Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не маглі прайсьці міма, калі чыніўся гвалт над людзьмі». Судзяць сёстраў, якія ўступіліся за затрыманых пратэстоўцаў


Анастасію і Вікторыю Міронцавых трымаюць у клетцы

22 сакавіка пачаўся працэс над сёстрамі Міронцавымі — 24-гадовай Анастасіяй і 26-гадовай Вікторыяй.

Сёстрам пагражае да 6 гадоў зьняволеньня, іх вінавацяць па 342-м артыкуле ў арганізацыі альбо ва ўдзеле ў дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама паводле 364 артыкула — у гвалце альбо пагрозе гвалтоўных дзеяньняў адносна міліцыянтаў. Малодшую Анастасію, вінавацяць яшчэ і ў супраціве міліцыянтам.

Дзяўчаты праходзяць па справе, заведзенай паводле эпізоду 10 жніўня, калі ў затрыманьне грамадзян, якое праводзіў АМАП непадалёк ад гатэля «Юбілейны», умяшаліся некалькі жанчын, у тым ліку Анастасія, Вікторыя і Аляксандра Міронцавы.

Але ў выніку Міронцавы аказаліся ў аўтазаку, іх адвезьлі ў СІЗА Жодзіна. А 12 жніўня вызвалілі. Аляксандра зьехала за мяжу, Анастасія зь Вікторыяй засталіся ў Беларусі. Празь месяц суд вынес Вікторыі папярэджаньне, Анастасію да адказнасьці паводле Адміністрацыйнага кодэксу не прыцягвалі.

І вось у сярэдзіне кастрычніка па абедзьвюх прыехалі дадому. Выклікалі нібыта на размову пра сястру Аляксандру, а ў выніку адправілі ў СІЗА на Валадарскага, дзе выставілі абвінавачаньне паводле Крымінальнага кодэксу.

«Відаць, закрыюць надоўга»

Гэтак, паводле сябровак, якія прыйшлі ў суд, пісала з «Валадаркі» Вікторыя. Але дзяўчаты ня вераць, што яшчэ доўга не пабачаць каляжанак, і абмяркоўваюць варыянт з «хіміяй».

Як Вікторыя, гэтак і Аляксандра віну прызналі часткова, сказала карэспандэнту Свабоды яшчэ адна сястра, Вераніка. Зь яе словаў, абедзьве сястры прызналі, што былі на месцы «хапуну», бралі ўдзел у канфлікце, але зазначылі, што не наносілі ўдараў, а толькі спрабавалі ўратаваць ад іх мірных пратэстоўцаў.

Пацярпелыя амапаўцы
Пацярпелыя амапаўцы

22 сакавіка суд пачаў апытваць амапаўцаў, якіх сьледзтва прызнала пацярпелымі. Іх пяцёра, адзін зь іх прыйшоў кульгаючы, з кійком, але пакуль незразумела, ці зьвязаная ягоная траўма з эпізодам, які вывучае суд.

Да абеду суд пасьпеў апытаць аднаго з пацярпелых. Міліцыянт апісаў сутычку зь Міронцавымі, а шкоду ад іх дзеяньняў абазначыў некалькімі словамі: што рука пабалела і прайшла. Пра грашовую кампэнсацыю ад сёстраў Міронцавых пацярпелы не казаў.

Што вядома пра сёстраў Міронцавых?

Анастасія Міронцава вучылася на апошнім курсе Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Яе адлічылі за тое, што не здала экзамэнаў, бо падчас сэсіі сядзела ў вязьніцы. Сяброўкі, якія прыйшлі на суд падтрымаць Анастасію, у адзін голас кажуць пра яе як пра вельмі добрага і самаахвярнага чалавека.

«Яна дапамагае ўсім, і людзям, і жывёлам. Яна апякуецца 5 катамі, якіх падабрала малымі і хворымі, выратавала. Такі чалавек проста ня мог прайсьці міма, калі чыніўся гвалт над людзьмі», — кажуць сяброўкі Анастасіі.

Зь іх словаў, з «Валадаркі» Анастасія дасылае «цалкам аптымістычныя лісты, турбуецца не пра сябе, а пра іншых».

Вікторыя Міронцава да затрыманьня працавала афіцыянткай у бары крамы «Карона» на вуліцы Кальварыйскай. Паводле яе таварышкі па працы, яшчэ два месяцы пасьля арышту Вікторыі для яе трымалі працоўнае месца, але потым усё ж звольнілі.

«Вельмі шкада, што страцілі такую калегу. Яна такая пазытыўная, заўсёды ўсім падыме настрой, дапаможа ў любой сытуацыі», — сказала пра Вікторыю яе сяброўка.

Вераніка Міронцава
Вераніка Міронцава

На працэс над Вікторыяй і Анастасіяй прыйшлі ў суд яшчэ дзьве іх сястры, Вераніка і Алеся. Дзяўчаты кажуць, што спадзяюцца на справядлівы разбор справы і мяккі прысуд.

Трэцяя зь сёстраў, якая брала ўдзел у інцыдэнце, Аляксандра, сочыць за падзеямі ў судзе праз інтэрнэт з-за мяжы. Ад яе сябры перадаюць абвінавачаным Анастасіі і Вікторыі прывітаньне і словы падтрымкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG