Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раман Галоўчанка: «Падпісаньне дарожных мапаў можа здарыцца і празь месяц, два, тры, і праз шэсьць»


Раман Галоўчанка

Прэм’ер-міністар Беларусі заявіў, што афіцыйны Менск шукае станоўчага рашэньня щто да «дарожных мапаў» з Расеяй, а таксама выказаў перакананьне, што амэрыканскія санкцыі ніяк не паўплываюць на пастаўкі нафты ў Беларусь.

Пастаўкі нафты

Нафта пастаўляецца ў Беларусь у адпаведнасьці з умовамі кантрактаў у штатным рэжыме, і амэрыканскія санкцыі на гэта не паўплываюць, лічыць прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка, пра гэта ён сказаў у этэры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь=1».

«Санкцыі амэрыканскія, але мы ў Амэрыцы нафты не купляем. [...] Санкцыі распаўсюджваюцца на фізычных, юрыдычных асоб ЗША, а таксама кампаніі, у якіх кантрольны пакет належыць грамадзянам альбо юрыдычным асобам ЗША. Але нафту мы купляем ня ў Злучаных Штатах, а ў нашага партнэра — Расейскай Фэдэрацыі».

Паводле прэм’ер-міністра, усе кантракты падпісаныя, нафта пастаўляецца ў адпаведнасьці з умовамі гэтых кантрактаў, у гэтым пляне «ўсё абсалютна штатна, спакойна».

19 красавіка ЗША вырашылі аднавіць санкцыі ў дачыненьні дзяржаўнага канцэрну «Белнафтахім» і васьмі беларускіх дзяржпрадпрыемстваў: Беларускага нафтавага гандлёвага дому, Belneftekhim USA Inc., ААТ «Белшына», ААТ «Гродна Азот», ААТ «Гродна Хімвалакно», ААТ «Лакафарба», ААТ «Нафтан» і ААТ «Полацк-Шкловалакно».

Асноўныя апэрацыі або дзейнасьць «з названымі прадпрыемствамі, кампаніямі, якімі яны валодаюць індывідуальна або калектыўна, прама ці ўскосна, маючы 50-працэнтную або большую долю, дазволеныя да 3 чэрвеня 2021 году.

27 красавіка агенцтва Reuters са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што расейскія нафтавыя кампаніі могуць прыпыніць пастаўкі нафты на наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод «Нафтан», баючыся, што могуць падпасьці пад санкцыі, якія ЗША ўвялі супраць гэтага прадпрыемства.

«Дарожныя мапы»

Галоўчанка таксама выказаўся і пра дарожныя мапы, якія абмяркоўваюцца з Крамлём. Тыя праграмы, якія перадалі расейскаму боку, папярэдне ўжо ўзгаднілі на «ўзроўні кіраўнікоў галіновых ведамстваў». Гэта правядзеньне адзінай палітыкі ў розных галінах эканомікі, каб «не было спрэчак аб увозе сельскагаспадарчай прадукцыі». Паводле Галоўчанкі, гэта канкрэтныя праграмы «выхаду на адзіныя ўмовы ня толькі гаспадаркі, але і плянаваньня будучай дзейнасьці».

У той жа час яшчэ дзьве мапы «дастаткова складаныя з эканамічнага пункту гледжаньня», у іх «шмат разьлікаў, пазыцый бакоў».

«Мы дыскутуем, як правільней, хутчэй скласьці гэтую схему, каб хутчэй стартаваў увесь пакет саюзных праграм і эканамічнае напаўненьне Саюзнай дзяржавы раскрыла ўвесь свой патэнцыял», — заявіў кіраўнік беларускага ўраду.

Канкрэтныя тэрміны падпісаньня пакінутых двух няўзгодненых мапаў ён не назваў.

«Гэта можа здарыцца і празь месяц, праз два, праз тры, і праз шэсьць. Мы не хацелі б адкладаць гэта на доўгі час; з другога боку, ня ставім для сябе нейкіх там жорсткіх тэрмінаў. Сытуацыя не падштурхоўвае да таго, што трэба тэрмінова нешта рабіць», — сказаў Галоўчанка.

Афіцыйны Менск завізаваў і перадаў Маскве праекты 26 інтэграцыйных «дарожных мапаў», пра што Галоўчанка паведаміў 28 красавіка ў Казані на сустрэчы з кіраўніком расейскага ўраду Міхаілам Мішусьціным. Тады ж ён адзначыў, што куратарамі падрыхтоўкі двух астатніх праектаў будуць прэм’ер-міністры.

27 красавіка беларускі амбасадар у Маскве Ўладзімер Сямашка выказаў меркаваньне, што астатнія дзьве мапы могуць падпісаць у верасьні-кастрычніку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG