Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада ЗША ў Беларусі пра перасьлед Tut.by: У духу найгоршых традыцыяў мінулага стагодзьдзя


Ілюстрацыйнае фота

Амбасада ЗША ў Беларусі выступіла з заявай з нагоды перасьледу парталу Tut.by.

«Злучаныя Штаты асуджаюць неаслабны перасьлед рэжымам Лукашэнкі незалежнага парталу Tut.by, ягоных журналістаў і супрацоўнікаў, — гаворыцца ў заяве амбасады ЗША. — Ператрусы ў офісах Tut.by, а таксама ў дамах супрацоўнікаў, зь фіктыўнай нагоды расьсьледаваньне падатковага махлярства зьяўляюцца апошнімі ў сэрыі карных мераў, накіраваных супраць сродка масавай інфармацыі, чыё галоўнае „злачынства“ палягае ў аб’ектыўным асьвятленьні мірных пратэстаў супраць сфальсыфікаваных выбараў 2020 года і гвалтоўных і жорсткіх дзеяньняў рэжыму ў адказ».

«Улады пазбавілі Tut.by прававога статусу СМІ, журналістаў парталу штрафавалі і кідалі ў турму, яны падвяргаліся фізычным нападам, — нагадваецца ў заяве. — Улады неаднаразова паклёпнічалі на партал і пагражалі яму. Сёньня вэб-сайт tut.by быў заблякаваны — улады, здаецца, маюць намер паралізаваць яго працу, абвінаваціўшы ў парушэньнях падатковага заканадаўства. Гэтыя спробы выкараніць незалежнае мысьленьне — у духу найгоршых падзеяў мінулага стагодзьдзя. Беларусь узяла на сябе міжнародныя абавязаньні паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды, і Злучаныя Штаты чакаюць, што Беларусь гэтыя абавязаньні будзе выконваць».

«Злучаныя Штаты зноў заклікаюць пакласьці канец рэпрэсіям супраць незалежных СМІ, мірных пратэстоўцаў, праваабаронцаў і грамадзянскай супольнасьці і заклікаюць да прыцягненьня да адказнасьці ўсіх, хто зрабіў злоўжываньні. Злучаныя Штаты выступаюць у падтрымку сувэрэннай і незалежнай Беларусі, якая прытрымліваецца міжнародных абавязаньняў па абароне правоў чалавека» — гаворыцца ў заяве амбасады ЗША ў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG