Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэфэрэндум-2022: ці хопіць рэпрэсіўных захадаў, каб грамадзтва не ўзарвалася, як у 2020 годзе?


Ілюстрацыйнае фота

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына паведаміла, што рэфэрэндум аб папраўках у Канстытуцыю пройдзе ў студзені — лютым 2022 году.

Сьцісла

  • Лукашэнка піша Канстытуцыю сам для сябе, зыходзячы з уласных інтарэсаў. Грамадзтва ў гэтым працэсе ніяк ня ўдзельнічае.
  • Улады будуць рабіць усё, каб новая кампанія прайшла ў стэрыльных умовах.
  • Няма вялікай праблемы набраць склад выбарчых камісій.
  • Невядома, ці хопіць рэпрэсіўных захадаў, каб грамадзтва не ўзарвалася, як у 2020 годзе.

Лідзія Ярмошына зазначыла, што, калі сумяшчаць рэфэрэндум зь мясцовымі выбарамі, то, паводле заканадаўства, апошнія мусяць прайсьці не пазьней за 16 студзеня. Але, з улікам таго, што цяпер, як усім вядома, у Беларусі «не да законаў», галасаваньне можа адбыцца і ў лютым.

Што тычыцца праекту Канстытуцыі. Лукашэнка піша яе сам для сябе, зыходзячы з уласных інтарэсаў. Грамадзтва ў гэтым працэсе ніяк ня ўдзельнічае. Паводле заяваў Лукашэнкі, у новай Канстытуцыі вялізнымі паўнамоцтвамі будуць надзеленыя нявыбарныя органы: «усебеларускі народны сход», Савет бясьпекі.

Лукашэнка добра памятае, чым закончылася апошняя электаральная кампанія (прэзыдэнцкія выбары). Таму будзе рабіць усё, каб новая кампанія прайшла ў стэрыльных умовах.

Да канца году будзе прыняты новы закон аб палітычных партыях. Пасьля чаго адбудзецца перарэгістрацыя існых партый. Штосьці мне падказвае, што апазыцыйныя партыі гэтую перарэгістрацыю ня пройдуць.

Затым будуць прынятыя папраўкі ў Выбарчы кодэкс. Якія, хутчэй за ўсё, пазбавяць апанэнтаў улады магчымасьці ўвогуле ўдзельнічаць у выбарах. Як сказаў увосень Лукашэнка, трэба закрыць шчыліны для палітычных сілаў, якія дэстабілізуюць сытуацыю.

Цяпер у сацыяльных сетках пашырана думка, што для ўладаў будзе праблемай набраць надзейных чальцоў выбарчых камісіяў. Вось рэдактар «Нашай нівы» Ягор Марціновіч піша ў фэйсбуку: «У мяне толькі адно пытаньне: дзе ўзяць настаўнікаў на ўсё гэта? Старыя не дурныя, больш лезьці ў пекла не захочуць. Узяць новых рызыкоўна, могуць здацца ў апошні момант».

На мой погляд, тут няма вялікай праблемы. Набраць па краіне 60 тысяч «ябацек» ня вельмі цяжка. Тым больш што цяпер мэханізм прымусу зусім іншы, больш моцны, чым у ранейшыя «лібэральныя» часы. За «няправільныя» вынікі выбараў чалавек ня толькі пазбавіцца працы, а можа трапіць за краты.

Адзінае невядомае ў гэтым раскладзе палягае ў наступным: ці хопіць згаданых рэпрэсіўных захадаў, каб грамадзтва не ўзарвалася, як у 2020 годзе? Ці не ўскалыхне рэфэрэндум народ? Бо для абываталя Канстытуцыя — гэта нейкая абстракцыя, якая мала ўплывае на ягонае паўсядзённае жыцьцё. Як, дарэчы, і мясцовыя выбары.

А ўрэшце, рэфэрэндум прызначае не ЦВК на чале з Ярмошынай, а Лукашэнка. Нельга выключаць, што ён можа адмяніць, забраць назад усе свае абяцаньні, спаслаўшыся, напрыклад, на выкрытую змову.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG