Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выехаць за мяжу стане немагчыма? Што рабіць беларусам пасьля рашэньня ЭЗ аб спыненьні палётаў у Беларусь


Памежніца ў менскім аэрапорце

Прынятае 24 траўня рашэньне яшчэ патрабуе ўзгадненьня з выканаўчымі ўладамі Эўразьвязу, аднак заходнія авіякампаніі ўжо спыняюць палёты ў Менск.

Рэакцыя ўладаў Эўразьвязу на інцыдэнт з самалётам Ryanair аказалася хуткай. Ужо ўвечары 24 траўня Эўрапэйская рада заклікала ўсіх эўрапейскіх перавозчыкаў адмовіцца ад палётаў над Беларусьсю і ў Беларусь, а таксама забараніць палёты беларускіх авіякампаній у Беларусь. Яшчэ ЭЗ зьбіраецца выпрацаваць дадатковыя санкцыі супраць беларускіх уладаў. Шэраг авіякампаній і краін ня сталі чакаць рашэньняў выканаўчых уладаў Эўразьвязу і спынілі палёты «Белавія» самастойна. Зрабілі гэта і некаторыя краіны, якія ў ЭЗ не ўваходзяць — Вялікая Брытанія і Ўкраіна (удзень 25 траўня беларускія самалёты яшчэ ляталі ў Кіеў, але з 26 траўня палёты спыняцца). Для беларусаў усё гэта азначае значныя перамены ня толькі ў магчымасьцях падарожнічаць.

Беларусы больш ня змогуць вандраваць?

Адназначна сказаць можна толькі тое, што паездкі за мяжу для беларусаў стануць яшчэ больш складанымі, чым гэта было з пачатку пандэміі.

Перамяшчэньне праз наземныя межы для беларусаў па-ранейшаму моцна абмежаванае. Яго ўвялі ў канцы сьнежня 2020 году, і дагэтуль не зьяўлялася інфармацыі аб адмене абмежаваньняў. Хутчэй наадварот, улады Горадзенскай, Берасьцейскай і Гомельскай абласьцей ужо ўвялі дадатковую плату за выезд на ўласным аўтамабілі.

Выехаць за мяжу праз наземны пераход цяпер могуць толькі дыпляматы, афіцыйныя дэлегацыі, кіроўцы фураў, камандзіраваныя, а таксама тыя, хто едзе на пахаваньне блізкага родзіча альбо на лячэньне ў шпіталь. Раз на 6 месяцаў выехаць зь Беларусі таксама могуць тыя грамадзяне Беларусі, хто вучыцца за мяжой альбо стала там жыве.

Для «Белавія» застануцца адкрытымі міжнародныя аэрапорты Расеі, Кітая, Турэччыны і, магчыма, яшчэ шэрагу краін, зь якімі ў Менску наладжаныя авіязносіны. Напрыклад, Сэрбіі. Для палётаў у Эўразьвяз тэарэтычна можна будзе выкарыстоўваць маршруты зь перасадкамі ў Маскве ці Стамбуле.

Варта ўлічваць, што гэтыя краіны могуць уводзіць абмежаваньні для транзыту грамадзян іншых краін праз сваю тэрыторыю. Расея, напрыклад, да красавіка 2021 пэрыядычна забараняла гэта для беларусаў. Цяпер большасьць абмежаваньняў адсутнічае пры наяўнасьці актуальнага адмоўнага ПЦР-тэсту, аднак правілы пастаянна зьмяняюцца.

У якасьці хабу для перасадкі пакуль яшчэ можна выкарыстоўваць таксама аэрапорт Тбілісі, бо ўлады Грузіі не абвяшчалі аб намеры забараніць да сябе палёты беларусаў.

Невядома таксама, як могуць зьмяніцца цэны на квіткі зь перасадкамі ў Маскве і Стамбуле. Кіраўнік «Белавія» Ігар Чаргінец неаднойчы наракаў на штучныя абмежаваньні на палёты, створаныя расейскімі і казахстанскімі авіяцыйнымі ўладамі, што выклікала невялікую колькасьць палётаў, вялізны попыт на квіткі і высокія цэны на іх.

Лятаць у арганізаваны адпачынак на курорты ў Эгіпет і Турэччыну па-ранейшаму можна будзе чартэрнымі рэйсамі. Іх зь Менску і абласных цэнтраў выконвае на сваіх лайнэрах «Белавія».э

Калі ўсё гэта скончыцца?

Ніхто ня ведае. Увечары 24 траўня «Белавія» афіцыйна паведаміла, што прыпыняе рэйсы ў Лёндан і Парыж да канца кастрычніка. Прычыны выбару гэтай даты не тлумачацца. Можна меркаваць, што яна выбрана як прыкладны час адмены абмежаваньняў. Грошы за ўжо набытыя квіткі «Белавія» абяцае вярнуць у поўным аб’ёме.

Эўразьвяз у сваю чаргу ўвогуле не называе ніякіх датаў, да якіх будуць дзейнічаць забароны на палёты. Сярод патрабаваньняў, выстаўленых Менску, неадкладнае вызваленьне Рамана Пратасевіча. Наколькі гэта рэальна ва ўмовах, якія склаліся, можна толькі здагадвацца.

Авіякампаніі краін, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз, занялі пазыцыю чаканьня. У прыватнасьці, ад палётаў над Беларусьсю адмовіўся буйны японскі перавозчык All Nippon Airways. У кампаніі заявілі, што ня будуць карыстацца беларускай паветранай прасторай «да праясьненьня сытуацыі».

Удзень 25 траўня стала вядома, што Беларусь запрасіла прадстаўнікоў міжнародных авіяцыйных арганізацый ICAO, IATA, EASA, а таксама авіяцыйных уладаў цывільнай авіяцыі ЭЗ і ЗША да ўдзелу ў расьсьледаваньні інцыдэнту з лайнэрам Ryanair. Іх рэакцыя пакуль невядомая.

Што будзе зь «Белавія»?

2020 год быў для беларускай авіякампаніі няўдалым, нягледзячы на тое, што Беларусь уводзіла мінімальныя абмежаваньні, зьвязаныя з пандэміяй, а сама авіякампанія не спыняла палёты. Аб’ём стратаў склаў амаль 100 мільёнаў рублёў (у 2019-м было каля 70 мільёнаў чыстага прыбытку).

Нягледзячы на гэта, у 2020-м і на пачатку 2021-га авіякампанія атрымала ў лізінг некалькі новых самалётаў і публікавала пляны аб разьвіцьці сеткі маршрутаў. У 2019 годзе «Белавія» выконвала палёты па прыкладна 60 маршрутах, палова зь якіх прыпадала на Эўразьвяз, Вялікую Брытанію і Ўкраіну.

Пасьля пачатку канфлікту на Ўсходзе Украіны Менск стаў своеасаблівым хабам для расейцаў і ўкраінцаў, якія падарожнічалі паміж Масквой і Кіевам. Кіраўніцтва авіякампаніі пакуль ніяк не камэнтавала сытуацыі.

Апошні пост звычайна актыўнага ў фэйсбуку гендырэктара «Белавія» Ігара Чаргінца прысьвечаны інцыдэнту з самалётам Ryanair над Беларусьсю.

Адным са шляхоў выхаду з сытуацыі для «Белавія» магло б стаць павелічэньне рэйсаў у Расею і Казахстан, аднак той жа Чаргінец неаднаразова заяўляў аб несправядлівых умовах для беларусаў у параўнаньні з расейскімі авіякампаніямі. Невядома, ці пойдзе Расея насустрач беларускаму перавозчыку цяпер.

Якія яшчэ могуць быць наступствы?

Перш за ўсё эканамічныя. Да пандэміі над Беларусьсю кожны дзень пралятала каля 600 авіялайнэраў. Усе перавозчыкі аплочвалі паслугі дыспэтчараў «Белаэранавігацыі» ў памеры каля 40 эўра за кожныя 100 км маршруту. Пасьля 2020 году аб’ём паветранага трафіку зьнізіўся да прыкладна 450 рэйсаў штодня.

Што будзе пасьля 23 траўня 2021-га, сказаць пакуль складана, аднак страты могуць быць вельмі значнымі, гаворка можа ісьці пра дзясяткі мільёнаў эўра за кожны месяц забароны палётаў.

У дадатак непазьбежная рэакцыя фондавых рынкаў. Яна зьявілася ўжо 24 траўня, на наступны дзень пасьля пасадкі лайнэра Ryanair у Менску. Менш чым за суткі пасьля інцыдэнту з самалётам лоўкостэра кошт беларускіх дзяржаўных аблігацый на Маскоўскай фондавай біржы зьнізіўся на некалькі працэнтных пунктаў. Тое самае адбылося нават з акцыямі прыватнай кампаніі «Эўрагандаль».

Ці ёсць такая сытуацыя яшчэ недзе ў Эўропе?

Не, такой сытуацыі не было нават пасьля таго, як над усходам Украіны быў зьбіты малайзійскі лайнэр Boeing 777. У падобным да беларусаў становішчы знаходзяцца жыхары Крыму, якія пасьля сакавіка 2014 году могуць лятаць у іншыя краіны толькі праз Маскву і іншыя расейскія аэрапорты.

Не лятаюць заходнія авіякампаніі таксама ў непрызнаныя краіны і тэрыторыі, такія як Прыднястроўе, Абхазія, Паўднёвая Асетыя, а таксама так званыя ДНР і ЛНР.

Інцыдэнт з самалётам Ryanair, затрыманьне блогера Пратасевіча і рэакцыя ў сьвеце. Сьцісла

  • 23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
  • Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
  • Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
  • Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
  • Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
  • На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
  • У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля экстранай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.
  • Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
  • Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
  • У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
  • Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
  • Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
  • Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
  • 24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў
  • Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які кажа пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцый у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на яго твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя доўгія катаваньні.
  • Шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы пасьля захопу Рамана Пратасевіча. Яны заяўляюць, што падобныя захады прымаюцца дзеля бясьпекі ўласных грамадзян.
  • 28 траўня Пратасевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Таксама там знаходзіцца і дзяўчына журналіста Соф’я Сапега, якую абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці». Адвакат толькі на пяты дзень здолела трапіць да Рамана. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні дэталяў.
  • Таксама 28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў пра магчымую датычнасьць Масквы да згону самалёту. 31 траўня Паўночнаатлянтычны альянс абмежаваў доступ у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі 5 акрэдытаваным беларускім дыпляматам.
  • Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) заявіла пра пачатак уласнага расьсьледаваньня інцыдэнту.
  • 29 траўня ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
  • Паштовы сэрвіс Proton зьняпраўдзіў вэрсію, высунутую афіцыйным Менскам аб лістах з інфармацыяй пра ілжывае мініраваньне, якія нібыта даслалі са швэйцарскіх сэрвэраў у некалькі аэрапортаў. Ліст быў толькі адзін. Раней сваю датычнасьць да пагроз выбуху абверг палестынскі блёк ХАМАС, а СМІ высьветлілі, што ліст з пагрозамі прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара.
  • Пасьля шэрагу забарон колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень упала адразу на 80,5%. Дзяржаўная кампанія-манапаліст на рынку авіяперавозак імкнецца заняць рэзкі недахоп новымі рэйсамі ў Расею.
  • 4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.
  • У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка каналу Марата Маркава, якая называецца «Марков. Ничего личного». Радыё Свабода не публікуе фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі. Экспэрты гавораць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
  • 8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасьці, да Пратасевіча пусьцілі адваката Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі сьледчыя дзеяньні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзыліт.
  • 14 чэрвеня Пратасевіча прывялі на сустрэчу МЗС Беларусі з журналістамі. Многія журналісты заявілі, што ня вераць таму, што Пратасевіч прамаўляе свае словы добраахвотна. Журналіст BBC Джон Фішэр пакінуў залю, напісаўшы, што затрыманы відавочна будзе гаварыць пад прымусам, а журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова заявіла, што ня верыць нічому з сказанага, і выказала спачуваньне вязьню.
  • 15 чэрвеня дырэктар Ryanair расказаў, як улады Беларусі ціснулі на капітана самалёта і экіпаж.
  • 16 чэрвеня расейскія СМІ паведамілі аб тым, што «Генэральная пракуратура ЛНР» падзякавала Лукашэнку за магчымасьць правядзеньня сьледчых дзеяньняў з Раманам Пратасевічам". Украіна ў адказ на гэта заявіла, што гэта інтрыгі Крамля, паколькі «фактычны кантроль на часова акупаваных тэрыторыях ажыцьцяўляе акупацыйная адміністрацыя РФ». Міністэрства замежных справаў Украіны запатрабавала ад уладаў Беларусі пракамэнтаваць інфармацыю пра візыт у Менск так званай «пракуратуры» самаабвешчанай рэспублікі.
  • 25 чэрвеня Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапегу перавялі пад хатні арышт.
  • 17 студзеня 2022 году ІCАО накіравала ўладам усіх краін-удзельніц арганізацыі справаздачу пра інцыдэнт пасьля некалькіх пераносаў тэрміну.
  • Тэкст справаздачы зьмясьціўся на 30 старонках. Сярод іншага, яна ўключае расшыфроўкі перамоваў экіпажу самалёта з дыспэтчарамі і схему палёту самалёта над Беларусьсю з аналізам адлегласьці паміж пасажырскім лайнэрам і зьнішчальнікам ВПС Беларусі.
  • «Улады Беларусі не прадставілі неабходнай інфармацыі», — гаворыцца ў справаздачы расьсьледаваньня ІCАО пра пасадку Ryanair у Менску.

  • Дадаткі да справаздачы ІCАО аб інцыдэнце з самалётам Ryanair 23 траўня 2021 году, калі затрымалі Рамана Пратасевіча
    Дадаткі да справаздачы ІCАО аб інцыдэнце з самалётам Ryanair 23 траўня 2021 году, калі затрымалі Рамана Пратасевіча

    20 студзеня ў ЗША выставілі завочныя абвінавачаньні кіраўніку «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро, ягонаму намесьніку Алегу Казючыцу і двум супрацоўнікам КДБ у змове з мэтай зьдзяйсьненьня авіяцыйнага пірацтва. Абвінаваўчае заключэньне пададзена ў Фэдэральны акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрку. Паводле яго, пагражае ад 20 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.

  • Мінюст ЗША прыйшоў да высновы, што беларускія чыноўнікі выкарысталі фальшывае паведамленьне пра бомбу на борце для таго, каб змусіць прызямліцца ў Менску самалёт, на якім сярод іншых пасажыраў знаходзіліся чацьвёра грамадзянаў ЗША. Паводле абвінаваўцаў, гэта было неабходна для арышту апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча.
  • Прадстаўнік «Белаэранавігацыі» Алег Казючыц заявіў у адказ, што выстаўленьне амэрыканскімі пракурорамі абвінавачаньня ў паветраным пірацтве супраць кіраўнікоў іх прадпрыемства можа быць інструмэнтам ціску або правакацыяй перад пасяджэньнем ICAO, на якім будзе разглядацца даклад аб інцыдэнце з рэйсам Ryanair Афіны — Вільня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG