаўшы на ўлады Расеі адказнасьць за атручваньне апазыцыянэра Аляксея Навальнага.
  • Група Bellingcat сьцьвярджае, што тым жа рэчывам «Навічок», якім, як гаворыцца ў яе расьсьледаваньні, супрацоўнікі ФСБ атруцілі Навальнага, у Расеі раней былі атручаныя яшчэ некалькі чалавек, яны памерлі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG