Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеля чаго ўлады прымаюць «антырэвалюцыйнае» заканадаўства


Улады вельмі інтэнсіўна і ў вялікай колькасьці прымаюць новыя законы, якія ў мэдыя называюцца «рэпрэсіўнымі», «драконаўскімі». Я б назваў іх «антырэвалюцыйнымі». Гэта рэакцыя на выбух леташняга народнага пратэсту.

Сьцісла

  • Адсутнасьць прававой базы і раней ня надта перашкаджала ўладам распраўляцца з пратэстоўцамі.
  • Рэпрэсіўныя законы працягваюць прымаць, найперш для запужваньня грамадзтва.
  • Таксама ўлады спрабуюць падвесьці прававую базу пад рэпрэсіўную практыку, каб стварыць супрацоўнікам сілавых структураў дадатковы псыхалягічны камфорт.

Цягам апошняга году ўлады актыўна праводзілі палітычныя рэпрэсіі, ня надта зважаючы на заканадаўства. Як казаў Лукашэнка, «часам не да законаў». Так што адсутнасьць прававой базы не перашкаджала ўладам распраўляцца з пратэстоўцамі. Таму ў неправавой дзяржаве можна было б абысьціся і бяз гэтых заканадаўчых навацый. Тым больш што яны выклікаюць нэгатыўнае ўражаньне ў беларускай і сусьветнай грамадзкасьці.

Тым ня менш новыя «антырэвалюцыйныя» законы працягваюць прымацца. Яны мусяць прывесьці заканадаўства ў адпаведнасьць з правапрымяняльнай практыкай. Дзеля чаго?

Найперш дзеля запужваньня грамадзтва, каб трымаць людзей у страху, падвысіць цану ўдзелу ў пратэстах. Новае заканадаўства — гэта дамоклаў меч, які павінен вісець над галавою кожнага незадаволенага. Яно пераводзіць практычна ўсё насельніцтва ў статус вінаватых альбо падазраваных.

Таксама тут ёсьць больш важная прычына. Справа ў тым, што дзяржава наагул мусіць функцыянаваць у адпаведнасьці зь нейкімі правіламі, якія называюцца законамі. І калі чыноўніка ці супрацоўніка сілавых структур прымушаюць парушаць заканадаўства, дзейнічаць па-за яго межамі, то яны аказваюцца ў дыскамфортным псыхалягічным стане. Бо ўлада можа памяняцца, пачнуцца расьсьледаваньні. Таму цяпер Лукашэнка і спрабуе падвесьці прававую базу пад рэпрэсіўную практыку. Каб надаць упэўненасьці гэтым супрацоўнікам, каб у іх быў аргумэнт: я дзейнічаў у рамках існага заканадаўства, добрым яно было ці дрэнным.

Усе зьвярнулі ўвагу, што новы закон «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь» надзяляе органы ўнутраных спраў правам прымяняць баявую і спэцыяльную тэхніку пры спыненьні масавых беспарадкаў. І супрацоўнікі міліцыі ня будуць несьці адказнасьці за шкоду, прычыненую ў выніку іх прымяненьня.

Іншая справа, як усё гэта будзе выконвацца на практыцы. Вось пагром Tut.by адбываецца на вельмі сумнеўнай прававой падставе.

Аднак яшчэ нікому ў гісторыі не ўдавалася прадухіліць рэвалюцыю з дапамогай «драконаўскіх» законаў. Ня думаю, што Беларусь тут стане выключэньнем.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG