Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Анжаліцы Борыс прапаноўвалі вызваленьне ўзамен на дэпартацыю», — дырэктарка Белсату


Анжаліка Борыс

Дырэктарка тэлеканалу Белсат Агнешка Рамашэўска-Гузы напісала ў сваім Фэйсбуку, што старшыні Саюзу палякаў Беларусі Анжаліцы Борыс прапаноўвалі вызваленьне са сьледчага ізалятару ўзамен на выезд зь Беларусі.

«Навакольным шляхам я атрымала некаторую інфармацыю пра тое, што Анжаліцы Борыс прапаноўвалі вызваленьне ўзамен на згоду аб дэпартацыі зь Беларусі. Яна адмовілася. Выглядае, што аналягічная прапанова была зроблена і Анджэю Пачобуту, і адказ быў ідэнтычным. Мабыць (але я магу тут напісаць толькі „нібыта“), Ірэна Бярнацкая сказала ні так, ні не, і Марыя Цішкоўска была гатовая пагадзіцца. Бадай, Ганна Панішава знаходзіцца ня ў лепшым фізычным і псыхічным стане». — напісала Рамашэўска-Гузы.

Паводле яе, дакладную інфармацыю немагчыма атрымаць, бо ад адвакатаў улады патрабуюць маўчаньня, пагражаючы пазбаўленьнем ліцэнзіі. Сем’і арыштаваных ня маюць магчымасьці сустрэч, а ліставаньне абмяжоўваюць.

«Такога стаўленьня да вязьняў не было нават у Польшчы падчас ваеннага становішча», — напісала Рамашэўска-Гузы.

Анжаліка Борыс зьяўляецца фігуранткай справы аб «распальваньні нацыянальнай варожасьці» і «рэабілітацыі нацызму», за што ёй пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Апрача Борыс, гэта чальцы галоўнай рады арганізацыі: кіраўніца аддзяленьня ў Ваўкавыску Марыя Цішкоўская, кіраўніца аддзяленьня ў Лідзе Ірэна Бярнацкая, сябра галоўнай рады і журналіст Анджэй Пачобут і старшыня Форуму польскіх мясцовых ініцыятываў у Берасьці Ганна Панішава.

Усіх арыштаваных у «Польскай справе» праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі. Санкцыя крымінальнага артыкула прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Як разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт

  • 2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх консулаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы.
  • 29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
  • 21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.
  • 12 сакавіка 2021 году на беларуска-польскай мяжы затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «распальваньне нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці» (частка 3 артыкул 130 КК). Яна знаходзіцца пад вартай.
  • 13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі яшчэ два польскія консулы, у тым ліку генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул узяў удзел у імпрэзе памяці «праклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх консулаў.
  • 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
  • 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
  • 25 сакавіка затрымалі сяброў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
  • Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (частка 3 артыкулу 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская знаходзяцца на «Валадарцы» ў якасьці падазраваных.
  • 29 сакавіка стала вядома, што смаргонская пракуратура запрошвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.
  • 31 сакавіка праваабаронцы прызналі Борыс, Пачобута, Бярнацкую, Цішкоўскую, Панішаву палітвязьнямі.
  • 6 красавіка Лукашэнка выставіў Польшчы прэтэнзіі ў тым, што яе ўлады абвінавачваюць афіцыйны Менск у фальсыфікацыі выбараў, а таксама «падтрымліваюць здраднікаў і экстрэмістаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG