Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта банальнае забойства». Што сваякі і сябры кажуць пра сьмерць Вітольда Ашурка. ВІДЭА

абноўлена

Мацыі Вітольда Ашурка каля труны

Труну зь Вітольдам Ашуркам прывезьлі ў Бярозаўку. Разьвітацца зь ім ідуць людзі. Што яны кажуць пра сьмерць актывіста і тлумачэньні ўладаў?

Андрэй Ашурак, брат Вітольда Ашурка, расказаў, што так да канца і не вядома, як і чаму памёр Вітольд:

«Папярэдняя вэрсія была спыненьне сэрца.

Потым — цалкам забінтаваная галава.

Потым — відэа з карцэра, дзе ён паваліўся. Як і што рабілася з чалавекам, які ня можа стаяць на нагах, хоць да гэтага быў цалкам здаровы?

Плюс незадоўга да зьяўленьня гэтага відэа — калі мы забіралі цела, [нам сказалі], што, прабачце, на жаль, мы даставалі яго з маразільнай камэры і незнарок ударылі галавой.

Варыянты — на выбар. Выбірайце.

Я лічу, што, хутчэй за ўсё, гэта банальнае забойства. Нават не банальнае, а проста злачынства», — сказаў Андрэй Ашурак.

Цырымонія разьвітаньня зь Вітольдам Ашуркам
Цырымонія разьвітаньня зь Вітольдам Ашуркам

Вольга Быкоўская, сяброўка Вітольда Ашурка, лічыць, што ў сьмерці Вітольда Ашурка ня можа ня быць вінаватых, «бо Вітольд знаходзіўся ў закрытай калёніі, дзе за ім сочаць увесь час».

«Пытаньне толькі — што гэта было: давядзеньне да сьмерці, неаказаньне мэдычнай дапамогі, ці самы, напэўна, страшны варыянт, калі яго білі, пакуль яму ня стала настолькі кепска, што ён памёр. У гэтай відэастужцы камітэту, на жаль, пацьверджаньне гэтай трэцяй вэрсіі», — сказала Вольга Быкоўская.

Яна лічыць, што ў фрагмэнце, дзе чалавек хістаецца і падае, можа сапраўды быць Вітольд. Але ў фрагмэнце, дзе зьняволенаму аказваюць мэдычную дапамогу, яна Вітольда не пазнала. Гэтак жа казаў і сябра Вітольда Ашурка Сяргей Пантус.

Узгадваючы Вітольда, ён адзначыў, што для яго былі сьвятымі беларуская мова і дзяржава.

«У лісьце ён напісаў, што адзін ахоўнік абражаў беларускую мову — і ён яго проста праз кармушку ўдарыў. Яму далі за гэта 5 сутак карцэра. Я зьдзіўляюся, як не завялі яшчэ адну крыміналку. У гэтым увесь Вітольд».

«Чаму яго не паказваюць у санчастцы?»

Вольга Быкоўская зьвярнула ўвагу на тое, што тлумачэньне супрацоўнікаў моргу супярэчыць вэрсіі Сьледчага камітэту.

«Мне хацелася б спытаць, якім чынам так атрымалася? Якая вэрсія з гэтых вэрсіяў праўдзівая? Чаму, калі ён сапраўды сябе так кепска адчуваў, пра гэта нічога ня ведала судмэдэкспэртыза, а распавядала байкі пра тое, што яны бінтавалі галаву, бо яго стукнулі?»

Яна сказала, што нават калі паверыць у сапраўднасьць відэа Сьледчага камітэту, застаецца пытаньне да дзеяньняў турэмнікаў.

«Бачна, што чалавеку вельмі кепска. Ён некалькі разоў падае на падлогу, і яму толкам не аказваюць дапамогу. Яму фактычна здымаюць сымптомы. Яму забінтоўваюць галаву, і ніхто асабліва не замарочваецца, што зь ім адбылося, чаму ён падае, чаму ён траціць прытомнасьць. Чаму яго не паказваюць у санчастцы?»

«Гэта можа здарыцца з усімі палітвязьнямі»

Вольга Быкоўская лічыць, што грамадзтва павінна ведаць, што адбывалася з Ашуркам да паказанага відэа.

«Мы пабачылі на гісторыі Вітольда Ашурка, што гэта можа здарыцца з усімі [палітвязьнямі]. Мы ня толькі прызвычаімся чакаць гэтых людзей з калёніі. Мы ў выніку вымушаныя прызвычаіцца іх ніколі не пабачыць. Атрымліваецца, гэта быў сьмяротны вырак для Вітольда Ашурка».

Да турмы Вітольд Ашурак на здароўе ня скардзіўся

Сяргей Пантус ведаў Вітольда Ашурка як моцнага здароўем чалавека. «Так, ён быў худы, але падцягнуты, жылісты». Ён дапускае, што пасьля карантыну Вітольд Ашурак увесь час быў у карцэры, бо ад яго перасталі прыходзіць лісты.

Вольга Быкоўская расказала, што ў лістах Вітольд Ашурак на здароўе ня скардзіўся.

«Нават калі мы вырашылі, што ён захварэў, бо папрасіў перадаць лекі, калі адпраўляўся зь Ліды ў Горадню пасьля прысуду, — аказалася, што ён проста падстрахаваўся. Прынамсі, ён так напісаў».

«Людзі ішлі за ім і верылі яму»

Сяргей Пантус назваў Вітольда Ашурка чалавекам зь вялікай літары, шчырым сябрам, справядлівым і сумленным.

«Мы зь ім часьцяком спрачаліся, але ўсё адно заставаліся сябрамі. У кампаніях ён заўсёды спыняў сварку — не любіў канфлікты».

«У свабоднай дэмакратычнай Беларусі зь яго атрымаўся б сапраўдны, добры моцны палітык, — сказала Вольга Быкоўская. — Людзі бачылі, што ён сапраўдны лідэр, і таму ішлі за ім і верылі яму».

«Сыночак, што ж ты нарабіў?» У Бярозаўцы пачалі разьвітвацца зь Вітольдам Ашуркам

Цела Вітольда Ашурка прывезьлі ў родную Бярозаўку ўвечары 25 траўня. Людзі да ночы ішлі, каб разьвітацца з памерлым у калёніі палітвязьнем.

Каб дабрацца на другі край Беларусі, сваякі выехалі зь Бярозаўкі ноччу на аўторак. Цела ім аддалі зь перабінтаванай галавой. У моргу судмэдэкспэртызы Магілёва патлумачылі, што выпадкова ўдарылі галаву, калі даставалі цела з адмысловай лядоўні.

Пазьней сьледчы камітэт паказаў відэа, зь іхных словаў, датычнае да сьмерці Ашурка, дзе відаць, як чалавек ідзе ў туалет, падае і бʼецца тварам аб сьцяну і трубу туалета.

У пахавальны касьцюм, які родныя прывезьлі з сабой, Ашурка апраналі супрацоўнікі морга.

Магілёўскія міліцыянты папярэдзілі, што будуць суправаджаць машыну, маўляў, «вы самі разумееце, што настрой у народа неспакойны». Аднак «хваста» за сабой родныя ня бачылі, у машыну да іх таксама ніхто зь міліцыянтаў не сядаў.

Цела Вітольда па дарозе не аглядалі, павязку не здымалі. Труну адразу па прыезьдзе выставілі адкрытай у рытуальнай залі Бярозаўкі ў будынку Дому быту.

«Ён жа стаў, як падлетак, плечы худзенькія, жывата няма», — усё паўтарала маці Вітольда Алена Міронаўна.

«Вы ж самі ведаеце, як там кормяць», — выказвалі здагадку прысутныя.

Ніжняя частка твару Вітольда, якую відаць з-пад бінтоў, і шыя сьсінелыя. Відаць пашкоджаньні на твары нібыта засохлыя ранкі. Твар густа пакрыты грымам.

«Няўжо ён падаў і так разьбіў сабе твар, што і шыя пасінела і апухла? У яго ж не такая тоўстая шыя была», — зьдзіўлялася маці.

На ранак 26 траўня, калі прызначылі разьвітаньне і пахаваньне Ашурка, ягонага брата і сябра выклікалі ў міліцыю ў справе аб хуліганстве. Яе завялі пасьля абвяшчэньня прысуду Ашурку ў студзені, бо нехта выгукнуў «Ганьба» і «Верым, можам, пераможам». Цяпер праводзяць фанэтычную экспэртызу, каб высьветліць, каму належыць голас воклічаў у судовай залі.

Вядома, што таксама горадзенская міліцыя цікавілася ў актывістаў, ці плянуюць падчас пахаваньня ўздымаць бел-чырвона-белыя сьцягі і ладзіць мітынг.

Нягледзячы на тое, што разьвітаньне прызначылі на раніцу, людзі прыяжджалі яшчэ ўвечары нават зь іншых гарадоў, каб правесьці актывіста ў апошні шлях.

«Сыночак, што ж ты нарабіў? Навошта гэта ўсё? Прыняў пакутніцкую сьмерць, паміраў у болі. Не было там цябе каму пашкадаваць. Я па табе буду сумаваць. Апошняя ночка мне з табой засталася. Больш ніколі цябе ня ўбачу», — пяшчотна паўтарае маці каля труны.

Разьвітаньне ўвечары праходзіла спакойна. Пеўчыя пяялі каталіцкія пахавальныя сьпевы, маліліся разам з прысутнымі за супакой душы Вітольда. Групы людзей зьмянялі адна адну. Заходзіла шмат мужчын, плакалі, маўчалі. Нехта выказваўся пра нябожчыка.

«Гэта, відаць, зь Ліды прыехалі ці з Наваградку. Вітольд жа для іх такі лідэр быў», — перагаворваюцца прысутныя.

Успаміналі жартаўлівыя гісторыі з маладосьці, з часоў, калі Вітольд яшчэ ня трапіў у турму, як ён балятаваўся ў дэпутаты, як будаваў плыты з паплечнікамі і катаў па Нёмане амэрыканскую амбасадарку ў Беларусі, як лазілі дзецьмі за мёдам, і як ставілі крыжы паўстанцам.

«Мы бярозаўскія, — з гонарам кажа Андрэй Ашурак. — У Бярозаўцы жыве 140 тысяч чалавек. Але калі адкінуць спальныя раёны Ліду і Наваградак, то ў самым цэнтры — каля 10 тысяч», — нават на пахаваньні сваякі ўспамінаюць добрае і жартуюць.

Яны кажуць, што Вітольд ніколі ня скардзіўся. Ён пісаў звычайна аптымістычныя лісты, верыў, што ня будзе сядзець 5 гадоў.

«Гэта ён нам пісаў „трымайцеся“, нібыта мы ў турме, а ён на волі», — кажа сябар Ашурка.

Разьвітваліся зь Вітольдам Ашуркам ад 9 да 13-й гадзіны. А 14-й прайшла пахавальная імша ў касьцёле. Потым Вітольда пахаваюць на гарадзкіх могілках.

«Пахаваем яго, і ўсе на яго забудуцца», — перажывае маці.

«На Вітольда не забудуцца. Ён хацеў паставіць у Бярозаўцы помнік заснавальніку шклозавода Столе, але цяпер больш актуальна ставіць тут помнік Вітольду Ашурку», — адказваюць людзі.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Напярэдадні ўлады апублікавалі кадры са шклоўскай калёніі № 17, на якіх меркавана апошнія хвіліны жыцьця палітвязьня Вітольда Ашурка. Запіс выклікаў шматлікія пытаньні ў родных, сяброў, лекараў і былых палітвязьняў, якія знаёмыя з умовамі ўтрыманьня ў шклоўскай калёніі і падобных.

Палітвязень Вітольд Ашурак нечакана памёр у калёніі 21 траўня. Сваякам сказалі, што ў яго спынілася сэрца. Жонка Вітольда Ашурка сказала журналістам, што муж раней ніколі ня меў праблемаў з сэрцам.

25 траўня сваякі Ашурка атрымалі ў Шклове цела памерлага. Сяброўка сям’і Вольга Быкоўская расказала «Белсату», што ў Вітольда «забінтаваная галава ад макаўкі да носа, відаць толькі рот». Апрача гэтага, у Вітольда відаць падрапаныя рукі. Чаму галава перавязаная, пакуль невядома.

У пасьведчаньні аб ягонай сьмерці сказана, што непасрэдная прычына сьмерці высьвятляецца. Код R99 паводле Міжнароднай клясыфікацыі захворваньняў азначае «Іншыя недакладна вызначаныя і неўдакладненыя прычыны сьмерці».

Пахаваньне Ашурка адбудзецца ў Бярозаўцы ў сераду 26 траўня. З 9-й гадзіны раніцы з памерлым можна будзе разьвітацца ў будынку Дома быту (Наваградзкая вуліца, 8). А 14-й у бярозаўскім касьцёле пройдзе імша. Пасьля яе Вітольда Ашурка пахаваюць на гарадзкіх могілках.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG