Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта празьмерная строгасьць, калі не сказаць жорсткасьць». Блогерку Вольгу Такарчук перавялі з Акрэсьціна ў Жодзіна


Вольга Такарчук, архіўнае фота

Маці двух непаўналетніх дзяцей, блогерку Вольгу Такарчук перавялі ў турму ў Жодзіне. Сёньня сваякі змаглі перадаць ёй перадачу.

На Вольгу Такарчук завялі справу па трох крымінальных артыкулах: 391-м (Абраза судзьдзі або народнага засядацеля), 188-м (Паклёп) і 342-м (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Блогерку чарговым разам затрымалі 19 траўня і адвезьлі ў Першамайскі РУУС, а 23 траўня яе арыштаваў пракурор Першамайскага раёну Менску. Пра гэта расказаў бацька блогеркі Андрэй Такарчук.

Да ранейшага артыкула пра зьнявагу судзьдзі Вользе дадалі яшчэ два.

«Справу па артыкуле 342-м пачалі за яе журналісцкую дзейнасьць, за тое, што яна запісвала відэасправаздачу зь Дзядоў у Курапатах, а потым яе трансьлявала 1 лістапада мінулагау, — кажа бацька. — Тады нейкія правакатары ўлезьлі ў натоўп і зь мірнай дэманстрацыі стварылі ледзь ня збройны супраціў супрацоўнікам міліцыі, быў перакрыты рух на вуліцах. Вользе інкрымінавалі, што нібыта яна брала ўдзел. На відэа, якое зьняла Вольга, бачна, што яна ходзіць па бардзюры, ходніку ці зялёнай зоне і нават не наступае на праезную частку. Яна проста камэнтавала».

Таксама Вольгу падазраюць у паклёпе паводле аднаго зь відэаролікаў, дзе яна абвінаваціла пэдагога з Баранавічаў у фальсыфікацыі выбараў. Паводле Андрэя Такарчука, Вольга разабралася ў сытуацыі і выбачылася перад тым пэдагогам, выбачэньні былі прынятыя. У студзені распачаць крымінальную справу адмовіліся з прычыны адсутнасьці складу злачынства.

«А потым вярнуліся да гэтага яе відэазапісу. Яна там пракамэнтавала, што работнікі сфэры адукацыі мала таго, што дзяцей забіраюць у блогераў і абаронцаў дэмакратыі, дык яшчэ і выбары фальшавалі. І вось фальшаваньне выбараў яны лічаць паклёпам па частцы 1-й 188 артыкула».

Паводле бацькі, Вольгу ўзялі пад варту, як сказаў сьледчы, мінімум на два месяцы. З ізалятара на Акрэсьціна яе перавялі ў турму № 8 у Жодзіне.

«Учора і пазаўчора зьбіралі рэчы, якія яна папрасіла. Я бачыўся зь ёй падчас арышту ў пятніцу, бо сьледчы даў мне магчымасьць зь ёй пагутарыць. Нам дазволілі абняцца, пацалавацца, папярэдзілі, што можам гаварыць толькі пра сям’ю і просьбы Вольгі да мяне як да бацькі. Яна перадала праз адваката мне запіску зь пералікам неабходных рэчаў. Мы харчовы набор сабралі і практычна ўсе рэчы прынялі, 30 кіляграм».

Бацька ня бачыў, як затрымлівалі Вольгу і як у яе кватэры праводзіўся вобшук. Пасьля ператрусу забралі тэлефон Вольгі, яе мужа, хатні кампутар, відэакамэру са штатывам.

«А кватэру вывернулі. Я ня ведаю, навошта ім трэба было рабіць такі пераварот рэчаў у кватэры: адрываць камоду ад сьцяны, выварочваць дзіцячыя рэчы і цацкі на падлогу, разьбіраць канапу да стану — рама асобна, падушкі і вінцікі асобна. Я ў гэтым ня бачыў бы сэнсу. Але што паробіш, сёньня ў нас так праваахоўнікі паказваюць сваю магутнасьць і сваё ўменьне працаваць».

У блогеркі Вольгі Такарчук двое непаўналетніх дзяцей — 3 і 7 гадоў. Вольга заявіла, што гатовая супрацоўнічаць са сьледзтвам і нікуды не зьбіраецца хавацца.

«Мы меркавалі, што пракурор улічыць тое, што ў Вольгі малыя дзеці, як зьмякчальную акалічнасьць, але пракурор вырашыў, што адлучэньне Вольгі ад свабоды — гэта найлепшы спосаб яе ўтрыманьня і магчымасьці закрыць рот».

Бабулі і дзядуля цяпер дапамагаюць даглядаць дзяцей, каб яны жылі ў той жа атмасфэры, як і раней, калі маці была на волі.

«Я былы супрацоўнік міліцыі і ведаю, што апраўдана ўтрыманьне пад вартай за дзеяньні, якія ўчыняюць разбойнікі, рабаўнікі, забойцы, — кажа бацька. — Але як затрымліваць дзяўчыну, якая ніводнага разу нікога ня ўдарыла па твары, якая ў парыве пачуцьцяў можа дапусьціць нейкія выказваньні, магчыма рэзкія, можа нават голасам, якая ніколі нікога не абразіла, не пакрыўдзіла? Браць яе пад варту за тое, што ў яе ёсьць нейкая свая думка, гэта празьмерная строгасьць, калі не сказаць жорсткасьць. Бо 35-гадовага чалавека садзіць у камэру са злачынцамі і ўтрымліваць у калёніі — гэта празьмерна».

Вольга Такарчук вядзе палітычны блог на YouTube, які мае больш за 37 тысяч падпісчыкаў.

Раней яе вінавацілі па адміністрацыйным артыкуле нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Падставай былі яе блогі, а таксама тое, што яна пускала балёнікі з балькона кватэры. Блогерку неаднаразова затрымлівалі. Апошні раз затрымалі 14 траўня, паўдня яе пратрымалі ў РУУС за тое, што яна нібыта махала рукамі і брыдка лаялася каля РУУС.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG