Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таня Скарынкіна: «Мне галоўнае — смаргонскую мову захаваць. Усё астатняе ня важна»


Таня Скарынкіна

27 красавіка ў менскай «Акадэмкнізе» адбудзецца аўтограф-сэсія новай празаічнай кнігі Тані Скарынкінай «Райцэнтар». Напярэдадні мы пагаварылі з аўтаркай пра жыцьцё, мову і літаратуру ў яе родным мястэчку Смаргонях.

— Віншуем з выхадам новай кнігі. І давайце пачнем з назвы. Ваш першы празаічны зборнік называўся вельмі інтрыгоўна. Чытач, кінуўшы вокам на вокладку, нізавошта ня мог здагадацца, што пад назовам «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэсьлі» хаваюцца эсэ пра асаблівасьці жыцьця ў вашых родных, але далёка ня ўсім вядомых Смаргонях. Тэму паўсядзённасьці невялікага гораду, якога нават і горадам цяжка назваць, а хутчэй спрадвечна, па-наску, мястэчкам, вы працягваеце і ў другой кнізе прозы. Але гэтым разам назва адразу ж раскрывае ўсе ніткі сюжэтаў надрукаваных у кнізе гісторыяў пра вашых землякоў — «Райцэнтар». Чаму так проста?

— Дзякуй за віншаваньне!

Слова «райцэнтар» не такое простае, якім падаецца на першы погляд. Асабліва на вокладцы падзеленае на «рай» і «цэнтар» выглядае загадкава. Спачатку для кнігі была прыдуманая іншая назва: «Гавораць Смаргоні». Пазыўныя даўнейшага смаргонскага радыё. Добра памятаю, як рэспубліканскі канал недзе а 9-й вечара раптам пераключаўся на гук палянэзу Агінскага. Глухі і шурпаты, нібыта сам пан Міхал недзе ў далёкім пакойчыку грае яго на дабітым піяніна ў фае мясцовага ДК. А потым вядучая звонка віталася і дадавала: «Гавораць Смаргоні». І вось у кніжцы менавіта гавораць Смаргоні. Менавіта на сваёй мове. Шмат гавораць. Але кніга доўга не выходзіла, назва паступова надакучыла. Здалося, што яе трэба скараціць. Увогуле настаў час кароткіх стрыманых назваў.

— У першай кнізе вы паказвалі нейкія нечаканкі ў лёсах блізкіх вам людзей. Нядаўна ў адным інтэрвію нават прызналіся, што доўга не дарылі яе сваякам, баючыся іхнай рэакцыі на абнародаваньне іхнага прыватнага жыцьця. Дарэчы, даведаўшыся пра вашае падглядваньне за імі, яны прабачылі вам за такі пісьменьніцкі грэх?

— А што ім заставалася? Яны нават нічога і не сказалі. Быццам і не пра іх напісана. Але мама кнігі не чытала, нягледзячы на тое, што на яе ўспамінах будуецца пераважная большасьць тэкстаў. Напэўна, здагадваецца, інтуіцыя ў яе абвостраная. На дыктафон, калі перад ёй кладу, увагі нібыта не зьвяртае. Толькі чамусьці пачынае апавядаць нашмат больш красамоўна, калі зь ім прыходжу.

— Тым часам пэрсанажамі другой вашай кнігі сталі ці ня ўсе смаргонцы. Вы, як праз вочка кінакамэры, убачылі дэталі іх быцьця, многія з якіх выглядаюць далёкімі ад прывабных. А што будзе, калі героі пазнаюць сябе ды ім не спадабаецца тое, як вы іх прадставілі на старонках «Райцэнтру»?

— Спадзяюся, яны кнігі не прачытаюць. А калі прачытаюць, маю надзею, не пакрыўдзяцца. Увогуле стараюся пра гэта ня думаць. Думаю над будучымі апавяданьнямі і вершамі. Гэта нашмат цікавей, чым баяцца асуджэньня героямі. Ёсьць намнога большыя страхі ў цяперашнім жыцьці.

— А ўвогуле, як смаргонцы ўспрымаюць сам факт таго, што вось жыве побач з імі знаная літаратарка, адна з кнігаў якой выйшла ў Вялікай Брытаніі, другая атрымала прэстыжную прэмію ў Расеі? Як ставяцца да вас кнігалюбы ва ўладных структурах? Ці ладзяць творчыя сустрэчы з вамі бібліятэкі і дамы культуры?

— Не заўважаю асаблівай увагі да сябе. І не хачу яе. Знаёмыя на вуліцы віншуюць з прэміяй калі-нікалі, бывае і незнаёмыя. Мне ад гэтага сьмешна. Сярод уладных не было прыхільнікаў і тым больш не зьявілася за апошні час. Раней сустрэчы адбываліся ў цэнтральнай бібліятэцы разы тры, у школах колькі разоў бывалі. Цяпер сябрам чытаю. У Сусьветны дзень паэзіі спэцыяльна нават сабраліся, каб я пачытала. Варажылі па кніжках, называючы старонку і радок.

— Мова вашых паэтычных кніг расейская, а празаічных — беларуская. Чым патлумачыце такі білінгвізм?

— Таму што вершы я пішу амаль усё жыцьцё. А прозу пачала ў 2014 годзе, калі пазнаёмілася, вярнуўшыся з Партугаліі, зь Юляй Цімафеевай і Альгердам Бахарэвічам. Юля была ініцыятаркай выданьня майго першага паэтычнага зборніка «Книга для чтения вне помещений и в помещениях». І яны абое параілі мне паспрабаваць пісаць калёнку для сайту «Будзьма». Альгерд вельмі падбадзёрыў, калі сказаў упэўнена, што ў мяне мусіць атрымацца. І з гэтымі яго словамі я села пісаць, і напісала першае эсэ «Абдымкі». Менавіта па-беларуску. Можа, таму што Юля з Альгердам размаўлялі так. І што за доўгія гады жыцьця за мяжой я сумавала па радзіме болей, чым прызнавалася ў гэтым сабе. І па мове ў тым ліку.

— Ваша беларуская мова не літаратурная. Вы не прычэсваеце маналёгі і дыялёгі вашых пэрсанажаў, яны са старонак вашых кніг гавораць, як у жыцьці — трасянкаю. Ці ня шкодзіць, на ваш погляд, такая местачковая кніжная мова папулярнасьці беларускай літаратуры?

— Мне галоўнае — смаргонскую мову захаваць. Усё астатняе ня важна зусім. Усё астатняе дадатак, якога магло б і ня быць. Упрыгажэньне для торта, які сам па сабе смачны.

— І ў канцы нашай гаворкі дазвольце пытаньне пра гендэр. Ваш «Райцэнтар» пабачыў сьвет дзякуючы новай выдавецкай ініцыятыве «Пфляўбаўм», якая дэкляравала выдаваць кнігі выключна аўтарак-жанчын. Ці не бянтэжыць вас такі падыход выдаўцоў да літаратуры, які існуе, скажам, у спорце, дзе мусіць быць чыста праз рознасьць фізычных дадзеных жанчын і мужчын?

— Ня самае горшае, што можа адбыцца з кнігай. Прапанавалі, і я адразу пагадзілася, бо хацела ўжо кнігу хутчэй выдаць, каб заняцца наступнай. І цяпер маю тэкстаў на кнігу прозы і на дзьве вершаў. Адной вершаванай назва будзе «Yes мамочка». У кнігу сабраныя творы, дзе «мама» прысутнічае так ці інакш. Кніга прозы складзецца з эсэяў, напісаных цягам 2020 году для часопіса «Маладосьць». І калі тэксты для «Будзьмы», Радыё Свабоды, «Прайдзісьвету», «Мінкульту», «Полымя» і іншых выданьняў я выкладала ў сеціва, то гісторыі моладзевыя ніхто амаль не чытаў, акрамя пакупнікоў хіба папяровага выданьня ў кіёсках. Гэта будзе невялічкая, але цэльная кніга. Магчыма, я туды яшчэ нейкую колькасьць тэкстаў дапішу.

Адзін ужо ведаю пра што. Як жыхары Перавозаў — вёскі над Вільлёй, дзе прапрадзед Ігнацы нарадзіўся, і прадзед Апалінары, і дзядуля Юзэф, і мама — адпраўляліся яшчэ да рэвалюцыі ў Амэрыку павальна на заробкі. Цікава, што ў вёсцы жылі амаль усе Янчуковічы. А ў Амэрыцы прозьвішча трансфармавалася ў Янкоўскіх, Янсанаў. Ехалі ў горад Вустэр, штат Масачусэтс, на тэкстыльныя фабрыкі працаваць. Як у такую далечыню зьбіраліся і дабіраліся? За якія грошы, на які карабель набывалі квіток? Думаць пра гэта спакойна не магу. Чаму не трымала радзіма, не шкадавала, вымушала бегчы за кавалкам хлеба на край зямлі?

* * *

Таня Скарынкіна нарадзілася ў 1969 годзе ў горадзе Смаргонях. Выпускніца Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Працавала паштальёнкай, журналісткай, мастачкай-ілюстратаркай. Некаторы час жыла ў горадзе Фару (Партугалія).

У 2013 годзе ў сэрыі «Пункт адліку» Бібліятэкі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў выйшаў яе першы зборнік паэзіі «Книга для чтения вне помещений и в помещениях». За ім пабачыла сьвет кніга «Португальские трёхстишия» (2014). У 2016 выйшаў зборнік эсэяў «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэсьлі». Кніга ў перакладзе на ангельскую мову Джыма Дынглі атрымала ўзнагароду PEN Translates ангельскага ПЭН-Цэнтру. У 2020 Таня Скарынкіна атрымала прэмію Андрэя Белага за паэтычную кнігу «И все побросали ножи».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG