Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стала з удзельнікамі прэзыдэнцкай кампаніі — 2020


Год назад, 20 траўня, Цэнтарвыбаркам зарэгістраваў ініцыятыўныя групы 15 патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. Пачалася ці ня самая драматычная выбарчая кампанія ў гісторыі Беларусі. Свабода сабрала гісторыі некаторых вядомых беларусаў, жыцьцё якіх падзялілася на «да» і «пасьля» 9 жніўня 2020 году.

Валер Цапкала

Старт прэзыдэнцкай кампаніі ў 2020 годзе адбыўся 8 траўня пасьля абвяшчэньня афіцыйнай даты выбараў. Першым, хто паведаміў пра намер у іх удзельнічаць у якасьці кандыдата, стаў былы кіраўнік і адзін са стваральнікаў ПВТ Валер Цапкала. Пра гэта ён напісаў у фэйсбуку.

«Я прыняў рашэньне балятавацца на пост прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь! — пісаў Валер Цапкала. — У мяне дастаткова для гэтага і кіраўніцкага, і жыцьцёвага вопыту! Маючы сур’ёзныя кантакты ў палітычных і дзелавых колах у розных краінах сьвету, я змагу іх выкарыстоўваць на карысьць народу Беларусі!».

Цэнтравыбаркам адмовіўся рэгістраваць Валера Цапкалу ў якасьці кандыдата празь недастатковую колькасьць подпісаў. Штаб Цапкалы пры гэтым заяўляў, што ў ЦВК было пададзена больш за 160 тысяч правераных подпісаў пры неабходных 100 тысячах.

Валер Цапкала выехаў зь Беларусі 24 ліпеня. Яго жонка Вераніка актыўна ўдзельнічала ў кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай да самага дня выбараў.

Цяпер сям’я Цапкалаў жыве ў Латвіі. 6 студзеня 2021 году экс-прэтэндэнт у кандыдаты на прэзыдэнцтва абвясьціў аб стварэньні Дэмакратычнага форуму Беларусі. Форум павінен стаць альтэрнатывай Усебеларускім народным сходам.

Віктар Бабарыка

Пра свой намер удзельнічаць у выбарах Віктар Бабарыка абвясьціў 12 траўня. Як і Валер Цапкала — на старонцы ў фэйсбуку.

«Я буду вылучаць сваю кандыдатуру на выбарах 9 жніўня, — напісаў Бабарыка. — Я не наіўны чалавек і выдатна разумею тыя межавыя ўмовы і правілы гульні, якія сфармаваныя на гэтым полі ў Беларусі, а самае галоўнае — фінальную частку гэтага „дзейства“, якая была сфармуляваная яшчэ ў эпоху Сталіна: няважна, як галасуюць, важна, як лічым».

Затрымалі Віктара Бабарыку крыху больш як празь месяц — 18 чэрвеня. У той жа дзень у СІЗА зьмясьцілі яго сына Эдуарда, які ўзначальваў выбарчы штаб бацькі. Праз тры дні пасьля арышту Бабарыку выставілі абвінавачаньні па трох артыкулах КК за ўхіленьне ад выплаты падаткаў і даваньне хабару. Неўзабаве адбыліся арышты новага кіраўніцтва Белгазпрамбанку (банк абвясьціў пра сыход Віктара Бабарыкі з пасады кіраўніка яшчэ 12 траўня. — РС).

14 ліпеня ЦВК адмовіў у рэгістрацыі Бабарыку празь неадпаведнасьць дадзеных, пазначаных у дэклярацыі аб маёмасьці. Гэта выклікала акцыі пратэсту ў Менску і шэрагу іншых гарадоў краіны. Яго штаб здаў у Цэнтравыбаркам 435 тысяч подпісаў — рэкордную колькасьць для праціўніка Лукашэнкі за ўвесь час яго кіраваньня.

Суд па справе Віктара Бабарыкі працягваецца ўжо амаль тры месяцы. Сваёй віны ён не прызнае.

Марыя Калесьнікава

Марыя Калесьнікава прысутнічала падчас падачы дакумэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі.

Пасьля арышту самога Бабарыкі яна разам з адвакатам Максімам Знакам фактычна ўзначаліла яго выбарчы штаб. Зь сярэдзіны ліпеня актыўна ўдзельнічала ў працы аб’яднанага штабу, разам са Сьвятланай Ціханоўскай і Веранікай Цапкалай езьдзіла на сустрэчы з выбаршчыкамі па Беларусі. На прэс-канфэрэнцыі 17 ліпеня Марыя Калесьнікава сказала, што гэта яна прапанавала Сьвятлане Ціханоўскай аб’яднаць штабы і працаваць разам.

Пасьля 9 жніўня 2020 году Марыя Калесьнікава стала адной з ініцыятараў стварэньня Каардынацыйнай рады. 31 жніўня Калесьнікава агучыла прапанаваную Віктарам Бабарыкам ініцыятыву аб стварэньні палітычнай партыі «Разам».

7 верасьня была затрыманая невядомымі ля Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі. У ноч на 8 верасьня, знаходзячыся на нэўтральнай паласе паміж Беларусьсю і Украінай, разарвала свой пашпарт і пешшу вярнулася ў Беларусь, дзе была зноў затрыманая. Абвінавачаная ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь. Знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Менску.

Максім Знак

Неўзабаве пасьля заявы Віктара Бабарыкі аб жаданьні ўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнта Беларусі Максім Знак стаў юрыстам ягонага выбарчага штабу. Як і Марыя Калесьнікава, Знак удзельнічаў у асноўных падзеях асабіста. Суправаджаў Бабарыку падчас візытаў у ЦВК, а пасьля арышту патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты разам з Марыяй Калесьнікавай стаў адной з кіраўнічых фігур у выбарчым штабе Бабарыкі.

10 жніўня 2020 году Максім Знак разам са Сьвятланай Ціханоўскай панёс скаргу на вынікі выбараў у будынак Цэнтравыбаркаму, адкуль вярнуўся ўжо адзін. Ціханоўская пасьля гэтага была вымушаная выехаць з краіны. Зь сярэдзіны жніўня Максім Знак удзельнічаў у стварэньні Каардынацыйнай рады, увайшоў у яе асноўны склад.

Быў затрыманы раніцай 9 верасьня ў памяшканьні выбарчага штабу Віктара Бабарыкі на вуліцы Веры Харужай у Менску. Яго абвінавацілі ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на пагрозу нацыянальнай бясьпецы. Утрымліваецца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.

Юры Васкрасенскі

Роля Юрыя Васкрасенскага ў працы штабу Віктара Бабарыкі застаецца незразумелай. Па словах самога Васкрасенскага, ён уваходзіў у кіраўніцтва штабу, кіраваў зборам подпісаў па Першамайскім раёне Менску. Гэтую інфармацыю абвяргае сам Бабарыка. Верагодна, Васкрасенскі быў адным зь сяброў ініцыятыўнай групы, займаўся зборам подпісаў за вылучэньне Віктара Бабарыкі ва Ўруччы.

12 жніўня Юрыя Васкрасенскага арыштавалі ў яго дома, ён прабыў у СІЗА КДБ каля двух месяцаў. Удзельнічаў у сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з палітзьняволенымі на тэрыторыі «Амэрыканкі». Васкрасенскі пачаў абвінавачваць былых паплечнікаў у спробе дэстабілізацыі сытуацыі ў краіне. Яшчэ знаходзячыся за кратамі, зь СІЗА КДБ ён даў некалькі камэнтароў дзяржаўным тэлеканалам.

Пасьля вызваленьня актыўна дае інтэрвію беларускім дзяржаўным і недзяржаўным СМІ і блогерам, а таксама замежным мэдыя. Называе сябе мэдыятарам паміж уладамі і апазыцыяй. Трэцяга сакавіка абвясьціў аб стварэньні палітычнай партыі «Дэмакратычны саюз». Яе штаб разьмясьціўся ў колішнім памяшканьні выбарчага штабу Віктара Бабарыкі.

Вольга Кавалькова

Пра намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году сустаршыня БХД Вольга Кавалькова заявіла яшчэ ў лютым. У красавіку ў якасьці патэнцыйнай адзінай кандыдаткі ад дэмакратычнай апазыцыі ўдзельнічала ў праймэрыз, заняла трэцяе месца.

У канцы траўня 2020 году Кавалькова падала дакумэнты на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы ў ЦВК, аднак подпісы за вылучэньне не зьбірала. Зь ліпеня далучылася да выбарчага штабу Сьвятланы Ціханоўскай.

Неўзабаве пасьля выбараў 9 жніўня Вольга Кавалькова ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады. Была затрыманая на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта «Менск» падчас спробы выехаць у Польшчу на сустрэчу з прадстаўнікамі польскага ўраду. Асуджаная на 10 сутак. У ноч з 4 на 5 верасьня 2020 году невядомыя вывезьлі Вольгу Кавалькову на памежны пункт пропуску «Брузгі», адкуль яна самастойна дабралася да Варшавы.

У Польшчы Вольга Кавалькова далучылася да Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва, створанага Паўлам Латушкам. Яна адказвае за каардынацыю працы з офісам Сьвятланы Ціханоўскай і Каардынацыйнай радай.

Сяргей Ціханоўскі

Па словах самога Сяргея Ціханоўскага, ён не зьбіраўся ўдзельнічаць у выбарах. На яго рашэньне ўступіць у прэзыдэнцкую кампанію паўплывала тое, што ад удзелу адмовіўся Павал Севярынец. ЦВК не прыняў дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Ціханоўскага, які на момант іх падачы знаходзіўся за кратамі па адміністрацыйным арышце. Пасьля вызваленьня Сяргей Ціханоўскі ўзначаліў выбарчую кампанію сваёй жонкі Сьвятланы, пасьпеў правесьці некалькі сустрэч з выбаршчыкамі, адкуль ладзіў прамыя трансьляцыі на ютуб.

Затрыманы 29 траўня ў Горадні пасьля завяршэньня пікету па зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую. На тым жа пікеце незадоўга да затрыманьня ён заявіў, што ў выбарах удзельнічаць не зьбіраецца і будзе заклікаць людзей да іх байкоту.

11 сакавіка 2021 году Сьледчы камітэт Беларусі прад’явіў Сяргею Ціханоўскаму абвінавачаньне па чатырох артыкулах — распальваньне сацыяльнай варожасьці, арганізацыя масавых беспарадкаў, арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама перашкода працы ЦВК. Судзіць Ціханоўскага будуць разам зь Міколам Статкевічам і шэрагам іншых палітвязьняў у Гомлі.

Сьвятлана Ціханоўская

Падала дакумэнты на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы 15 траўня 2020 году. Пазьней некалькі разоў заяўляла, што зрабіла гэта дзеля мужа, які на той момант адбываў адміністрацыйны арышт.

На першых жа пікетах па зборы подпісаў за вылучэньне Ціханоўскай пачалі ўтварацца чэргі, якія ў асобных выпадках расьцягваліся на кілямэтры. Сама Сьвятлана Ціханоўская доўгі час сваю папулярнасьць зьвязвала зь вядомасьцю мужа і ў сваёй выбарчай кампаніі фактычна ня ўдзельнічала нават пасьля яго арышту.

Ціханоўская стала адной зь нешматлікіх апазыцыйных кандыдатаў, якіх зарэгістраваў ЦВК.

16 ліпеня яна аб’ядналася з выбарчымі штабамі Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы, на першы ж яе выбарчы мітынг у Менску прыйшло каля 60 тысяч чалавек.

Зьнікла падчас наведваньня будынку ЦВК 10 жніўня, куды разам зь юрыстам Максімам Знакам прыйшла падаваць скаргу на афіцыйныя вынікі выбараў. На наступны дзень стала вядома пра яе выезд у Літву.

Сьвятлана Ціханоўская працягвае актыўную дзейнасьць як палітычная лідэрка, сустракаецца з кіраўнікамі краінаў Захаду.

Частка экспэртаў лічаць, што Сьвятлана Ціханоўская магла перамагчы Аляксандра Лукашэнку на выбарах 9 жніўня. Разам з тым дасьледаваньні палітычных рэйтынгаў, праведзеныя вясной 2021 году, паказваюць на адносна невялікую папулярнасьць Ціханоўскай у якасьці кіраўніка дзяржавы. Сама Сьвятлана неаднойчы заяўляла, што настойвае на правядзеньні новых выбараў, у якіх ня будзе браць удзелу як кандыдатка.

Ганна Канапацкая

Пра свой намер удзельнічаць у выбарах экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая абвясьціла 12 траўня. У яе ініцыятыўную групу ўвайшло больш за 1300 чалавек. Па словах самой Канапацкай, яны змаглі сабраць і здаць у ЦВК 110 тысяч подпісаў. Сам ЦВК пры гэтым налічыў Ганьне Канапацкай больш за 146 тысяч подпісаў. Пракамэнтаваць гэтае рознагалосьсе кандыдатка не змагла.

Падчас выбарчай кампаніі Ганна Канапацкая амаль не праводзіла сустрэч з выбаршчыкамі. Яна актыўна крытыкавала сваіх апанэнтаў, у першую чаргу іншых канкурэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і пэрсанальна Віктара Бабарыку. Паводле афіцыйных дадзеных ЦВК, Ганна Канапацкая на выбарах атрымала 1,68% галасоў.

Неўзабаве пасьля завяршэньня выбарчай кампаніі Ганна Канапацкая заявіла пра намер стварыць Нацыянальна-дэмакратычную палітычную партыю. З канца восені 2020 году актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцьці не прымае.

Андрэй Дзьмітрыеў

Ініцыятыўная група Андрэя Дзьмітрыева была зарэгістраваная 20 траўня, у яе ўвайшло больш за 2000 чалавек. Выбарчы штаб Дзьмітрыева ўзначаліла экс-кандыдатка на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году Тацяна Караткевіч.

Паводле дадзеных ЦВК, за вылучэньне Дзьмітрыева ў якасьці кандыдата на выбарах падпісалася 107 тысяч чалавек, яго зарэгістравалі 14 ліпеня. Выступаючы на паседжаньні ў ЦВК, Дзьмітрыеў заявіў, што права быць кандыдатамі таксама павінны мець Віктар Бабарыка, Валер Цапкала і Сяргей Ціханоўскі. У выпадку сваёй перамогі на выбарах Дзьмітрыеў абяцаў у хуткім часе правесьці новую кампанію з удзелам не зарэгістраваных ЦВК кандыдатаў.

Неўзабаве пасьля выбараў Дзьмітрыеў выказаўся ў падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай, аднак да працы асноўнага складу Каардынацыйнай рады не далучыўся.

Працягвае займацца палітычнай і грамадзкай дзейнасьцю, рэгулярна выступае зь відэазваротамі, дзе абмяркоўвае бягучыя падзеі ў краіне.

Сяргей Чэрачань

Пра свой удзел у будучых прэзыдэнцкіх выбарах Сяргей Чэрачань заявіў яшчэ ў студзені 2020 году, на той момант ён ужо быў кіраўніком Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Ініцыятыўная група Чэрачня была зарэгістраваная ЦВК 20 траўня, у яе ўвайшло каля тысячы чалавек.

Паводле выбарчага штабу Сяргея Чэрачня, за яго вылучэньне сабралі крыху больш як 106 тысяч подпісаў. Пры гэтым ЦВК паведаміў больш як пра 145 тысяч. Сам кандыдат працягваў настойваць на сваёй лічбе. Падчас выбарчай кампаніі штаб Чэрачня цесна супрацоўнічаў са штабам кандыдата — Андрэя Дзьмітрыева.

Паводле афіцыйных вынікаў выбараў, агучаных Лідзіяй Ярмошынай раніцай 10 жніўня, Сяргей Чэрачань атрымаў 1,14% галасоў. Прыкладна столькі ж Чэрачню давалі апытаньні на старонках недзяржаўных СМІ.

У траўні 2021 году Сяргей Чэрачань заявіў, што зьбірае каманду для ўдзелу ў мясцовых выбарах.

Мікола Статкевіч

ЦВК адмовіўся рэгістраваць ініцыятыўную групу па вылучэньні Міколы Статкевіча ў якасьці кандыдата на прэзыдэнта. Афіцыйнай прычынай стала яго непагашаная судзімасьць. Падобныя адмовы атрымалі і паплечнікі Статкевіча, якія паспрабавалі зарэгістравацца замест яго.

Неўзабаве пасьля пачатку кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай Мікола Статкевіч далучыўся да яе, удзельнічаў у выбарчых пікетах. Быў затрыманы па дарозе на адзін зь іх 31 траўня 2020 году. Першы месяц Статкевіча трымалі пад вартай па адміністрацыйных артыкулах, у канцы чэрвеня яму прад’явілі абвінавачаньне ў арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Знаёміцца з матэрыяламі справы адмовіўся. Працэс па справе Статкевіча пройдзе ў Гомлі, яго будуць судзіць разам зь Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам і шэрагам іншых палітвязьняў. Віны сваёй катэгарычна не прызнае.

Павал Севярынец

Выбарчая кампанія 2020 году пачалася для Севярынца ў канцы сакавіка разам зь яго ўдзелам у праймэрыз аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыі. Празь непаразуменьні зь іншымі іх удзельнікамі, у першую чаргу зь Юрыем Губарэвічам, правядзеньне праймэрыз было спыненае.

З пачаткам выбарчай кампаніі ў траўні 2020 году Севярынец актыўна далучыўся да правядзеньня пікетаў, выступаў на пляцоўцы побач з Камароўскім рынкам, дзе зьбіралі подпісы за сваё вылучэньне апанэнты Аляксандра Лукашэнкі. Быў затрыманы па дарозе дадому з аднаго з такіх выступаў 7 чэрвеня.

Абвінавачаны ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, судовы працэс па яго справе праходзіць у закрытым рэжыме ў Магілёве. Павал Севярынец удзельнічаць у ім і даваць паказаньні суду адмовіўся.

Антон Матолька

Антон Матолька ня ўдзельнічаў актыўна ў кампаніі некага з кандыдатаў у прэзыдэнты на выбарах 2020 году. Вёў тэлеграм-канал «МотолькоПомоги», створаны для вырашэньня праблем добраўпарадкаваньня ў гарадах Беларусі. Летам 2020 году ў тэлеграм-канале Антона Матолькі пачалі пераважаць допісы сацыяльна-палітычнай скіраванасьці, у гэты ж час сам Матолька зьехаў зь Беларусі.

На пачатку сакавіка Сьледчы камітэт завёў у дачыненьні да Антона Матолькі крымінальную справу, яго абвінавачваюць у стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня, распальваньні сацыяльнай варожасьці і арганізацыі масавых беспарадкаў. Тэлеграм-канал Матолькі прызнаны экстрэмісцкім.

Камэнтуючы крымінальную справу супраць сябе, Матолька заявіў пра гатоўнасьць зьявіцца на суд, аднак выключна пасьля зьмены ўлады ў Беларусі.

Андрэй Стрыжак

Андрэй Стрыжак на пачатку вясны 2020 году стаў адным з ініцыятараў кампаніі па арганізацыі дапамогі беларускім мэдыкам падчас эпідэміі каранавірусу. Ініцыятыва #BY_help_med займалася зборам грошай на закуп індывідуальных сродкаў засьцярогі для мэдыкаў, а таксама дастаўкай закупленага ў рэгіёны.

Зь Беларусі Андрэй Стрыжак зьехаў на пачатку ліпеня 2020 году. Пасьля 9 жніўня зь яго ўдзелам былі створаныя ініцыятывы BY_help і Bysol, якія займаюцца арганізацыяй дапамогі рэпрэсаваным і тым, хто пацярпеў падчас разгону акцый пратэсту.

12 красавіка 2021 году стала вядома, што Сьледчы камітэт завёў супраць Андрэя Стрыжака і яго паплечніка Аляксея Лявончыка крымінальныя справы. Абодвух абвінавачваюць у фінансаваньні экстрэмісцкіх фармаваньняў і групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Абвінавачаных абвясьцілі ў вышук.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG