Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Смаргонь у адкрытым космасе. Пра кнігу Тані Скарынкінай «Райцэнтр»


Таня Скарынкіна

Кепска, калі літаратура падпарадкоўваецца грамадзкім інтарэсам. У нас дастаткова досьведу, які паказвае: нічога добрага з такіх уплываў не выходзіць, а выходзяць вершы пра Леніна і «Мінскі напрамак».

Але пасьля «Райцэнтру» Тані Скарынкінай думаецца акурат пра актуальнае: вось якую кнігу можна перадаць у турму. Вага мінімальная, вокладка мяккая, а галоўнае — настрой.

Пачнем з фармальнага: 17 гісторый пра Смаргонь і людзей. Займальнае чытво, нават вострасюжэтнае. Не таму што бандыты з наганам бегаюць (хаця не без гэтага), а таму што ніколі не ведаеш, у які бок скокне думка пісьменьніцы.

У адным з эсэ ў поле зроку Тані трапляе саранча — звычайная зялёная саранча, якую цяжэй забіць, чым бяскроўна спаймаць.

Прагучыць экзатычна, але я патлумачу: ход думак пісьменьніцы — тая ж саранча. Толькі што была на століку смаргонскага кафэ — і вось яна на зямной арбіце — і вось на белым абрусе, накрухмаленым да Куцьці. Перамяшчэньні здаюцца хаатычнымі, але калі адсочваеш траекторыю палётаў, разумееш, што няма выпадковых кропак. Так мусіла быць.

Наглядная аналёгія — дзіцячая забаўка, калі трэба злучыць лініямі кропкі, каб паўстаў малюнак. Адпачатку перад дзіцячай сьвядомасьцю толькі белы ліст з каардынатамі невядомага. Можна злучыць пункты ў адвольным парадку, але ў такім разе ты нічога не зразумееш пра свой белы ліст. Трэба ведаць парадак, трэба ведаць, як. Таня Скарынкіна ведае.

«Блистательное сочетание маловыразительных частностей» — цытуе яна лекцыю Набокава пра гогалеўскага «Рэвізора». Формула прыдатная да эсэ Тані як адлюстраваньня жыцьця, якое таксама — «блистательное сочетание» невыпадковых выпадковасьцяў.

Мяркую, кожны з нас за дзевяць пасьляжнівеньскіх месяцаў хоць раз зьняверваўся. Хтосьці, можа, і назусім, а хтосьці выплыў, трымаецца. Адчай, народжаны несправядлівасьцю. Калі бачыш, што можна парушыць закон (і я зусім не пра Канстытуцыю), і нічога за тое не будзе. Калі па фундамэнце быцьця прайшла расколіна, не мае сэнсу даводзіць да ладу дом. Натуральнае жаданьне пакінуць яго, каб стаць хоць на чужы, але трывалы грунт. Бо сьледам за разьбітым фундамэнтам паедзе дах. Трымай, беларус, новую мадэль раскіданага гнязда.

Таню Скарынкіну не назавеш рэлігійным чалавекам. Прынамсі, за напісаньнем праваслаўных гімнаў яна не засьпетая. Бог як частка інстытуту рэлігіі для яе такі самы аб’ект дасьледаваньня, як майская вішня, хрушч, сямейны фотаальбом. Бог, створаны чалавекам, яе не цікавіць. Яе цікавіць Бог, які існуе незалежна ад чалавека. І тут няправільна было б называць яго менавіта так. Таня ўвогуле не зьвяртаецца да такой дэфініцыі ад свайго імя — хіба цытуючы размовы з іншымі. Яна не выказвае сваіх поглядаў наўпрост; я б нават сказала, што яна не мае пэўнага погляду. У яе ёсьць штосьці большае — (с)узіраньне.

«Быць нікім прыемна і нават неабходна, каб распусьціцца ў вясьне».

(С)узіраньне дазваляе ўзнавіць сувязі між часамі, людзьмі і рэчамі, даўшы кожнаму сваё імя і тым самым узнавіўшы парадак, у якім чытач мог зьняверыцца. Гэта друга рыса пасьля займальнасьці, якая дае кнізе месца ў астрожнай бандэролі.

«Райцэнтр» не адкажа на пытаньні «калі гэта скончыцца», «ці будзе пакараны злодзей», «чаму загінулі нявінныя». Кніга не дасьць суцяшэньня, але дасьць адхланьне. Яна ўздымае чытача над чорнай кропкай на белым лісьце і паказвае ўвесь малюнак.

Што мне асабліва падабаецца ў гэтых эсэ — тут багата нешчасьлівых гісторый, але людзей у іх нешчасьлівымі не назавеш. Чудзік-паэт абівае парогі раённай рэдакцыі, носячы нязграбныя вершы, каб пасьля памерці ў адзіноце і галечы. Прадпрымальнік даваенных часоў, вытворца смаргонскіх абаранак, гіне праз сваё багацьце ад рукі злодзея. Жанчына з дыягназам шызафрэнія праходзіць лякарню і староніцца сьвету. Увогуле, «Райцэнтр» можна падаць як анталёгію беларускіх няшчасьцяў: войны, разбой, хваробы і сьмерці, страты і расстаньні. Калі б я была дзікім патрыётам з марксісцкім ухілам, то так і зрабіла б.

Але мне пашчасьціла ім не быць, і я кажу, што «Райцэнтр» — пра чалавека, чые вочы расплюшчваюцца на сьвет коштам выпрабаваньняў. І што «чалавек не зьнікае так». Ня толькі таму што ёсьць Таня Скарынкіна, якая ўпарта даймае людзей дыктафонам, а таму што кожны зьвязаны з іншымі, і ўсё гэта адбываецца ў неабдымным космасе (маштаб павялічваецца паступова — ад прыватнай любоўнай драмы да чалавека на фоне бясконцага).

Варта падкрэсьліць, што пісьменьніца здолела дасягнуць такога эфэкту ў жанры нон-фікшн. Можна было б сказаць, што ёй дапамагла любоў да землякоў, любоў да Дому, але наіўна так лічыць. Сакрэт просты: «Райцэнтр» напісаны паэтам. Калі б такую кнігу пісаў чалавек з талентам сьціплым, мы б атрымалі зборнік краязнаўчых замалёвак. У найлепшым выпадку — «Быў у пана верабейка гаварушчы».

Гэта мастацтва, разбаўленае доўгам. Месцамі дае пра сябе ведаць журналісцкі досьвед Тані — набітая рука перамагае. Месцамі — жанравы прыгнёт: эсэ сканструяваныя па клясычным прынцыпе «праблема — тэзісы — выснова», у мастацкай плоскасьці — «тэма — прыклады — закальцаваная гісторыя»; часам гэты шкілет вытыркаецца. І часам яўна бачная задача, якую акрэсьліў у анатацыі Альгерд Бахарэвіч: «уратаваць знакі часу ад зьнікненьня ў хаосе сучаснасьці», «вырваць нерасказаныя гісторыі з цемры забыцьця».

Само па сабе гэта не можа быць хібай. Праблема ў іншым: талент Тані Скарынкінай большы за маштаб пастаўленай задачы. Гэта, канечне, не тое самае, што біць гарматай па вераб’ях, але, як сказана вышэй, стварае ўражаньне мастацтва, разбаўленага доўгам.

У выбранае Тані Скарынкінай, калі яно аднойчы будзе, я б уключыла два тэксты з «Райцэнтра»: «Жыцьцё і сьмерць кузурак» і «Касманаўты ў горадзе».

P. S. «Райцэнтр» — першая кніга жаночага выдавецтва «Пфляўмбаўм». Хаця панятак «жаночая літаратура» ў катэгорыі мастацтва я катэгарычна адмаўляю, выдавецкая ініцыятыва такога кшталту ў катэгорыі грамадзкай, ці рынкавай (чаму не), бачыцца мне сымпатычнай. «Райцэнтр» — годны старт для любога выдавецтва.

Наста Грышчук

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG