Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што ў выпадку актывізацыі NATO расейскія войскі зьявяцца ў Беларусі цягам сутак


Расейскія вайскоўцы, ілюстрацыйнае фота

1 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка правёў нараду ў пытаньнях супрацоўніцтва з Расеяй, на якой расказаў пра вынікі візыту ў Сочы і перамовы з Уладзімірам Пуціным.

Як паведамляе БелТА, «раскрылася інтрыга», што было ў чамадане, які Лукашэнка прынёс на сустрэчу з Пуціным. Аказалася, там былі «падрыхтаваныя спэцслужбамі матэрыялы пра сытуацыю вакол саюзнай дзяржавы і Кітая».

Лукашэнка стараўся пераканаць падначаленых, што новы пакет амэрыканскіх і эўрапейскіх санкцый удасца аблегчыць дзякуючы «братэрскай дапамозе» Масквы. У прыватнасьці, закрануў тэму пастаўкі вуглевадародаў на нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы на фоне абмежаваньняў з боку ЗША на супрацу з наваполацкім «Нафтанам».

«Урады вельмі сур’ёзна прапрацавалі гэтае пытаньне — як мінімум мы дамовіліся, што ніякіх пытаньняў з пастаўкамі нафты ня будзе. Так было сказана прэзыдэнтам Расеі. Як і з пастаўкамі нафтапрадуктаў на вонкавы рынак. Ім гэта выгадна. Мы можам 22 мільёны тон сыравіны перапрацаваць».

Таксама, зь яго словаў, дасягнута прынцыповая дамоўленасьць аб мінімізацыі стратаў беларускіх НПЗ ад падатковага манэўру ў Расеі з 1 студзеня 2022 году.

Тое ж тычыцца і цаны на газ — пытаньне не да канца вырашанае, але Пуцін паабяцаў «сабраць урад» і разабрацца, як дапамагчы.

Акрамя таго, Лукашэнка выказаўся пра вайсковае супрацоўніцтва з Расеяй. Не было гаворкі пра перакідваньне ў Беларусь «на пастаяннай аснове» расейскіх войскаў, аднак у выпадку «нейкай насьцярожанасьці ці актывізацыі NATO (аж да ваеннага канфлікту) цягам сутак расейскія падразьдзяленьні «будуць тут», базы, аэрадромы і іншае вызначаць.

Крэмль нібыта паабяцаў саюзьніку сучаснае ўзбраеньне, і Лукашэнка даручыў вызначыцца, што найперш неабходна Ўзброеным сілам.

Сярод іншых пытаньняў разглядалася сытуацыя зь «Белавія». Пасьля скандалу з пасадкай у Менску пасажырскага самалёта Ryanair і затрыманьня Рамана Пратасевіча і Соф'і Сапегі для авіякампаніі закрыліся эўрапейскія краіны.

«Ёсьць пэўныя праблемы, якія дадаліся ў сувязі з ковідам. Ну і дзяржаўны бюджэт недаатрымае нейкія капеек, раз ня хочуць лятаць над нашай тэрыторыяй. Але мы недаатрымаем значна менш, чым яны страцяць, аблятаючы Беларусь», — сказаў Лукашэнка.

Цяпер міністры транспарту Беларусі і Расеі вызначаюцца, у якія расейскія гарады «Белавія» хацела б лятаць. Бо галоўнае цяпер — даць працу пілётам і задзейнічаць самалёты, якія закуплялі ў лізінг.

Лукашэнка перакананы, што нацыянальны авіяперавозчык пацярпеў «ні за што». Маўляў, Захад дапусціў «найбуйнейшы ляп», зьвязаўшы кампанію з інцыдэнтам 23 траўня, бо ў «Белавія» зьнішчальнікаў няма, аргумэнтаваў ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG