Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, што ў жніўні здарылася з Вадзімам Дзевятоўскім, які адрокся ад Лукашэнкі


Вадзім Дзевятоўскі

Выданьне Tribuna.com высьветліла, што братоў Вадзіма і Алега Дзевятоўскіх беспадстаўна затрымалі ў жніўні ў кавярні ў цэнтры Менску і адвезьлі на Акрэсьціна, дзе працягнулі зьдзекі. Пасьля адзін з братоў-спартоўцаў парэзаў сабе вены, а другі адрокся ад Лукашэнкі.

У жніўні 2020 году тагачасны кіраўнік Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі, які раней быў вядомы падтрымкай палітыкі Лукашэнкі, на сваёй старонцы ў фэйсбуку напісаў: «Лукашэнка — ня мой прэзыдэнт!». Тады для Tribuna.com Дзевятоўскі пацьвердзіў, што гэта менавіта ягоныя словы.

Пазьней функцыянэр расказаў, што, напісаць «адрачэньне» ад Лукашэнкі яго папрасіў браў Алег.

«Мая ранейшая пазыцыя — гэта памылка. Гэта была здрада сабе. Гэта важна. На маёй старонцы — мая заява. Ня думайце, што мяне ўзламалі. Усё відавочна. Я напісаў гэта — і мне стала вельмі лёгка. Чаму вырашыў гэта напісаць? Таму што гэта праўда. Я сапраўды так думаю. Паверце, мне казаць цяпер гэта вельмі лёгка, мне стала значна лягчэй. Прабачце, у мяне ўсё», — сказаў тады Дзевятоўскі.

Вадзім Дзевятоўскі не пажадаў расказваць аб прычынах свайго ўчынку дэталёва. Аднак людзі, якія былі вельмі блізкія да яго, цяпер расказалі Tribuna.com пра некалькі эпізодаў, якія папярэднічалі той заяве.

Паводле выданьня, Вадзім Дзевятоўскі разам са сваім братам у першыя дні пасьля выбараў трапіў у непрыемную сытуацыю. Былы дэпутат з братам Алегам сядзелі ў кавярні ў цэнтры Менску. Побач з кавярняй пачаліся затрыманьні. Некаторыя людзі спрабавалі схавацца ад АМАПу ў будынках, але сілавікі забягалі туды і ўсё роўна хапалі людзей. Сярод іншых, амапаўцы жорстка затрымалі і Вадзіма з Алегам. Дзевятоўскія ў акцыі пратэсту ўдзелу не прымалі.

Разам з астатнімі братоў у аўтазаку адвезьлі ў ізалятар на Акрэсьціна. Там браты зазналі фізычны і маральны гвалт.

Празь нейкі час братоў Дзевятоўскіх адпусьцілі без складаньня пратаколаў. Аднак сытуацыя мела ледзь не трагічныя наступствы — Алег Дзевятоўскі перарэзаў вены, спрабуючы забіць сябе. Што зь ім сапраўды адбылося на Акрэсьціна, пакуль невядома. У крытычным стане старэйшы з братоў, які таксама быў спартоўцам і нават прызэрам шэрагу спаборніцтваў у водных відах, быў шпіталізаваны.

Паводле інфармацыі журналіста Дзьмітрыя Руто, якую ён пасьпеў перадаць калегам да свайго арышту на 15 сутак за чырвона-белы шалік у аўтамабілі, пра братаву спробу самагубства Вадзім Дзевятоўскі даведаўся па дарозе на працу і быў шакаваны. Неўзабаве яго шпіталізавалі ў РНПЦ псыхічнага здароўя ў Навінках у выніку нэрвовага зрыву.

Таксама журналістам стала вядома, што пасьля спробы суіцыду Алег Дзевятоўскі ледзь выжыў. Лекары яго ўратавалі, некалькі тыдняў старэйшы брат правёў у шпіталі. Малодшы ж выйшаў зь лякарні, але піша ў інтэрнэце з таго часу выключна пра спорт, а на пытаньні пра той свой допіс і цяперашнюю пазыцыю не адказвае.

Паводле актывіста Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў Андрэя Краўчанкі, Дзевятоўскі зьвязваўся зь ім і прапаноўваў сваю дапамогу падчас галадоўкі салідарнасьці з палітвязьнямі. Палітыку ў размовах яны не закраналі.

Цяпер БФЛА кіруе былы партнэр Вадзіма Дзевятоўскага ў нацыянальнай зборнай Беларусі ў дысцыпліне «кіданьне молата» Іван Ціхан, які цалкам падтрымлівае Лукашэнку. Паводле інфармацыі, якую мае прэса, Вадзім Дзевятоўскі цяпер дапамагае Ціхану некаторымі кансультацыямі. Алег Дзевятоўскі аднаўляе сваё здароўе і ўжо займаецца воднымі лыжамі, што рабіў і да жніўня 2020.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG