Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вельмі просіць, каб яму пісалі больш». Ігар Лосік за кратамі 351 дзень


Ігар Лосік

Дата пачатку працэсу па справе палітвязьня Ігара Лосіка па-ранейшаму невядомая. Напісаць прашэньне аб памілаваньні яму не прапаноўвалі.

Кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік быў затрыманы ў сябе дома ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020 году. Яго абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу. Сярод іх «Удзел у масавых беспарадках» і «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Трэці артыкул абвінавачваньня невядомы, адвакату Ігара Лосіка забаранілі яго называць.

11 чэрвеня жонка палітвязьня Дар’я Лосік адвезла мужу чарговую перадачу ў СІЗА № 3 Гомля. Яна расказала Свабодзе апошнія навіны ад мужа.

«Ігар вельмі абураецца, што зноў перасталі прыходзіць лісты, — кажа Дар’я. — Раней было шмат заўсёды лістоў, нават 20 у дзень, а зараз бываюць дні, калі зусім нічога. Нейкі блёк на лісты, ці што. Я ведаю, што людзі пішуць Ігару. Мне ў інстаграм дасылаюць фота зь лістамі для яго, а Ігар нічога не атрымлівае».

Дар’я таксама кажа, што пра пачатак працэсу па справе Ігара і іншых палітвязьняў — фігурантаў тае самае справы па-ранейшаму нічога невядома. Яна ня ведае, чым гэта можа быць выклікана. Паводле звычайных тэрмінаў ужо, як мінімум, павінны былі назваць дату пачатку працэсу. Жонка палітвязьня мяркуе, што такое зацягваньне часу можа перашкодзіць родным абвінавачаных своечасова арганізаваць свой побыт у Гомлі на час працэсу.

Прапановы напісаць прашэньне аб памілаваньні Ігар Лосік таксама не атрымліваў, кажа Дар’я Лосік.

«Не прыходзілі да яго хадакі, ні з „Чырвонага крыжа“, ні зь нейкай іншай арганізацыі, — кажа Дар’я Лосік. — Ніхто такі не прыходзіў. Ігар увогуле нічога не пісаў і не гаварыў наконт гэтага. Думаю, калі б нехта рабіў яму такую прапанову, то ён бы пачаў над ёй разважаць. Пакуль нічога такога не было».

Дар’я таксама кажа, што скаргаў на здароўе ў мужа няма. Ён выглядае бледным, але ў гомельскім СІЗА ня вельмі добрыя ўмовы для шпацыраў, вязьні няшмат часу праводзяць на сьвежым паветры. Прагулачныя дворыкі накрытыя дахам, і сонечнае сьвятло не трапляе да людзей.

Акрамя гэтага, Ігара Лосіка па-ранейшаму правяраюць кожны раз перад тым, як выпусьціць на сустрэчу з адвакатам, праглядаюць усе яго запісы. Да таго ж кожную пятніцу ў камэры палітвязьня адбываецца пільны надгляд, так званы «шмон», падчас якога «пераварочваюць усё».

«Па настроі ў Ігара нешта сярэдняе, — кажа Дар’я. — Чакае, калі ўжо пачнецца гэты так званы суд. Вельмі прасіў, каб яму пісалі больш, каб больш лістоў прыходзіла. Гэта вельмі важна. Мы спрабавалі замовіць яму кнігі з сэрвісаў паштовай дастаўкі. Але ў адміністрацыі СІЗА сказалі, што ўсе іх вернуць назад. Бо ў турэмнай бібліятэцы, маўляў, хапае сваіх кніг».

Па словах Дар’і, нядаўна яна атрымала тры лісты ад мужа. Пасьля спатканьня ў сьценах СІЗА Ігар напісаў жонцы верш, які даслаў у адным зь лістоў.

Напісаць Ігару Лосіку можна па адрасе: СІЗА-3. 246003, Гомель, вуліца Кніжная, 1А.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.

11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

Па якім артыкуле Лосіку выставілі новыя абвінавачаньні, невядома. Ягоны адвакат Дзьмітрый Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошваньні.

Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG