Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Польшчы: Сытуацыя вакол Пачобута і іншых палякаў не застаецца без рэакцыі


Андрэй Пачобут

Спыніць хвалю рэпрэсій заклікаў улады Беларусі намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач. Пра гэта паведамляе БелаПАН.

У сваім твітэры Пшыдач напісаў, што сытуацыя вакол журналіста і члена праўленьня Саюза палякаў Беларусі (не прызнанага афіцыйным Менскам) Анджэя Пачобута і іншых палякаў не застанецца па-за ўвагай.

Паводле словаў намесьніка міністра замежных спраў Польшчы, польскі консул знаходзіцца ў офісе СПБ, дзе праходзіць вобшук.

Кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Міхаіл Дворчык назваў Пачобута прынцыповым чалавекам, які «шмат разоў быў рэпрэсаваны рэжымам Лукашэнкі». «Анджэй, трымайся! Мы вас ня кінем!» — паабяцаў Дворчык у Твітэры.

Генэральная пракуратура сёньня паведаміла, што распачала ў дачыненьні да старшыні неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі Анжалікі Борыс і «іншых асоб» справу паводле часткі 3 артыкула 130 КК (наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на распальваньне нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасьці, а таксама па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб).

«Гэтыя грамадзяне, пазыцыянуючы сябе членамі вышэйзгаданага саюзу, з 2018 году па цяперашні час на тэрыторыі гораду Горадні і іншых населеных пунктаў вобласьці з прыцягненьнем непаўналетніх арганізавалі і правялі шэраг незаконных масавых мерапрыемстваў па ўшанаваньні ўдзельнікаў антысавецкіх бандфармаваньняў, якія дзейнічалі падчас і пасьля Вялікай Айчыннай вайны, чынілі рабункі, забойствы мірнага насельніцтва Беларусі, зьнішчэньне маёмасьці. Іх дзеяньні мелі на мэце рэабілітацыю нацызму, апраўданьне генацыду беларускага народу», — гаворыцца ў паведамленьні пракуратуры.

Анжаліку Борыс затрымалі 23 сакавіка ў Горадні, на наступны дзень суд арыштаваў яе на 15 сутак за арганізацыю 7 сакавіка традыцыйнага сьвята рамёстваў «Гродзенскія Казюкі — 2021».

Пасьля арышту СПБ заявіў, што «перасьлед Анжалікі Борыс за рэалізацыю статутных задачаў СПБ, а менавіта захаваньня польскіх традыцый і культуры сярод польскай меншасьці», зьяўляецца «актам запалохваньня ўсёй польскай меншасьці ў Беларусі».

Неўзабаве пасьля затрыманьня Борыс МЗС Польшчы выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі і выказала пратэст у сувязі з сытуацыяй. Пазьней міністар замежных спраў Польшчы Зьбігнеў Раў заявіў, што затрыманьне і рашэньне суду ў дачыненьні да Анжалікі Борыс недапушчальныя і супярэчаць міжнародным стандартам.

Кіраўнік польскай дыпляматыі паведаміў, што 24 сакавіка ўзьняў гэтае пытаньне на сустрэчы міністраў замежных спраў краін NATO ў Брусэлі, а таксама на перамовах зь вярхоўным прадстаўніком Эўразьвязу па зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі Жузэпам Бурэлем і дзейным старшынём АБСЭ Ан Ліндэ.

Пачобут пасьля праведзенага ў яго доме ператрусу быў затрыманы.

Ператрусы праходзяць таксама ў польскай грамадзкай школе і офісе СПБ у Горадні, дома ў дырэктара грамадзкай школы пры СПБ у Ваўкавыску Марыі Цішкоўскай і ў кіраўніка Лідзкага аддзяленьня СПБ Ірэны Бярнацкай.

Да 2005 году ў Беларусі існаваў адзін Саюз палякаў. Пасьля яго расколу ў краіне дзейнічаюць афіцыйны саюз, зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі Беларусі, і неафіцыйны, які падтрымліваюць польскія ўлады. Анжаліка Борыс узначаліла неафіцыйны СПБ адразу пасьля расколу (старшынявала да 2010 году і з 2016-га).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG