Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Украіны: Беларусь увяла абмежаваньні на пастаўку ўкраінскай прадукцыі


Ілюстрацыйны здымак.

Намесьнік міністра эканомікі Ўкраіны Тарас Качка заяўляе, што Беларусь неабгрунтавана ўвяла на паўгода «ручное кіраваньне» пастаўкамі ўкраінскай прадукцыі на беларускі рынак.

«Паводле апэратыўнай інфармацыі, Беларусь увяла рэжым індывідуальнага ліцэнзаваньня на пастаўку шэрагу ўкраінскіх тавараў: кандытарскія вырабы, шакаляд, сокі, піва, пліты ДСП і ДВП, шпалеры, туалетную паперу і ўпакоўку, цэглу, шкляныя ампулы, сельгастэхніку для пасеваў, пральныя машыны і мэблю», — паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook Тарас Качка.

Намесьнік міністра эканомікі Ўкраіны дадаў, што адпаведнае рашэньне зацьвердзіў беларускі ўрад яшчэ 26 траўня, і яно набудзе юрыдычную моц праз 10 дзён пасьля публікацыі.

«Такія дзеяньні зьяўляюцца неабгрунтаванымі і дыскрымінацыйнымі. Рэжым індывідуальнага ліцэнзаваньня азначае ручное кіраваньне ўвозам украінскай прадукцыі ў Беларусь. Урад праводзіць кансультацыі з (украінскімі) вытворцамі, каб ліквідаваць нэгатыўныя наступствы дыскрымінацыйных дзеяньняў ураду Беларусі», — дадаў Тарас Качка.

Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю 22 красавіка ўхваліла рашэньне аб увядзеньні 35-адсоткавага мыта на пастаўку грузавога, спэцыяльнага і пасажырскага транспарту зь Беларусі ў адказ на «дыскрымінацыйныя меры ўраду Беларусі». Але Акруговы адміністрацыйны суд Кіева на пазоў украінскага прадпрыемства з замежнымі інвэстыцыямі «Гандлёвы дом „МАЗ-Украіна“» спыніў дзеяньне гэтага рашэньня, а само мыта ня будзе спаганяцца да канчатковага рашэньня суду па выніках разгляду справы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG