Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды, выракі і затрыманьні 15 траўня: у падсуднай у «справе студэнтаў» Яны Арабейкі зьявіліся праблемы з сэрцам

абноўлена

Зьняволеныя студэнты

Фігурантцы «справы студэнтаў» выклікалі хуткую ў суд. У Магілёве арыштавалі журналістаў, якія прыйшлі на «працэс Севярынца». У Гомлі пакаралі за ўзьняты бел-чырвона белы сьцяг. Суды і выракі працоўнай суботы 15 траўня.

Студэнтцы Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, прыхільніцы «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» Яне Арабейцы стала блага ў другі дзень судовага працэсу 15 траўня. У 20-гадовай дзяўчыны пачаліся праблемы з сэрцам, паведаміў тэлеграм-канал «Студэнцкая думка».

Адвакат хадайнічаў аб зьмене меры стрыманьня, пракурор быў супраць. Судзьдзя Марына Фёдарава пасьля перапынку ў паседжаньні адмовіла ў хадайніцтве, пастанавіўшы пакінуць падсудную пад вартай.

Арабейку затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу яна пад вартай. Разам зь ёй на лаве падсудных:

  • Марыя Каленік, студэнтка БДАМ;
  • Ксенія Сырамалот, студэнтка БДУ;
  • Кася Будзько, студэнтка БДПУ;
  • Ягор Канецкі, студэнт БДУ;
  • Глеб Фіцнэр, студэнт МДЛУ;
  • Ільля Трахтэнбэрг, адлічаны студэнт БДУ;
  • Вікторыя Гранкоўская, адлічаная студэнтка БНТУ;
  • Анастасія Булыбенка, адлічаная студэнтка БНТУ;
  • Вольга Філатчанкава, выкладчыца БДУІР (ч. 1 арт. 342 КК);
  • Алана Гебрэмарыям, выпускніца БДМУ, сябра Каардынацыйнай рады, прадстаўніца Ціханоўскай у справах моладзі і студэнтаў (ч. 1 арт. 342 КК);
  • Тацяна Якельчык, студэнтка мэхмату БДУ (арт.342 КК).

Падсудных вінавацяць у змове, зьдзяйсьненьні злачынства групай асобаў і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 2 арт. 17 і ч. 1 арт. 342 КК, максымальнае пакараньне — да 3 гадоў пазбаўленьня волі).

На першае пасяджэньне, якое адбылося ў пятніцу, не пусьцілі большасьць ахвотных, у залю праз мэталашукальнікі надалі доступ толькі некаторым сваякам падсудных, астатніх людзей, якія засталіся перад будынкам суду, разагналі, 14 чалавек затрымалі нібыта за ігнараваньне «законных патрабаваньняў супрацоўнікаў міліцыі».

У Магілёве асудзілі людзей, якія прыйшлі 12 траўня на пачатак суду над Паўлам Севярынцам і актывістамі «Эўрапейскай Беларусі».

Журналістаў Алеся Буракова і Ўладзімера Лапцэвіча арыштавалі на 20 сутак, старшыню мясцовай арганізацыі АГП Уладзімера Шанцава — на 15 сутак.

Гамельчука асудзілі на паўтара года «хатняй хіміі» за замену чырвона-зялёнага сьцяга на бел-чырвона-белы

15 траўня суд Цэнтральнага раёну Гомля асудзіў за хуліганства 23-гадовага Кірылу Брыгі на паўтара году «хатняй хіміі», вынікае з паведамленьня пракуратуры. Летась 16 жніўня падчас акцыі пратэсту ён дапамог зьняць чырвона-зялёны сьцяг, каб замяніць яго на бел-чырвона-белы.

За гэтае ж увосень пакаралі Георгія Васіленку. Суд прызначыў яму два гады «хіміі».

Абвінавачаньне палічыла, што 16 жніўня «Васіленка і Брыгі наўмысна, з хуліганскіх памкненьняў, выказваючы сваю сваволю, грэбуючы нормамі маралі, выказваючы яўную непавагу да грамадзтва, парушалі грамадзкі парадак, з выключным цынізмам, ведаючы, што за іх дзеяньнямі назіраюць і фіксуюць, спусьцілі дзяржаўны сьцяг Рэспублікі Беларусь». Затым яны паднялі бел-чырвона-белы сьцяг, які „не зьяўляецца сымбалем улады“».

Замена сьцяга ў Гомлі 16 жніўня 2020
Замена сьцяга ў Гомлі 16 жніўня 2020

Кірыла Брыгі прызнаў сваю віну цалкам. Ён казаў, што 16 жніўня быў дома, быў выходны сонечны дзень, прыяцель запрасіў пайсьці пагуляць, на мітынг. «Калі мы падышлі да плошчы, то ўбачылі, што сьцяг быў амаль спушчаны з тронка. Калі падышлі бліжэй да тронка, нехта сказаў, што не ўдаецца зьняць яго да канца. Ён быў ня цалкам яшчэ спушчаны, думалі, чым яго зьняць. Знайшлі інструмэнт, і я як інжынэр дапамог яго зьняць», — казаў на судзе абвінавачаны.

З-за плота за гэтым назіралі міліцыянты, яны і забралі чырвона-зялёны сьцяг.

«Потым з натоўпу нехта прынёс сьцяг БЧБ. Вырашылі яго ўзьняць. Заўваг мне ніхто не рабіў. Навошта здымаў? Ня ведаю, эфэкт натоўпу спрацаваў. Мне гэта ня трэба было», — засьведчыў Кірыла.

Сьведка Аляксандар расказаў акалічнасьці здарэньня і заўважыў, што ўсе людзі на плошчы рэагавалі на замену сьцяга пазытыўна.

Затрымалі арт-мэнэджэрку. Падазраюць ва ўдзеле ў «акцыі ў белым»?

Тэлеграм-канал BY_culture паведаміў, што затрыманая арт-мэнэджэрка Ксенія Тырсікава. Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманьне адбылося ў Ксеніі дома і яе нібыта падазраюць ва ўдзеле ў акцыі жанчын у белым каля Камароўскага рынку ў Менску 12 траўня.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG