Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША: Улады Беларусі давялі нашыя адносіны да гэтага пункту бязьлітаснымі рэпрэсіямі


Нэд Прайс, прэсавы сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША

Новыя абмежаваньні колькасьці дыпляматычнага і тэхнічнага пэрсаналу ў амэрыканскай амбасадзе ў Менску, уведзеныя беларускімі ўладамі, уступаюць у сілу 13 чэрвеня. Пра гэта паведаміў на брыфінгу ў Вашынгтоне прэсавы сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Нэд Прайс.

3 чэрвеня Міністэрства замежных спраў Беларусі абвясьціла пра меры ў адказ у сувязі з уступленьнем у сілу санкцыяў ЗША ў дачыненьні да некалькіх беларускіх прадпрыемстваў.

Паводле прэсавага сакратара МЗС Беларусі Анатоля Глаза, гэтыя меры ў адказ прадугледжваюць «скарачэньне дыпляматычнага і адміністрацыйна-тэхнічнага пэрсаналу амэрыканскай дыпмісіі, узмацненьне жорсткасьці візавых працэдур, абмежаваньне працы амэрыканскіх адмыслоўцаў у Беларусі, якія працуюць на часовай аснове». Адклікана таксама рашэньне аб працы ў Беларусі Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці.

Прэсавы сакратар дзярждэпартамэнту Нэд Прайс пракамэнтаваў сытуацыю наступным чынам:

«На жаль, беларускія ўлады давялі нашыя адносіны да гэтага моманту шляхам бязьлітасных і ўсё мацнейшых рэпрэсіяў супраць сваіх грамадзянаў, кульмінацыяй якіх зусім нядаўна стала, вядома ж, тое, што мы ўсе бачылі: абуральнае прымусовае зьмяненьне кірунку палёту самалёта Ryanair і арышт беларускага журналіста і яго спадарожніцы, якія былі на гэтым рэйсе».

Нэд Прайс адзначыў, што ў адказ на гэтыя дзеяньні адміністрацыя Белага дому абвясьціла аб шэрагу дзеяньняў, у тым ліку аб аднаўленьні санкцыяў супраць 9 беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў.

«Мы ведаем, што сувэрэнная, незалежная Беларусь, якая паважае дэмакратычныя памкненьні сваіх грамадзянаў, іх правы чалавека і свае міжнародныя абавязаньні, адпавядае ня толькі іх інтарэсам, але і нашым інтарэсам, — падкрэсьліў Прайс. — І мы, мякка кажучы, расчараваныя тым, што апынуліся там, дзе мы знаходзімся цяпер, але мы працягнем працаваць з нашымі саюзьнікамі і партнэрамі над прасоўваньнем нашых агульных інтарэсаў і ня толькі нашых агульных каштоўнасьцяў, але і агульначалавечых каштоўнасьцяў, якія застаюцца спадзяваньнямі — няспраўджанымі спадзяваньнямі — народу Беларусі».

Ён таксама дадаў, што сваю працу працягне і амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр. «Амбасадарка Фішэр працягне падтрымліваць дэмакратычныя памкненьні беларускага народу, і яна будзе працягваць за межамі Беларусі ўзаемадзейнічаць зь лідэрамі дэмакратычнага руху, супрацоўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, студэнтамі і іншымі чальцамі грамадзянскай супольнасьці, каб выказаць ім нашую падтрымку. Яна таксама будзе працягваць узаемадзейнічаць з нашымі саюзьнікамі і партнэрамі», — сказаў прэсавы сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG