Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: «У мяне няма падставаў ня верыць Лукашэнку»


Уладзімі Пуцін дае інтэрвію NBC

Амэрыканскі канал NBC напярэдадні сустрэчы прэзыдэнтаў ЗША і Расеі выклаў новы фрагмэнт інтэрвію з Пуціным.

У ім, сярод іншага, кіраўнік Расеі заявіў, што не ўхваляе, але і не асуджае рашэньне Лукашэнкі пасадзіць борт Ryanair у Менску. Ён паўтарыў, што нічога ня ведаў пра гэты інцыдэнт. «У мяне няма падставаў ня верыць Лукашэнку», — сказаў ён.

Уладзімір Пуцін і Джо Байдэн сустрэнуцца 16 чэрвеня ў Жэнэве на віле La Grange. Кіраўнікі дзяржаў плянуюць абмеркаваць «стан і пэрспэктывы двухбаковых адносін, стратэгічную стабільнасьць і актуальныя пытаньні міжнароднага парадку, уключаючы ўзаемадзеяньне ў барацьбе з пандэміяй каранавірусу і ўрэгуляваньне рэгіянальных канфліктаў».

Чакаецца таксама, што кіраўнікі дзяржаваў абмяркуюць сытуацыю ў Беларусі. Пра тое, што такі намер ёсьць у Джо Байдэна, раней казала прэс-сакратарка Белага Дому Джэйн Сакі.

Аднак днямі прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў, што той не плянуе спэцыяльна ўздымаць тэму Беларусі падчас сустрэчы з Байдэнам.

У канцы траўня, перад паездкай у Сочы, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Пуцін і Байдэн падчас тэлефонных перамоваў абмеркавалі беларускую дзяржаву і кіраўніку Белага дому «давялося апраўдвацца». Пра гэта паведамляла агенцтва «БелТА».

«У гэтым пляне Пуцін вельмі прыстойна паступіў. Ён мне потым тэлефанаваў і прасіў прабачэньня, што без дазволу абмяркоўваў Беларусь. Я кажу: «Ды за гэта табе дзякуй, што ты яму так сказаў», — сказаў Лукашэнка.

Ён дадаў, што калі Байдэн хоча абмеркаваць з расейскім прэзыдэнтам Беларусь, ім абодвум варта прыехаць у Менск.

Напярэдадні сустрэчы Пуцін у інтэрвію тэлеканалу NBC заявіў, што адносіны Расеі і ЗША дасягнулі найніжэйшага ўзроўню за апошнія некалькі гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG