Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы можам быць бясьсільнымі, але мы не бездапаможныя». Парады псыхоляга, як спраўляцца з апатыяй і знаходзіць радасьць


Ілюстрацыйнае фота

Пагаварылі з псыхолягам Паўлам Красоўскім (імя зьменена на просьбу суразмоўцы) пра тое, як не страчваць надзею на перамогу, працягваць жыць, змагацца зь бясьсільлем і апатыяй, знаходзіць пазытыўныя моманты нават у такія складаныя часы.

«Для нас вельмі важны маяк наперадзе»

Вулічныя актыўнасьці сталі не такімі масавымі, шмат людзей за мінулы час зазналі фізычны і псыхалягічны гвалт. Можна пачуць думку, што беларусы страцілі надзею на перамены і ня вераць у добры зыход падзей.

«Вядома, цяпер цяжэй за ўсё тым, хто пакутуе, хто знаходзіцца ў турмах, і іхным сваякам. У гэтых людзей няма шанцу забыцца на падзеі другой паловы мінулага году, таму што яны для іх яшчэ не скончыліся. Плюс не забываемся на вялікую колькасьць беларусаў, якія вырашылі эміграваць. Здавалася б, яны цяпер у бясьпецы, але яны сутыкаюцца зь іншай цяжкасьцю: адаптацыяй. Пераезд у іншую краіну — гэта, мякка кажучы, стрэс. Іншыя людзі, іншы мэнталітэт, іншыя каштоўнасьці», — кажа Павал Красоўскі.

Калі ж гаварыць пра веру ў станоўчыя перамены, тут варта не забываць, што ня ўсе гэтых зьменаў чакаюць, адзначае псыхоляг. Многія проста баяцца і па-ранейшаму вераць, што ўсё можа быць, як раней.

«Пры гэтым відавочны і раскол у грамадзтве. Гэта самае страшнае. Людзі перастаюць бачыць людзей, а заўважаюць толькі іх палітычныя погляды і паводле гэтага прынцыпу вызначаюць, добры чалавек ці дрэнны. У псыхалёгіі гэта называецца «чорна-белае мысьленьне». З гэтага пачынаюцца войны, у тым ліку і грамадзянскія. І ў гэтым небясьпека сытуацыі, якая склалася. Важна памятаць: мы ўсё тыя ж людзі, якімі былі да лета 2020 году. І наш сусед — па-ранейшаму проста сусед, а ня вораг. Пажадана, каб гэта разумеў і той сусед».

Надзея — гэта станоўча афарбаваная эмоцыя, якая ўзьнікае ў чаканьні выкананьня жаданага, тлумачыць Павал.

«У вядомай кнізе „Сказаць жыцьцю „Так!“: псыхоляг у канцлягеры“ Віктар Франкл апавядае, што дапамагала людзям выжыць у нечалавечых умовах лягера сьмерці Аўшвіц. Адзін з герояў (там усё на рэальных падзеях) у сьне ўбачыў вызваленьне. Сон быў яркі і рэалістычны, і галоўнае, там была канкрэтная дата. Натхніўшыся сном, гэты чалавек пачаў чакаць запаветны дзень, але калі ён наступіў, нічога не адбылося. Іх ня выратавалі, ня вызвалілі. Даволі хутка чалавек змарнеў і памёр. Чаму? Ён страціў надзею, сэнс. Для нас вельмі важны маяк наперадзе. Мэта, дзеля якой варта ісьці наперад».

«Мы ўсе траўмаваныя падзеямі ў краіне»

Павал кажа, што не ва ўсіх ягоных кліентаў праблемы зьвязаны з сытуацыяй у краіне, бо застаюцца і сямейныя праблемы, цяжкасьці ва ўзаемаадносінах з навакольнымі, незадаволенасьць уласным жыцьцём, трывожнасьць, страх адзіноты.

«З другога боку, шмат людзей непасрэдна пацярпелых: фізычна і псыхалягічна. Па сутнасьці, мы ўсе так ці інакш траўмаваныя тымі падзеямі. Проста ў кагосьці добра працуюць такія псыхалягічныя абароны, як рацыяналізацыя, адмаўленьне і г.д., а ў кагосьці іх няма. Патрэба ў псыхалягічнай дапамозе ў насельніцтва, вядома, моцна павялічылася. Думаю, гэтая тэндэнцыя захаваецца. Часта траўма не ўсьведамляецца і дае пра сябе знаць толькі праз час».

Каля ізалятару на вуліцы Акрэсьціна ў Менску, 14 жніўня
Каля ізалятару на вуліцы Акрэсьціна ў Менску, 14 жніўня

Цяпер беларусы спрабуюць вярнуцца да звыклага ладу жыцьця, бо немагчыма доўга знаходзіцца ў моцным напружаньні, стане стрэсу, кажа Павал. Псыхіка чалавека ў любым выпадку адаптуецца, робіць так, каб яе гаспадар змог выжыць нават у самых цяжкіх умовах.

«Неабгрунтаванае пачуцьцё віны — адна з прыкмет дэпрэсіі»

Акрамя стомленасьці, часта ў чалавека дадаецца пачуцьцё віны, што ён робіць недастаткова.

«Тут трэба глядзець індывідуальна. Наўрад ці пачуцьцё віны ў вас зьявілася ўпершыню ў жыцьці. Напэўна, яно ўзьнікала і раней, і ў іншых сытуацыях. Гэта значыць, цяпер яно проста актывавалася. Наагул гэтае пачуцьцё даволі таксычнае. Ну вось хто павінен яго адчуваць? Забойцы, зладзеі, махляры... Ці адчуваюць яны? Ды амаль ніколі не адчуваюць. І тады важна прааналізаваць: а наколькі гэта пачуцьцё абгрунтаванае? Ці сапраўды я магу карэнным чынам уплываць на сытуацыю? Праўда ў тым, што, хутчэй за ўсё, правільны адказ: „Не, не магу“».

Менск, 5 верасьня
Менск, 5 верасьня

Існуе і пачуцьцё віны перад іншымі людзьмі, якім цяпер горш. А тое, што ў чалавека ёсьць ежа, вада і дом, не азначае, што ён мусіць адчуваць сябе добра, кажа псыхоляг.

«Нават калі ўзяць вядомую піраміду Маслоў: фізіялягічныя патрэбы знаходзяцца ў аснове, але ўжо на наступным узроўні ёсьць такія пункты, як бясьпека і стабільнасьць. Што зь імі? Думаю, цяпер у многіх беларусаў праблемы з задавальненьнем гэтых патрэбаў. А пра тых, каму цяпер дрэнна... Заўсёды ёсьць тыя, каму цяпер горш ці лепш, чым вам. І, дарэчы, праўду кажуць, што часта больш пакутуюць сваякі зьняволеных, чым яны самі. Знаходзячыся на волі, можна нафантазаваць сапраўдных кашмараў, а тыя, хто самі знаходзяцца ў турме, часта перажываюць ня так моцна. Урэшце, чалавек да ўсяго прывыкае. Хоць, безумоўна, пазбаўленьне волі — велізарны ўдар».

Ня варта вінаваціць сябе, калі вы скардзіцеся на свой стан, кажа псыхоляг. Для пачатку трэба прызнаць, што ў вас такі настрой, напрыклад: «Мне сумна». Важна не адмахвацца ад сваіх пачуцьцяў.

«Псыхолягі ж ня кажуць: «дрэнныя пачуцьці» або «добрыя пачуцьці». Любое пачуцьцё мае значэньне, нясе нейкае пасланьне. Гэта нармальна. Толькі перажыўшы балючае, можна прыйсьці да радаснага і сьветлага. Дарэчы, неабгрунтаванае пачуцьцё віны — адна з прыкмет дэпрэсіі. Гэтак сама, як парушэньне сну, зьмены апэтыту, апатыя (або моцнае ўзбуджэньне), думкі пра суіцыд, страта задавальненьня, стомленасьць. Але дыягназ можа паставіць толькі спэцыяліст».

Каб дапамагчы блізкаму чалавеку, які цяжка перажывае падзеі ў краіне, у якога пачынаюцца сымптомы дэпрэсіі, варта быць побач, падтрымліваць і самому заставацца ў «жывым» стане, а не зьлівацца эмацыйна з партнэрам.

«Калі заўважаць пазытыў у дробязях, тады гамон не будзе здавацца такім глябальным»

Вось што раіць псыхоляг, каб справіцца з апатыяй і бясьсільлем:

«Падыдуць любыя формы фізычнай нагрузкі. Калі ёсьць, можна актываваць захапленьні і хобі. У цяперашняй сытуацыі сапраўды вельмі шмат бясьсільля. Так, мы можам быць бясьсільнымі, але мы не бездапаможныя. Зносіны са сваякамі і сябрамі, фізычная актыўнасьць, зварот да псыхоляга, нарэшце. Беларусы ўсё больш пачынаюць разумець, якая важная і эфэктыўная псыхагігіена. Што ўжо гаварыць аб вырашэньні больш складаных праблем. Калі баліць зуб, мы ідзём да стаматоляга; калі трэба выдаліць апэндыкс, гэтым займаецца хірург. Адказ на пытаньне, што рабіць пры ўзьнікненьні псыхалягічных цяжкасьцяў, для мяне відавочны».

«У любой сытуацыі ёсьць пазытыў і нэгатыў. Пытаньне толькі ў працэнтных суадносінах і здольнасьці чалавека ўбачыць той ці другі бок мэдаля. Я б рэкамэндаваў зьвяртаць увагу нават на »маленькія радасьці«. Сёньня я зьеў любімыя дранікі, прачытаў цікавую кнігу, купіў даўно жаданую рэч (ды яшчэ і на зьніжцы!), выдатна правёў час з каханай. Што заўгодна! Калі заўважаць пазытыў у дробязях, тады гамон ня будзе здавацца такім глябальным».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG